Новы каранавірус SARS-CoV-2 працягвае распаўсюджвацца па планеце. Журналісты nn.by сабралі парады, што рабіць, калі ён дойдзе і да нашай краіны.

1. Санслужбы большасці еўрапейскіх краін разглядаюць прыход новага віруса як непазбежнасць

Пытанне толькі калі.

2. Сімптомы Covid-19: у чым розніца ад грыпу

Каранавірус-2019 распаўсюджваецца падобна да грыпу, і яго сімптомы падобныя да сімптомаў грыпу. Гарачка, боль у горле, слабасць, боль у галаве… Два асаблівыя сімптомы новага каранавіруса ў яго цяжкіх выпадках — гэта сухі кашаль і задышка.

3. Чаму да каранавіруса-2019 нельга ставіцца несур’ёзна?

Чаму краіны прымаюць такія рашучыя захады перасцярогі? Бо ён часта выклікае моцную пнеўманію, якая хутка развіваецца. Ад ускладненняў у выніку звычайнага грыпу памірае прыкладна 0,13% усіх хворых, смяротнасць ад каранавіруса складае на сёння (пакуль няма спецыфічных сродкаў лекавання) больш за 2%, амаль у 20 разоў больш.

4. Устрымайцеся ад паездак у гарады, дзе адбыліся ўспышкі каранавіруса

На сёння гэта Ухань у Кітаі, Тэгу ў Паўднёвай Карэі, Мілан у Італіі, Кум у Іране.

Што рабіць, калі каранавірус прыйдзе ў Беларусь. Сімптомы, перасцярогі, правілы паводзін
time.com

5. Калі вы ўжо ў горадзе, дзе распаўсюджваецца інфекцыя, то

…мінімізуйце паездкі на грамадскім транспарце, паходы на канцэрты, у царкву і так далей.

6. Ці ратуюць ад каранавіруса маскі?

Калі вы сутыкаецеся з хворымі, то абавязкова апранайце. Але на вуліцах імі карыстацца неабавязкова. Проста старайцеся часцей мыць рукі, не трыце вочы, калі вы ў транспарце, не калупайцеся ў носе пасля паціскання рукі з незнаёмым, не давайце дзецям лізаць парэнчы ў метро.

7. Ніякага псіхозу і панікі. Вірус лёгка спыняюць звычайныя каранцінныя меры

Ва ўсіх краінах звычайныя захады ізаляцыі і каранціну спынілі распаўсюд віруса. Тое самае будзе і ў нас, нават калі ён дойдзе да Беларусі.

8. Аберагайце старэйшых

Смяротнасць ад Covid-19 мінімальная ў хворых да 50 гадоў. Дзеці пераносяць каранавірус лёгка, цяжка ён працякае толькі ў людзей з паніжаныя імунітэтам, хранічнымі хваробамі. Смяротнасць у людзей ва ўзросце 70-80 гадоў — каля 8%, у старых ад 80 гадоў — каля 15 %. Гэта значыць, калі каранавірус прыйдзе, пастарайцеся аберагчы вашых бабуляў і дзядуляў. Вызваліце іх ад паходаў у краму і г.д.

9. Калі скончыцца?

А вось гэта цяжка прадказаць. Вірусолагі схільныя лічыць, што, як і грып, Covid-19 — зараза сезонная, а з надыходам веснавога цяпла знікне, але гэта не пэўна.

Акрамя таго, ужо вядома, што яго мутацыйнасць у 10 разоў вышэйшая, чым у атыповай пнеўманіі 2002-2003 гадоў. У кожным пакаленні яго генетычны код мяняе, умоўна кажучы, 1 літару з 1000. Гэта азначае, што ён можа стаць як больш небяспечным, так і менш небяспечным, як больш заразным, так і менш заразным.

Вакцына ад яго ўжо тэстуецца, і праз пару месяцаў яе можна будзе выкарыстоўваць, але ж усіх адразу не правакцынуеш, дый павышаная мутацыйнасць можа адбіцца на эфектыўнасці вакцыны.

Але, паўторымся, усё пакуль паказвае на тое, што да красавіка-траўня вірус мае спыніцца.

10. Адкуль у Еўропе цягнуцца нітачкі?

Не ўдалося знайсці таго «пацыента 0», які прывёз вірус з Кітая ў Італію, але большасць новых заражэнняў у Еўропе звязаныя з плямай у Італіі, а канкрэтней, у Ламбардыі (раён Мілан, Брэша) і Венецыі (раён Падуі — той самай, скарынаўскай). Вірус у іншыя краіны прывезлі італьянскія турысты або падарожнікі, што вярнуліся з Мілана.

Раёны распаўсюджвання заразы ізалююць на каранцін. Гатэлі, дзе выяўляюць хворых, таксама змяшчаюць на каранцін. Людзям давядзецца прасядзець там два тыдні.

Аднак краіны Еўрасаюза не лічаць патрэбным закрываць межы, бо шкода эканоміцы можа быць большай, чым шкода ад эпідэміі.

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму