Горад

Жыў у адзіноце і стаў валацугам: памёр самы стары вулічны музыка Гродна

Легенда гродзенскіх вуліц Станіслаў Семінскі, вядомы як Свістун, памёр. Пра гэта распавялі чытачы Hrodna.life. Музыку было 80 гадоў. Станіслава можна было сустрэць у спякоту і мароз на Савецкай плошчы або ў падземным пераходзе. Там ён насвістваў мелодыі на лісточку, а часам і спяваў. Hrodna.life распавядае гісторыю самага вядома вулічнага музыканта ў Гродне.

Станіслаў Мікалаевіч быў адзіным у Гродне, хто так добра граў на лісці. «Граць можа любы, але выводзіць мелодыю можа не кожны. Я граю рамансы і танга», – казаў у 2017 годзе музыка пра сваё хобі.

Граць навучыў сусед

Станіслаў нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Цвіклічы каля Гродна. З дзяцінства ён пазнаёміўся з музыкай і пачаў вучыцца граць на лісці.

«Быў у нас у вёсцы стары, які ўвесь час граў на зялёных лісцях. Я папрасіў, каб ён мяне навучыў. Тэхніку я зразумеў хутка і ўжо да 10 гадоў мог зайграць некалькі мелодый. А праз нейкі час – усё што заўгодна. У маім рэпертуары шмат класікі. Нават ёсць паланез Агінскага, які вельмі любяць гродзенцы», – распавядаў у 2017 годзе Станіслаў.

Акрамя лісця ён умеў граць і на баяне. Пасля войска ён нейкі час падпрацоўваў музыкам на вяселлях, але потым абраў ігру на вуліцы. Лепшыя мелодыі атрымліваліся, паводле яго слоў, на лісточках ліпы. «У асноўным свой інструмент я збіраю, пакуль іду на кропку, дзе буду граць», – казаў Свістун.

https://www.youtube.com/watch?v=eddicluGtjE

«З дапамогай музыкі я духоўна адчуваю гармонію горада»

Спачатку Станіслаў граў толькі для сябе і сяброў, а таксама для калегаў на будоўлі, дзе доўгі час працаваў. Але пасля развалу Савецкага Саюза пачаў выходзіць на вуліцы горада. «Рассмакаваў гэтую справу, што ў будучыні стала маім сталым заняткам», – казаў у 2017 годзе музыка.

Станіслаў распавядаў, што без музыкі ён не ўяўляў свайго жыцця. «З дапамогай музыкі я духоўна адчуваю гармонію горада і прыроды. Не важна, колькі я зарабляю на сваім хобі. Галоўнае, што я ствараю і дару людзям музыку».

Хоць не ўсім у горадзе была даспадобы музыка Станіслава, міліцыя старалася музыканта не чапаць, нават калі ён быў нападпітку. За гады сваёй дзейнасці Свістун стаў славутасцю Гродна, яго запрашалі на тэлебачанне і нават, як успамінаюць, на рок-канцэрты.

Станіслаў выступаў на вуліцы ў любое надвор’е. Фота: Руслан Кулевіч

Не з’ехаў у Капенгаген

Цягам гадоў у горадзе склаліся легенды пра Свістуна. Адна з іх кажа, што Станіслаў удзельнічаў у чэмпіянатах па свісту. Але музыка казаў, што гэта ўсяго толькі выдумкі гараджан.

«Пра мяне шмат чаго прыдумляюць. Чуў, быццам я нават на машыну насвістаўся. Але насамрэч заробленых грошай хапае на ежу. Бывае, перападзе большая сума. Неяк турысты кінулі 40 еўра. Можа, за ўсе гэтыя гады, якія я граю, і назбіраў бы на машыну ці нават на кватэру. У сярэднім за дзень зараз можна зарабіць каля 10 рублёў», –
казаў у 2017 годзе Станіслаў.

У пачатку 2000-х сябар запрашаў Станіслава ў Капенгаген, прапаноўваў яму там граць і жыць добра. Але музыка не наважыўся з’ехаць з роднага горада і проста парваў запрашэнне сябра.

Вопыт ніхто не пераняў

У апошнія гады гродзенцы часта казалі, што Станіслаў пастарэў, стаў моцна выпіваць і горш граць, перастаў адказна ставіцца да свайго хобі. У 2017 годзе ў адказ на гэтыя заўвагі ён проста ўсміхаўся і казаў, што сапраўдны знаток музыкі зразумее, дзе халтура, а дзе мастацтва.

