Памежнае мястэчка Свіслач на Гродзеншчыне – адзінае месца ў Беларусі, дзе стаіць помнік Кастусю Каліноўскаму. Тут іх нават тры, а Ленін – усяго адзін. Як жыве сёння радзіма кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў – у рэпартажы ад svaboda.org.

У канцы сакавіка літоўскія археолагі расказалі падрабязнасці пра пахаванне Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў на гары Гедзіміна ў Вільні. Журналісты Свабоды з’ездзілі ў горад Свіслач, дзе будучы рэвалюцыянер пражыў траціну жыцця, каб даведацца, ці памятаюць мясцовыя жыхары пра славутага земляка і ці хацелі б перавезці ягоныя парэшткі ў Беларусь.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
У Свіслачы з помнікамі ўсё па-іншаму

Сцісла:

  • Свіслач – адзінае беларускае мястэчка, дзе ёсць помнік Кастусю Каліноўскаму.
  • У Свіслачы пра Каліноўскага нагадваюць таксама былая гімназія, куды хадзіў Кастусь, вуліца ягонага імя, два бюсты ў музеі, помнік ягонаму паплечніку Рамуальду Траўгуту, пахаванне брата, Віктара Каліноўскага.
  • Большасць сустрэтых мясцовых жыхароў ведае постаць Каліноўскага і ганарыцца ім. Кепска пра яго не казаў ніхто
  • Некаторыя са школы памятаюць яго выключна як пісьменьніка, аўтара забытых твораў.
  • Большасць суразмоўцаў не супраць перапахавання парэштак Каліноўскага ў Свіслачы. Жыхары мястэчка мяркуюць, што ягоная магіла магла б быць месцам наведвання турыстаў, а імя – стаць брэндам Беларусі.

«Думаю, не атрымалася ў яго»

Мястэчка на самай мяжы з Польшчай, як і мноства іншых беларускіх мястэчак, сустракае рассыпанымі на ўзвышшы могілкамі і шэрагам абцятых дрэваў без галінаў. Двое маладых мужчын увіхаюцца ля свежага надмагілля, відаць, сваякоў.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
«Свіслач — самае спакойнае мястэчка, якое я сустракаў»

«Каліноўскага ведаем са школы, не забылі. Асветнік наш, змагар быў за незалежнасць, за свабоду. Думаю, не атрымалася ў яго», – падсумоўвае адзін з іх, Алег, які стараецца гаварыць па-беларуску.

За пару хвілін гутаркі ён прайшоў шлях ад пазіцыі «не чапайце косткі, няхай застаюцца ў Вільні» да «гатовы падпісаць зварот аб перапахаванні ў Свіслачы». Урэшце мужчына прыйшоў да высновы: «Хай вырашаюць людзі і ўлады, але трэба пахаваць на радзіме». Пытанне, дзе ж радзіма Каліноўскага, у якім не могуць знайсці адзінства навукоўцы, у жыхара Свіслачы не выклікае дыскамфорту. Бо радзіма Каліноўскага, на ягоную думку, «недзе тут».

«Хто тут быў у тыя часы: палякі, беларусы, рускія? Вы пагляньце – тут [на могілках] частка помнікаў падпісаная па-польску. А мы ж беларусы. У нас ёсць свая мова. Я разумею, каталіцкая вера, але пры чым тут мова? Хто Каліноўскі – паляк, беларус, літовец?», – задае пытанні без адказу Алег.

Спрачацца далей на гэтую тэму ён не мае намеру і, выглядае, прыме любы варыянт.

«Як пахаваюць тут – няхай тут, бо [Каліноўскі] змагаўся тут, жыў. Пахаваюць у Вільні – хай будзе ў Вільні. Гэта недалёка. Каму трэба, той з’ездзіць, паглядзіць, памоліцца на ягонай магіле», – кажа суразмоўца.

