Краўдфандынг на выданне альбома дызайнера з Гродна Ігара Варкулевіча стартаваў 28 мая на платформе Ulej. Альбом, прысвечаны аграстайлу ў гродзенскай архітэктуры, выйдзе да канца лета. Для перадзамвы даступныя тры опцыі цаны. Тым, хто замовіць кнігу раней, яна абыйдзецца танней.

У канцы красавіка дызайнер з Гродна Ігар Варкулевіч напісаў у фэйсбуку, што ўзоры гродзенскага агратрэшу вартыя ўласнага мастацкага альбома. Чытачы паставіліся да жарта з усёй сур’ёзнасцю. Аказалася, што праблема засілля агратрэшу «баліць» многім гродзенцам і не толькі ім.

У адказ на пытанне «дзе купіць кнігу?» дызайнер вырашыў насамрэч напісаць такі даведнік, а рэдакцыя Hrodna.life яго падтрымала. Каб не адцягваць Ігара ад працы над рукапісам, мы ўзялі на сябе арганізацыйную і інфармацыйную частку кампаніі.

Кнігу ўжо можна замовіць. Таксама можна паглядзець некалькі старонак з альбома. Тут, па аналогіі з прынцыпамі Ле Карбюзье, Варкулевіч фармулюе пяць прынцыпаў аграстайлу.

На думку аўтара, альбом-даведнік па гродзенскім агратрэшу павінен быць выдадзены ў прэміум-варыянце. Узоры падобнай архітэктуры вартыя глянцавых старонак і афсетнага друку.

Ігар Варкулевіч прысвяціў кнігу Філіпа Брунелескі, Вальтару Гропіусу, Ле Карбюзье, Захе Хадыд і ўсім іншым выдатным архітэктарам, а таксама моцным нервам фатографа Ірыны Варкулевіч.

З першых радкоў ён папярэджвае «аб магчымай небяспецы кнігі для яшчэ несфармаванага густу падлеткаў» і не рэкамендуе альбом для прагляду «нервовым чытачам і гора-архітэктарам».

Наступны раздзел кнігі будзе прысвечана гродзенскаму некрарэнесансу. Убачыць некалькі старонак з раздзела можна будзе ўжо на наступным тыдні.


«50 оттенков поросячьего». Готовится к изданию книга об агростайл-архитектуре Гродно


Рэдактарка спецпраектаў, рэпарцёрка, фатографка і відэографка. У журналістыцы з 2015 года. Удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі рэбрэндынгу выдання «Твой стыль» і стварэнні «Hrodna.life». Паводле адукацыі Ірына інжынер-механік, таму не цураецца тэхнічна-складаных фарматаў.

Найчасцей піша сацыяльныя рэпартажы. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты для ўсіх, хто не паспеў схавацца.

Матэрыялы Ірыны Новік былі адзначаны дыпломамі многіх конкурсаў.