Мяне клічуць Надзея Вішнеўская, у Hrodna. life я працую рэдактаркай стужкі навін і журналісткай. Таксама я рэдагавала абедзве кнігі Руслана Кулевіча, сёлетнюю кнігу «Гарадзенкі», вычытвала нашу новую гульню «Рулетка часу». Зараз я прашу ў вас дапамогі.
За пачаткам пандэміі прыйшла перадвыбарчая кампанія, пасля — выбары, і вось ужо роўна тры месяцы мы жывем у рэвалюцыі. Чым больш насычаным рабілася жыццё, тым больш было працы для мяне і маіх калегаў. Зараз жа тэмы і навіны, якія прымушалі стрэсаваць да 9 жніўня, здаюцца драбязой. Тады цяжка было паверыць, што ў краіне адключаць сеціва, што будуць выбухі, ноч сазвонаў паміж гарадамі і фантастычная еднасць думак незнаёмых людзей у транспарце. Ніяк нельга было прадбачыць маштабы пратэстаў і гвалту. Тады здавалася, усё ненадоўга.
Як падтрымаць рэдакцыю Hrodna. life?
Каб рэдакцыя магла ўтрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай.
Цяжка прызнаць, што вышэй галавы не скокнеш
Калі затрымалі Руслана Кулевіча, я падумала, што будзем працаваць, пакуль у нас не скончацца журналісты. Папрацаваўшы першыя тыдні на мяжы сілаў, пачала спаць досыць, за што дагэтуль сорамна. Праўда, часу і хапала толькі на працу і сон. Да звычайнага рытму працы і жыцця не ўдалося вярнуцца дасюль, і вельмі няёмка знаходзіць час на сябе. Здавалася, што калі не працую — адседжваюся ў тылу. Толькі псіхолаг не стамляецца нагадваць, што кожны мае ўласныя абмежаванні, прасцей кажучы — вышэй за галаву не скокнеш. Прыняць гэта цяжка, і ўсё хочацца знайсці той чароўны батут.
Недзе ўнутры мне падаецца, што сапраўдныя журналісты не маюць права на страх і стому. Але я іх адчуваю. Мы звычайныя людзі, але на гэтым маршруце няма прыпынкаў. Мы стаміліся, і нам таксама страшна. Розуму цяжка прыняць, што за выкананне штодзённай працы — як штодзень працуюць дворнікі, стаматолагі - нам пагражае затрыманне, штрафы, абразы. Штонядзелю чытаю спісы «Вясны». Не прадкажаш, каго і калі з сяброў наступным «забяруць» («толькі б не на суткі, толькі б не білі») ці знянацку паклічуць у Следчы камітэт. Даводзіцца жыць у гэтай новай непрымальнай рэальнасці.
Марыла пра адпачынак, а атрымала COVID
Блізу месяца таму да рэвалюцыі далучылася другая хваля каранавіруса. З ім гэтак жа: страшна, небяспечна, але ва ўмовах яго ігнаравання, якія склаліся ў нас, ён амаль непазбежны. І мы не можам адсядзецца, не браць інтэрвью, не хадзіць у месцы збору людзей, бо людзі - наша праца. Мы не можам зачыніцца на каранцін.
Пра адпачынак я марыла з вясны. З калегай прыкідвалі, як будзем падмяняць адна адну, вось толькі выбары перажывём. Выбары перажылі, перажылі першыя пякельныя тыдні, і наступныя. Замест адпачынку я захварэла на COVID-19. Праца не спынілася — падмяняюць калегі.
Для каго мы працуем
У лістападзе — два гады, як я пачала працаваць у журналістыцы. Прыблізна праз год змагла называць сябе журналісткаю, прадстаўляючыся людзям. Але многія чыноўнікі, прэс-сакратары ведамстваў і сілавікі лічаць, што мы не журналісты. Для іх гэты статус набываецца не прафесіяналізмам, а «бласлаўленнем» ад Міністэрства інфармацыі, тым самым, якое неабавязковае, і атрымаць якое цэлы квэст. Але і ў пандэмію без права на праўдзівыя звесткі і статыстыку, і ў рэвалюцыю без права асвятляць падзеі мы працуем не для іх — мы працуем для чытачоў. Гэтак было заўжды, гэтак і цяпер, нягледзячы ні на што.
У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.
Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай.
З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.
Чытайце таксама:
- «Не дзеля грошай, а для супольнасці». Менеджарка Hrodna. life пра тое, як не даць замаўчаць незалежнаму медыя
- «Няёмка, калі нас называюць героямі». Рэпарцёр Hrodna. life аб тым, адкуль яна бярэ сілы
- Чаго мы не можам. Галоўны рэдактар пра тое, што зрабіць, каб незалежныя медыі не замаўчалі
- «Забастовка» на Hrodna.life. Как протестуют журналисты и как поддержать независимое медиа
- «Я быў пазначаным». Руслан Кулевіч распавёў ўсё пра затрыманне, суд і цкаванне пасля «сутак»