Да ўсіх 83 непаўналетніх, якія адбываюць пакаранне паводле 328 артыкула аб распаўсюдзе наркотыкаў, будзе прыменена амністыя. Пра гэта заявіў журналістам палкоўнік міліцыі Генадзь Казакевіч, начальнік галоўнай управы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Колькі з 83 падлеткаў ужо сёлета выйдзе на волю, а якой частцы тэрмін пакарання будзе скарочаны на 2 гады, міліцыянт не паведаміў. Паводле Генадзя Казакевіча, амністыю прыменяць да 1600 вязняў, асуджаных па 328 антынаркатычным артыкуле.

«Ужываюць інструкцыі спецслужбаў з 30-х гадоў»

Генадзь Казакевіч прызнаў, што сёлета за першыя 9 месяцаў году падлеткі здзейснілі ўдвая больш злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, чым у адпаведны перыяд мінулага году. Прычын гэтаму некалькі, мяркуе палкоўнік Казакевіч. Большасць гэтых падлеткаў былі ўцягнутыя ў распаўсюд наркотыкаў праз інтэрнэт, чвэрць такіх злачынстваў учынена ў складзе арганізаваных груп, паведаміў міліцыянт. Пры гэтым Генадзь Казакевіч не пагадзіўся з тлумачэннем, што маладыя людзі ў асноўным становяцца ахвярамі сваёй неінфармаванасці.

«Гэта няпраўда, што яны не разумеюць, куды іх запрашаюць, калі бачаць аб’явы пра добрую працу кур’ерам. У 90% выпадкаў падлеткі добра ўсведамляюць, што гэта праца „мінёра“ і гэта злачынства», — мяркуе палкоўнік Казакевіч.

Паводле міліцыянта, працадаўцы маладых наркадылераў не хаваюць ад іх, што прапануюць ім злачынны бізнес, але пры гэтым абяцаюць навучыць, як хавацца і пазбегнуць адказнасці.

«Нават ужываюць інструкцыі спецслужбаў 30-х гадоў», — заўважыў палкоўнік міліцыі.

Новы фактар, паводле Казакевіча, — тое, што частка моладзі ставіцца да распаўсюду наркотыкаў «як да бізнесу», і таму звычайныя прафілактычныя захады на іх не дзейнічаюць.

«Ёсць падлеткі, якія асэнсавана пайшлі на гэтае злачынства, для іх галоўнае — карыслівы матыў, атрыманне прыбытку. Мы канстатуем, што для гэтай катэгорыі моладзі звычайныя прафілактычныя захады не дзейнічаюць. Цяпер мала павесіць інфармацыю пра адказнасць у школе ці пагаварыць на гэтую тэму на бацькоўскім сходзе. Словы павінны дайсці, быць зразумелымі», — заўважыў Генадзь Казакевіч.

Міліцыянт прапанаваў працаваць сумесна з актывістамі грамадскіх арганізацый, у тым ліку з тымі, якія выступаюць за іншыя падыходы ў вырашэнні праблемы наркотыкаў, як рух «Маці 328».

Раней на кантакт з актывісткамі гэтай арганізацыі ў МУС ішлі неахвотна. Старшыня руху «Маці-328» Ларыса Жыгар вітала прапанову больш шчыльнага супрацоўніцтва з праваахоўнікамі. Але на інфармацыю пра ўжыванне амністыі да ўсіх непаўналетніх вязняў-328 Ларыса Жыгар глядзіць скептычна.


Старшыня “Матчын рух 328” ідзе ў дэпутаты


«Што 100% амністыя ў іх будзе, не веру, бо сярод падлеткаў ёсць і 4 частка 328 артыкула, з якой справы аб амністыі адразу адкладаюць убок. Мы галадоўку праводзілі, каб гэтую 4 частку знялі зусім, бо там вельмі няпэўныя крытэры, шмат спраў прыцягнутыя да гэтай часткі штучна, бяздоказна, але нічога пакуль не ўдаецца.

Да таго ж некаторыя непаўналетнія вязні-328 маюць спагнанні за парушэнні парадку ў калоніі, што пазбаўляе іх шанцаў на амністыю. „Маці-328“ скардзіліся на такую практыку ў прадстаўніцтва ААН у Беларусі, але станоўчага выніку гэта не дало.

Што да амністыі да дарослых вязняў-328, дык яна, па маіх звестках, ідзе пакуль вельмі марудна. Да тых, каго асудзілі за час пасля амністыі па 328 артыкуле, тым 2 гады здымаюць, але не ведаю яшчэ ніводнага факту, каб каго вызвалілі з калоніі», — пракаментавала сітуацыю Ларыса Жыгар з руху «Маці-328».

«Мы закрылі 400 сайтаў»

Чаму, прыкладаючы вялікія намаганні, не ўдаецца аператыўна закрываць сайты, якія прапануюць працу па распаўсюджванні наркотыкаў і псіхатропаў? Паводле палкоўніка Генадзя Казакевіча, Міністэрства ўнутраных спраў накіравала ў Мінінфармацыі 399 паведамленняў аб абмежаванні доступу да сайтаў, на якіх была змешчана незаконная інфармацыя пра наркотыкі.

«Гэтыя захады дзейнічаюць, але цяпер час інтэрнэту», — сказаў Генадзь Казакевіч і адзначыў, што закрываць інтэрнэт, як у Паўночнай Карэі, немагчыма.


15 000 асуджаных. Як змяніць артыкул 328, абмеркавалі юрысты і маці пакараных


Паводле Генадзя Казакевіча, з 2014 году ў паўтара раза скарацілася колькасць нарказлачынстваў, атручэнняў псіхатропамі стала ў 4 разы меней, у 1,7 раза меней зафіксавана перадазовак са смяротным вынікам. Пры гэтым наркапагроза не стала меншай: у параўнанні з тым жа 2014 годам наркотыкаў і псіхатропаў вымаюць удвая больш, прызнаў міліцыянт.

На двух былых супрацоўнікаў наркакантролю завялі справы

Пераважная большасць наркотыкаў на рынку краіны — прывазны тавар. Наркотыкі вязуць з Расіі, Кітаю, Еўропы, Афрыкі. Ці даходзяць у праваахоўнікаў рукі не толькі да дробных гандляроў і закладчыкаў наркотыкаў, але і да буйных наркадылераў, якія дзейнічаюць у звязцы з замежнымі злачынцамі?

Начальнік управы наркакантролю МУС Генадзь Казакевіч паведаміў, што сёлета было выяўлена і перакрыта 20 каналаў паставак наркотыкаў з-за мяжы. У судах прайшлі і ідуць цяпер гучныя працэсы, на лаве падсудных апынуліся дзясяткі абвінавачаных у арганізацыі распаўсюду наркотыкаў. У якасці прыкладу палкоўнік Казакевіч прывёў працэс над 37 наркадылерамі, які нядаўна завяршыўся ў Мінскім гарадскім судзе, а праходзіў на «Валадарцы».

Сярод асуджаных за распаўсюд наркотыкаў аказаўся і былы прапаршчык міліцыі.

«Важна не тое, што ён міліцыянт, а тое, што мы гэтага не хаваем і адказнасці ён не пазбег», — сказаў Генадзь Казакевіч і паведаміў журналістам пра завядзенне крымінальных спраў на двух былых супрацоўнікаў управы наркакантролю.

Падчас прэсавай канферэнцыі, якая прайшла 16 кастрычніка ў Міністэрстве ўнутраных спраў, аб выкананні дзяржаўнай праграмы па супрацьдзеянні наркотыкам распавялі таксама прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі, а таксама працы і сацыяльнай абароны.