Глядзіце таксама: Многие думали, что это легенда: смотрите, как Свистун выступал на рок-концерте в Гродно (ВИДЕО)

«Я люблю сваё хобі. Колькі буду на нагах стаяць, столькі і буду граць. Што тычыцца пераемніка, то тут цяжка сказаць. Падыходзяць да мяне людзі і просяць навучыць іх, але не ўсе могуць нават проста свістаць. Няма яшчэ такога чалавека, які зможа нармальна граць. Магчыма, калі-небудзь прыйдзе ён да мяне і зможа пераняць мой досвед.
Гэта была б добрая для мяне замена», – казаў у 2017 годзе Станіслаў.

Вопыт ніхто так і не пераняў, казаў журналісту Hrodna.life ў жніўні 2020 года Станіслаў.

На выпіўку ён ніколі не прасіў грошай

У апошнія месяцы жыцця музыкант стаў бадзяцца. Ён казаў, што яго абакралі – зніклі ўсе зберажэнні і пашпарт. Без дакументаў 80-гадовы музыка не мог атрымліваць пенсію. Яго кватэра на Камарова была пастаянна адкрыта, казалі суседзі. У канцы студзеня музыка памёр.

«Гэта ў апошні год пачаліся сур’ёзныя праблемы ў Станіслава. Мы жылі з ім у адным пад’ездзе, – распавядае чытач Hrodna.life Андрэй. – Ён забываў, дзе жыве. Яму не было чаго есці. Суседзі дапамагалі як маглі – хто вопратку дасць, хто прадукты. На выпіўку ён ніколі не прасіў грошай».

Станіслаў размаўляе з міліцыяй у 2019 годзе. Фота: Hrodna.life

Чытайце таксама: «В любой другой стране мной гордились бы». На свистуна в центре Гродно вызвали милицию

Станіслава забралі ў лякарню ў сярэдзіне студзеня. Праз некалькі дзён з міліцыі патэлефанавалі суседзям і сказалі, што музыка памёр. Шукалі сваякоў, але нікога не знайшлі.

«Станіслаў усё жыццё жыў адзін. Пасля таго, як яго забралі ў шпіталь, у кватэру нехта прыходзіў. Суседзі забілі дзверы. Што будзе далей з кватэрай, ніхто не ведае, як і не ведае, дзе пахавалі Свістуна».

У апошні год свайго жыцця Станіслаў спяваў на вуліцы. “Я дурань, што не паехаў на Захад. Я б там трошкі разжыўся і даказаў бы гэтым дурням, якія мяне абгаворвалі на працягу 20 гадоў”, – казаў у 2020 годзе журналісту Hrodna.life Станіслаў. Фота: Руслан Кулевіч
Падзяліцца

Апошнія запісы

З Акрэсціна – у Forbes. Беларуска прадавала ў Чэхіі замкі, а цяпер вучыць, як стаць арыстакратам

Адлічаная студэнтка Наталля Маковік з 90-х здзівілася б, убачыўшы сябе цяпер. Яна перадала бізнэс па…

5 лютага 2026

“Клубничка” і “бабочки”. Мануал па скажэнні рэчаіснасці ад “Гродзенскай праўды”

Штомесяц абласная праўладная газета ў рубрыцы “Окошко в Европу” робіць разбор “забугорных” навін. Пад тэкстамі…

30 студзеня 2026

Арцыменя, Прасняк і «чаўнакі». Тры рэзанансныя злачынствы Гродна, якія дагэтуль не раскрытыя

Шэсць гадоў таму, 14 студзеня 2020 года, у вёсцы Чэхаўшчызна пад Гроднам застрэлілі прадпрымальніка Аляксандра…

29 студзеня 2026

Гродна перавялі на LED-свяцільнікі для эканамічнай выгады. Як гэта паўплывае на здароўе людзей і прыроду?

Вуліцы Гродна цяпер святлейшыя ноччу, а плацім мы за гэта менш - дзякуючы новаму LED-асвятленню.…

27 студзеня 2026

«Плаці, калі выкідваеш». Як беларуска сартавала смецце ў шасці краінах свету

Беларуска Марыя Ігнаценка (імя змененае) з Мінска паспела пажыць у шасці краінах свету. Усюды яна…

27 студзеня 2026

Бунт супраць продкаў Дастаеўскага. Адкуль у вёсцы пад Янавам «казацкія» могілкі?

Вёска Дастоева падарыла прозвішча роду Фёдара Дастаеўскага. Але гэтая зямля захоўвае і памяць пра трагічныя…

26 студзеня 2026