«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна

Амерыканскі пенсіянер турэцкага паходжання Ількер Коджахан вырашыў прамяняць Нью-Ёрк на Гродна. Менавіта тут адчувае сябе шчаслівым і хоча ажаніцца. Пра жанчын, дарэмную мару жыць у Нью-Ёрку і баскетбольныя пляцоўкі ён распавёў “Радыё Свабода”.

Зарабляў 110 тысяч долараў на год

Ількеру Коджахану (Ilker Kocahan) 63 гады. Паходзіць з Турэччыны. Апошнія 17 гадоў жыў у Нью-Ёрку. Працаваў архітэктарам. Страціў жонку пасля цяжкай хваробы тры гады таму. Мае дзвюх дарослых дачок. Сёлета ў лютым афіцыйна выходзіць на пенсію і збіраецца пераехаць у Беларусь. Вяртацца ў Турэччыну ня хоча.

«У Турэччыне цяпер вельмі небяспечна, хоць турысты могуць гэтага і не адчуць. Жанчына ня мае шмат правоў. Я адчуваю сябе ў Турэччыне, як 20 гадоў таму, нават яшчэ горш. Кожны мае зброю», – кажа Ількер.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
Ількер паказвае фота дачок Эзгі і Эгі на тэлефоне

Ягоная старэйшая дачка выйшла замуж і вярнулася ў Стамбул, працуе дызайнеркай інтэр’ераў, малодшая – настаўніцай у Нью-Ёрку.

Ількер знайшоў у ЗША працу архітэктара праз два месяцы пасля пераезду. Атрымліваў досыць высокі заробак – 110 тысяч долараў за год. Аднак пэнсія будзе значна ніжэйшая, каля 2 тысяч долараў на месяц – 1,5 тысячы ад ЗША, 500 долараў ад Турэччыны.

Мужчына пачаў шукаць больш камфортную краіну для сваіх магчымасцяў.

«У Лондане дорага. У Санкт-Пецярбургу, дзе ёсць сябры, вельмі холадна; ва Украіне крызіс», – адкідаў ён варыянты адзін за другім.

У ЗША эскізы каштавалі да 1,5 тысячы долараў, у Беларусі менш

Прывабнымі для яго засталіся Латвія, Польшча і Беларусь. Ількер напісаў паведамленні сябрам з пытаннем, хто што ведае пра магчымасці ў гэтай частцы свету.

Праз сяброў адгукнулася Марына з Беларусі, запрасіла прыехаць. Пазнаёміла Ількера з мясцовымі мастакамі, звадзіла яго ў галерэі. Урэшце Ількеру прапанавалі працаваць у выставачнай залі.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
Ількер цэлы дзень працуе ў кавярні

«Усе да мяне добра ставіліся. Я вельмі шчаслівы тут. Мне прапанавалі працу за прыкладна 300 долараў», – кажа Ількер.

Цяпер ён рыхтуе сваю першую ў Беларусі выставу. Цэлымі днямі сядзіць у гарадской кавярні і малюе акварэльныя эскізы. На аркушах паперы – замалёўкі Нью-Ёрку, Вашынгтону, Італіі, Францыі.

Адна ягоная праца ў Амерыцы каштуе 700-1500 долараў. Але для беларусаў мастак плануе зрабіць зніжку і прадаваць свае замалёўкі па 150-200 долараў.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
Ягоныя работы каштуюць да 1500 долараў у Амерыцы

«Амерыка – няўтульная краіна»

Ількер мае добрае ўражанне ад беларусаў. Апісвае як адукаваных, прыгожых людзей, якія ставяцца да іншых з пашанай. Паводле ягоных назіранняў, тут больш людзей разумеюць і цэняць мастацтва, чым у Амерыцы.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
Амерыканец мяркуе, што ў Амерыцы жыць няўтульна

«Людзі мараць паехаць у Нью-Ёрк, але Амерыка – няўтульная краіна. Яна «забівае« людзей. Людзі з адукацыяй доктара ідуць працаваць афіцыянтамі, гувернанткамі. Працуюць вельмі цяжка. Атачэнне непрыязнае. Многія губляюць галаву», – заўважае Ількер.

Ён часцей у Амерыцы сутыкаўся з канкурэнцыяй, зайздрасцю, таму прыемна здзівіўся, калі яго прыязна прынялі ў Беларусі. На ягоную думку, пасля 40 гадоў у Амерыцы цяжка прыстасавацца. Калі пераязджаць, то маладым.

За фіктыўны шлюб амерыканцу прапаноўвалі 50 тысяч долараў

У Горадні Ількер пазнаёміўся зь яшчэ адной Марынай. Ёй 48 гадоў, працуе ў мэдычнай сфэры. Пачалі сустракацца. Ількер хацеў бы ў будучыні ажаніцца зь ёй, але ня ведае, ці яна захоча. Мужчына кажа, што спачатку Марына лічыла яго старым, бо ў іх розьніца 15 гадоў. А цяпер ужо шмат разоў пашкадавала пра тое.

«Я ўбачыў, наколькі мужчына можа зрабіць жанчыну шчасьлівай. Я люблю беларускіх жанчын», – падсумоўвае ён.

Сцвярджае, што беларускі прыгожыя, а на прыгажосць, паводле сваёй працы, ён звяртае ўвагу ў першую чаргу.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
«Я не курэц, ня хлус, вельмі чысты. Вельмі добры тата»

«Я не курэц, ня хлус, вельмі чысты. Я вельмі добры тата, спакойны, даю дочкам карыстацца банкаўскай карткай», – адзначае ён уласныя плюсы.

З будучай жонкай Ількер хоча ажаніцца ў Амерыцы, каб яна магла атрымаць грын-кард і мела магчымасць свабодна туды прыязджаць.

«Беларускія жанчыны, выйшаўшы замуж за амерыканскага грамадзяніна, хочуць жыць у Амерыцы. А я хачу жыць тут. Я люблю Гродна. У гэтым вялікі канфлікт», – кажа ён.

Прызнаецца, што яму неаднаразова прапаноўвалі фіктыўны шлюб дзеля таго, каб пераехаць у Амерыку.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
За фіктыўны шлюб Ількеру прапаноўвалі 50 тысяч долараў

«Жанчыны мне прапаноўвалі 50 тысяч долараў гатоўкай. Я ніколі ня бачыў такіх грошай у кішэні. Калі б я любіў грошы, то пагадзіўся б. Але я не магу без кахання», – кажа ён.

Паводле яго, амерыканскія жанчыны больш за ўсё любяць грошы.

«Ім трэба грошы, грошы, грошы. Калі жанчына ўбачыць больш моцнага мужчыну, які больш зарабляе, яна можа кінуць свайго папярэдняга і пайсці да другога», – расчаравана кажа ён.

У крамах цяжка знайсці ялавічыну, а на вуліцах – сустрэць інвалідаў

Ількер пералічвае шэраг адрозненняў краін, дзе ён жыў.

Не ўсё з таго, да чаго ён прывык, можа набыць у гродзенскай краме.

«Ты знойдзеш толькі маленькія мандарыны і бананы. У Турэччыне ты можаш купіць дыню, клубніцы, іншую садавіну ў любы час».

Да таго ж мужчына не ўжывае свініны, а знайсці ялавічыну або іншае дазволенае мусульманам мяса ў Беларусі аказалася для яго складана.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
Ількер часта малюе, каб нешта патлумачыць

Ён заўважае, што ў Амерыцы шмат людзей з ментальнымі або фізічнымі асаблівасцямі на вуліцах. У Беларусі іх не відаць «Пэўна, яны сядзяць дома», – дапускае Ількер.

Тут яму больш бяспечна, бо нават пешаходы на чырвонае святло стаяць і чакаюць, што для турыста незвычайна. Заўважае, што ў Нью-Ёрку ёсць паркі, дзе можна гуляць, а ёсць раёны, куды лепей не заходзіць, бо там могуць напасці.

«У Беларусі я лічуся старым»

Пенсіянер здзіўляецца, як людзі выжываюць на 100-150 долараў пенсіі. Кажа, што сам бы ня здолеў існаваць на такую суму.

«Я ўвесь час наведваю кавярні, рэстарацыі са сваёй жанчынай. Я не хачу ашчаджаць грошы. Жыццё такое кароткае, але прыгожае».

Ён з сумам назірае, што пажылых людзей там не відаць. Мяркуе, што прычына – нізкія заробкі.

«Адна кава каштуе 3 рублі. Гэта вельмі дорага пры такіх заробках».

Ількер з усмешкай кажа, што па беларускіх мерках ён ужо стары ў свае 63. У Турэччыне – нават вельмі стары, а ў ЗША – чалавек сярэдняга ўзросту.

Ён любіць гуляць у баскетбол. У Турэччыне гуляў, калі яму было 30 гадоў. У ЗША прыйшоў на пляцоўку ў 55 гадоў і лічыўся там «дзіцем». Бо існуюць адмысловыя групы для людзей 50-80 гадоў. У Гродна адкрытых баскетбольных пляцовак Ількер пакуль ня бачыў.

Падобнае атрымалася і з начнымі клубамі.

«Я схадзіў у клуб, а там моладзь 20–25 гадоў. Людзі майго ўзросту ў Беларусі туды ня ходзяць», – здзіўляецца ён.

«Пытаюцца, навошта я зноў прыехаў»

Пакуль Ількер жыве ў Гродне па турыстычнай візе. Праз месяц ейны тэрмін заканчваецца, і мужчына будзе вымушаны з’ехаць. Але хоча вярнуцца сюды на сталае жыццё.

У планах адкрыць у Горадні свой навучальны цэнтр і рыхтаваць архітэктараў і мастакоў.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
Мужчына можа вучыць мастацтву і архітэктуры

Мову таксама яшчэ належыць вывучыць. Ількер прызнаецца, што беларуская для яго пакуль занадта цяжкая. Па-расейску ведае 40-50 словаў. Сваю каханую вучыць ангельскай мове з дапамогай малюнкаў.

На думку амерыканца, Беларусь ня вельмі адкрытая краіна. Кожны трыццаты дзень ён мусіць выязджаць з краіны, набываць страхоўку і зноў вяртацца. Кажа, што ў Амерыцы чалавек можа знаходзіцца 6 месяцаў, і паліцыя ня будзе яго турбаваць.

«У Амерыцы многія губляюць галаву». Чаму пенсіянер з Нью-Ёрку хоча пераехаць у Гродна
Мужчына лічыць сябе грамадзянінам свету

У Беларусі міліцыянты неаднаразова да яго прыходзілі і пыталіся пра мэту візіту.

«Пытаюцца: «Навошта ты зноў прыехаў?« Чаму вы пытаецеся ў мяне, калі вы мне далі бясплатную візу на 90 дзён? У мяне тут жанчына. Запытайцеся ў мяне, калі міне 90 дзён», – абураецца Ількер.

Ён лічыць сябе грамадзянінам свету, касмапалітам.

«Свет для цябе, для мяне, для ўсіх. Амерыка, Аўстралія, Бразілія, Канада – мае краіны, хоць я там не нарадзіўся. Цi гэта нармальна, што беларус пытаецца ў мяне, турка, чаму я тут?».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: