Пачаўся суд над гродзенцам, які зрабіў укол чужому дзіцяці

Абвінавачаны Сяргей Балакіраў (у клетцы) размаўляе з адвакаткай

Пачаўся суд над мужчынам, якога абвінавачваюць у тым, што ён укалоў невядомае рэчыва адной дзяўчынцы, а другой упырснуў нешта ў рот. Справу пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёну Гродна 6 лютага, піша Свабода.

Пацярпелыя дзеці не будуць прысутнічаць на судзе

Фігурант справы — 36-гадовы гродзенец Сяргей Балакіраў. Яго абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве (ч. 3. арт 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пацярпелыя — дзве дзяўчынкі 2011 і 2012 гадоў нараджэння Е. і Г. У судзе інтарэсы дзяцей прадстаўляе бацька Яраслаў Крычко.

Справу разглядае суддзя Руслан Гурын.

Сяргей Балакіраў да суду ўтрымліваўся пад вартай. Ён мае няскончаную сярэднюю спецыяльную адукацыю. Працаваў аддзелачнікам. Жанаты. Мае сына, але той знаходзіцца ў дзіцячым доме. Па стане здароўя Балакіраў не можа яго даглядаць. Невайсковаабавязаны па стане здароўя. Раней быў судзімы, судзімасць пагашаная.

Абвінавачаны падаў хадайніцтва, каб працэс быў закрыты, але суд яго адхіліў. У той жа час суд задаволіў хадайніцтва бацькі дзяўчынак, каб ім дазволілі не прыходзіць на пасяджэнні.

Якая вадкасць была ў шпрыцах — невядома

Паводле дзяржаўнага абвінавачання, здарэнне адбылося на тэхнічным паверсе пад’езда шматпавярховіка непадалёк ад цэнтру горада летась 26 ліпеня позна ўвечары, каля 22-23 гадзіны. Інструмент злачынства — два медычныя шпрыцы. Балакіраў зрабіў не менш за два ўколы ў руку адной дзяўчынцы, другой — упырснуў невядомую вадкасць у рот.

Раней экспертыза высветліла, што рэчыва было няшкоднае.

Дзяўчынкі маглі зразумець толькі вонкавы сэнс падзеі, таму не маглі супраціўляцца, адзначалася ў абвінавачванні.

На месцы здарэння знайшлі шпрыцы, недакурак са слядамі Балакірава, а таксама адбітак ягонай далоні.

Падсудны цалкам не прызнаў сябе вінаватым.

Дзяўчатак не бачыў, на допыце збілі

Сяргей Балакіраў патлумачыў, што быў у той дзень на працы ў іншым раёне гораду прыкладна да 9 гадзіны вечара. Потым пайшоў да маці павячэраць, пасля да сябе дадому. Сказаў, што мае захворванне, але цяпер у стадыі рэмісіі, шпрыцамі не карыстаецца.

З’яўленне адбітка далоні патлумачыў тым, што мог знаходзіцца там раней: пракансультаваць кліента або зрабіць разлік па аддзелачных працах.

Падсудны сказаў, што міліцыянты затрымалі яго праз дзень пасля інцыдэнту са шпрыцамі і моцна збілі на допыце: ставілі ў позу ластаўкі, білі па ступнях, пашкодзілі сківіцу. Балакіраў зняў пабоі, напісаў заяву ў пракуратуру, але міліцыянтаў не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, а ён сам «апынуўся ў турме».

Фігурант выказаў меркаванне, што адбіткі ягоных пальцаў на шпрыцах і акурку каля дому нехта даставіў.

Па ягоных словах, дзяўчаткі яго не пазналі праз некалькі дзён пасля таго, як усё здарылася.

Паклікаў дзяўчатак на дах

Бацька пацярпелых дзяўчатак Яраслаў Крычко працуе ўчастковым міліцыянтам у іншым раёне Гродна. Ён таксама расказаў у судзе, што адбывалася ў той вечар.

Ягоныя дочкі каталіся на самакаце на вуліцы ўвечары.

«Дом у цэнтры гораду, там жывуць супрацоўнікі адной арганізацыі (праектнага інстытуту. — РС)», — тлумачыць ён, чаму адпускалі дзяцей гуляць адных.

Пачаўся суд над гродзенцам, які зрабіў укол чужому дзіцяці
Дзіцячая пляцоўка, на якой гулялі дзяўчаткі

Каля 21:30 жонка чарговы раз выйшла паклікаць дзяцей дадому, але не знайшла. Тады на вуліцу выйшаў сам Яраслаў Крычко. Убачыў іх каля суседняга пад’езду. Побач на лаўцы, па словах Крычко, сядзеў Балакіраў.

Бацька паклікаў дзяцей дадому, але яны папрасіліся яшчэ пагуляць. Абвінавачаны павітаўся з ім за руку. Адна з дачок пачала ўцякаць, нібы бавілася. Абвінавачаны дагнаў малую і перадаў бацьку.

Ужо ў кватэры дзяўчаткі расказалі, што мужчына паклікаў іх, каб паказаць вечаровы горад з вышыні. Каб не было страшна, прапанаваў зрабіць ін’екцыі. Старэйшай зрабіў, малодшай упырснуў нешта ў рот. Тая адразу выплюнула. На дах выйсці не атрымалася, бо тэхнічны паверх быў зачынены. Тады спусціліся ўніз, дзе іх і знайшоў тата.

Пачаўся суд над гродзенцам, які зрабіў укол чужому дзіцяці
Дах, на які мужчына клікаў дзяўчатак

Калі на выклік прыехалі міліцыянты, то сталі казаць, што дзяўчаткі фантазуюць. Бацька разам са старэйшай дачкой сам схадзіў на месца каля дома, дзе тыя сядзелі з «дзядзем», і знайшоў там шпрыцы і недакурак.

Як расказаў Крычко, абвінавачаны таксама браў адну з дачок на рукі, кружыў, хоць яна не хацела.

«Уявіце, гэта лета, адна сукеначка і трусікі», — заўважыў ён.

Бацька расказаў, што потым суседскія дзеці расказалі яму, што бачылі гэтага ж мужчыну і раней на дзіцячых пляцоўках. Ён частаваў дзяцей жуйкамі, слодычамі, распавядаў, што мае малога сына, але той далёка. Прадстаўляўся дзядзькам Сяргеем.

Крычко звярнуў увагу на тое, што ў той вечар у абвінавачанага былі досыць доўгія валасы, ён быў без акуляраў. На судзе Балакіраў гладка паголены і ў акулярах.

Запатрабаваў 10 тысяч рублёў кампенсацыі

Крычко паведаміў, што пасля здарэння дзяўчаткі адмаўляюцца спаць без святла. Пачалі баяцца дарослых, асабліва мужчын. Не хочуць некуды выходзіць адны нават удзень. Задавалі пытанні: «Мама, ці я памру? Што такое смерць? Як мне жыць, калі я захварэю?» Да таго ж у дзяцей было сапсаванае лета, яны не паехалі ў адпачынак.

У сувязі з гэтым бацька заявіў грамадзянскі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды на суму 10 тысяч беларускіх рублёў.

Абвінавачаны цалкам не прызнаў патрабаванне кампенсацыі.

Яраслаў Крычко адзначыў, што фізічны стан дзяцей нармальны.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Пачаўся суд над гродзенцам, які зрабіў укол чужому дзіцяці

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: