Людзі і справы

«Не забаўка і не дзіця». Як выхаваць сабаку-кампаньёна на карысць сабе і людзям

Шэры і яе гаспадыня Святлана Кастэнка сустрэлі адна адну не інакш, як пад шчаслівай зоркай. Абедзьвюм была патрэбна сяброўская падтрымка. Святлана аднаўлялася пасля складанай аперацыі, а безымяннае шчаня чакала рашэння свайго лёсу. Сустрэча выратавала абедзьвюх, а зараз яны працягваюць ратаваць іншых. Пра тое, што насамрэч патрэбна сабаку, як яго не расчараваць і самому не расчаравацца ў гадаванцы, Святлана распавяла Hrodna.life.

Радавод ні пры чым. Галоўнае — выхаванне

«Сабаку я брала свядома. Перад тым прачытала шмат літаратуры па выхаванні. І да гэтай пары таксама шмат чытаю і вучуся разам з Шэры», — расказвае Святлана Кастэнка. Знайшлі шчаня па аб’яве. Гаспадары прасілі забраць непатрэбнае малое хаця б бясплатна. Гаспадарская сабака, маці Шэры, была аўчаркай. Пра бацьку казалі, што «служыць на мяжы». «Але я думаю, звычайны падзаборны падлец быў яе бацька», — жартуе Святлана з меркаванага радаводу Шэры.

Шчаня было худое, бруднае, недагледжанае і вельмі запалоханае. На вуліцы імкнулася ўцячы, як толькі бачыла хоць якога сабаку, а пачуўшы гучны голас, проста сікалася ад страху. Святлана зацікавілася псіхалогіяй сабак, спосабамі іх адаптацыі і сацыялізацыі.

«Сабака не даваў да сябе дакрануцца. Каб сышоў страх, больш месяца штодня рабіла масаж — ад пазногцяў да хваста, каб яна прызвычаілася да дотыкаў, расслабілася і не баялася людзей. На вуліцы прасіла ўладальнікаў сабак, каб дазволілі нам з Шэры ісці за імі следам, каб прывыкала патрохі».

Сяброўка дзецям і мама кацянятам

Паступова са знерваванага шчаняці Шэры стала ўпэўненай у сабе і вельмі сяброўскай. «Дома зараз жывуць яшчэ два каты. У госці часта прыходзяць трое ўнукаў, таксама мы ходзім на заняткі да дзяцей з інваліднасцю. Гуляць з Шэры ўсе любяць. Яна нікога не крыўдзіць».

Больш за тое, аднаго з хатніх катоў Шэры літаральна выкарміла ўласным малаком. Падабранае на вуліцы кацяня важыла 150 грамаў і хварэла больш месяца. Шэры даглядала малога разам са Святланай. «Шэры так за кацянём завіхалася, што урэшце ў яе з’явілася малако і яна малое выкарміла. Потым яшчэ аднаго такога ж падкідыша суседзі прынеслі. Так Шэры стала мамай для дваіх кацянят, хаця сама ні разу не нараджала».

«Адной любові будзе мала»

Сакрэт паспяховага выхавання сабакі, паводле Святланы Кастэнка, у тым, каб увесь час заставацца цікавай асобай для сабакі і даваць шанец гадаванцу праяўляць сябе.

«Канечне, сабаку трэба любіць. Але гэтага недастаткова. Апроч любові, трэба даць гадаванцу працу. Для Шэры праца — пошук. Больш за год, як мы сталі валанцёрамі ратавальнага кіналагічнага атрада Чырвонага Крыжа».

[irp posts="13 990″ name="Сабакі, якія ратуюць людзей. Як працуе ў Гродне валанцёрскі кіналагічны атрад"]

А калі працы няма, то трэба забяспечыць гадаванцу добрую нагрузку, лічыць Святлана. «Трэба больш гуляць. Не так, што 10 хвілін — і дахаты. Мы з Шэры каля пяці кіламетраў за раз праходзім, мяняем маршруты, гульні, заданні. Трэба, каб сабаку было цікава з гаспадаром, каб не хацелася ўцякаць. І канечне, трэба заўважаць усе поспехі і хваліць за іх».

Падчас шпацыру мы мелі шанец у тым пераканацца. Шэры ніколі не кінецца за катом ці вавёркай, пакуль не «ўзгодніць» дзеянні з гаспадыняй.

«Бачыш — там дзве коткі сядзяць? Шэры іх знайшла і чакае маёй рэакцыі. Трэба пахваліць, даць смакотку і скіраваць далей. Знайшла — маладзец. А вось ганяць — не наша справа», — тлумачыць Святлана тонкасці «размоваў» з сабакам.

Падчас шпацыру можна хавацца за дрэвы, каб сабака мог пашукаць гаспадара. Дома — пагуляць. «Хаця б у „напарсткі“. Пад адзін з трох непразрыстых кубачкаў пакласці кавалак корму і папрасіць сабаку знайсці», — гульні заўжды цікавыя і развіваюць інтэлект.

Што да паводзінаў, то іх таксама трэба вывучаць. «Часта праблемай робіцца, што сабака скавыча ў кватэры, калі гаспадары сыходзяць на работу. Гэта ад суму і адзіноты ён кліча стаю».

На такія выпадкі можна зрабіць для сабакі простыя забаўкі. Напрыклад, у пустую пластыкавую бутэльку з адтулінамі пакласць трохі сухога корму. Сабаку будзе чым заняцца — паганяць і пакруціць «пагрымушку», каб дастаць корм. Гульняў і развівальных забаваў можна знайсці шмат, мяркуе Святлана. І кожны ўдумлівы гаспадар можа стаць і сябрам свайму сабаку, і яго персанальным псіхолагам.

«Некаторыя бяруць сабаку, як забаўку, некаторыя ставяцца да яго, як да дзіцяці. Але сабака — не цацка і не гульня. Гэта памочнік і кампаньён, з якім разам жывеш і працуеш».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024