Шукаць сляды славутага земляка ён накіроўвае ў цэнтр гораду.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Цэнтр Свіслачы

«Каліноўскіх тут лічылі палякамі»

Па дарозе ў цэнтар заяжджаем на запраўку.

«Я з ім не выпіваў, але ведаю, што ён добры чалавек быў», – кажа пра Каліноўскага адзін з кліентаў.

«Быў рэвалюцыянер, лічыцца. Фігура была ў той час. Паўстанне падняў супраць самаўладдзя. Каліноўскіх тут лічылі палякамі і пахавалі з польскім надпісам. А то – беларус, беларус… Вядома, ён палякам быў. У Польшчы, за мяжой нарадзіўся (Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павету, цяпер гэта тэрыторыя Польшчы. – РС)», – уключаецца ў гутарку другі кіроўца, Павал.

Ён лічыць, што варушыць косткі – вялікі грэх.

«Няхай спачывае там, дзе яго пахавалі», – кажа мужчына.

Суразмоўцы шкадуюць, што няма ўжо тых старэйшых людзей, якія маглі б болей расказаць пра іхнага земляка.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Многія з’яжджаюць з мястэчка на заробкі ў Расію або Польшчу

«Мой тата-гісторык шмат бы расказаў, але яго ўжо няма ў жывых», – далучаецца касірка Рыма.

Яна ўспамінае, як бацька хадзіў аддаваць пашану да помніка Каліноўскаму на ягоны дзень народзінаў.

«Там і цяпер стаяць кветкі, лампадкі. Людзей гэтых (якія прыносяць кветкі) ганяюць», – дадае жанчына.

«Прыязджаюць бээнэфаўцы, ніхто іх не чапае»

Непадалёк ад запраўкі старыя могілкі. Тут шмат пахаванняў канца XIX стагоддзя. Бабуля, што ідзе насустрач, паказвае, як знайсці пахаванне брата Кастуся Каліноўскага Віктара. «Вы яго адразу ўбачыце». Кажа, што і да помніка Кастусю прывозяць кветкі на памінальныя дні.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Могілкі, на якіх пахаваны Віктар Каліноўскі
Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Мясцовая жыхарка падказвае, як знайсці пахаванне Віктара Каліноўскага

«Прыязджаюць бээнэфаўцы, ніхто іх не ганяе, не чапае. У Якушоўку (маёнтак Каліноўскіх у вёсцы каля Свіслачы, ад якога засталіся адно падмуркі. – РС) прыязджаюць», – расказвае сваю версію жанчына.

Сапраўды, справа ад капліцы здалёк відаць вялікае надмагілле з крыжам. Яно вылучаецца на фоне разбураных помнікаў з нечытэльнымі надпісамі. Ляжаць кветкі, павязаная бела-чырвона-белая стужка.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Магіла Віктара Каліноўскага

«Віктар Атан Каліноўскі (9.04.1933 – 25.10.1862). Змагарам за незалежнасць Беларусі, героям паўстання 1863 году ад удзячных нашчадкаў», – значыцца па-беларуску на надмагіллі.

Побач са Сталіным ушанавалі паўстанца

Мясцовыя тлумачаць, што Свіслач – вельмі спакойнае мястэчка. Тут жыве каля 6 тысяч чалавек. Працы мала, ніякай прамысловасці. Многія зь’язджаюць на заробкі ў Польшчу або Расею, займаюцца памежным гандлем. Кажуць, што добра зарабляюць толькі начальнікі ў райвыканкаме і работнікі чыгуначнай станцыі, якая накіроўвае грузы на Польшчу.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Цэнтр Свіслачы засяроджаны побач з райвыканкамам

Цэнтр Свіслачы, як і ў іншых раённых цэнтрах Беларусі, засяроджаны вакол галоўнай плошчы, з аднаго боку якой стаіць райвыканкам, з іншага – дом культуры. Але тут пачынаюцца адрозненні – плошча не носіць імя Леніна, дый няма на ёй фігуры расейскага рэвалюцыянера.

Помнік Леніну стаіць у скверы на «Алеі славы» з чырвонай зоркай. Тут жа побач з помнікам Сталіну і палеглым у Аўганістане ўшанавалі паплечніка Каліноўскага Рамуальда Траўгута.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Помнік Сталіну на Алеі славы
Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Помнік Рамуальду Траўгуту побач са Сталіным

Бадай, галоўная адметнасць Свіслачы – помнік Кастусю Каліноўскаму, які месціцца за некалькі сотняў метраў ад Леніна. Яго паставілі ў 1958 годзе. Аўтар – Заір Азгур. Ён стаіць перад мастацкай школай на вуліцы Леніна. У гэтым жа будынку з другога боку сімвалічна месціцца спартовая зала барацьбы.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Свіслачы

Яшчэ адна згадка пра кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў – вуліца імя Каліноўскага (раней Мсцібаўская), таксама ў цэнтры мястэчка.​

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Вуліца Каліноўскага ў Свіслачы
Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну

«Гэта наш народны пісьменьнік»

Паблізу ў адміністрацыйным будынку робяць рамонт будаўнікі з Горадні. Што ў горадзе звязана з Каліноўскім, яны не ведаюць. Але імя гэтае чулі.

«Зразумела, ведаю. Гэта наш народны пісьменнік. Няўжо я ў школе не вучыўся?.. Што вы ў мяне гісторыю пытаецеся? Вы ж не ведаеце, што я буквар спаліў», – кажа адзін з работнікаў, Аляксандр.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Аляксандр лічыць Каліноўскага пісьменнікам

Побач мужчыны перагружаюць на ровар торбы з харчамі, груз не змяшчаецца і падае. На пытанне пра Каліноўскага яны адказваюць неахвотна:

«Не ведаем мы такога. У нас іншыя праблемы».

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну

Адзіныя мясцовыя жыхары, якія не ведалі нічога пра Каліноўскага

Гэта адзіныя мясцовыя жыхары, якія прызнаюцца, што не ведаюць пра славутага земляка. Раптам ім становіцца цікава, адкуль прыехалі беларускамоўныя госці.

«У вас гаворка не тая – польская, не чыста беларуская. У нас па-беларуску не гавораць. Мы больш па-расейску. Вы з Брэсцкай вобласці, бліжэй да Украіны», – урэшце з падазронасцю робяць выснову сябры і накіроўваюць з усімі пытаннямі ў музей, дзе самі, што праўда, не былі.

Усяго за некалькі крокаў ад месца, дзе мы размаўляем, знаходзіцца гімназія, у якой у 1847–1855 гадах вучыўся малы Кастусь. Пра гэта сведчыць шыльда на ўваходзе. Сюды ж хадзіў Рамуальд Траўгут і кампазітар і мастак Напалеон Орда. Цяпер тут месціцца корпус дзіцячага шпіталя. Праўда, жоўты будынак з калонамі не відаць здалёк, ён хаваецца за больш сучасным гмахам шпіталя.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Былая гімназія, дзе вучыўся Кастусь Каліноўскі
Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Шыльды на былой гімназіі сведчаць пра значнасць месца
Яшчэ адзін мінак, малады хлопец Вадзім, пераконвае, што ўсе ў Свіслачы ведаюць Кастуся Каліноўскага, бо тут ёсьць школа ягонага імя. Але гэта не той будынак, дзе вучыўся Кастусь.​
Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Гімназія ў Свіслачы, якая цяпер носіць імя Кастуся Каліноўскага

«У школе нагадваюць пра Кастуся Каліноўскага. Цяплей становіцца, калі адчуваеш яго ў школе. Іншая атмасфера. Натхняе вучыцца», – эмацыйна кажа Вадзім.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Вадзім памятае, што Каліноўскі быў пісьменнікам і паэтам, але канкрэтных твораў згадаць не мог

Хлопец таксама перакананы, што Каліноўскі быў пісьменнікам.«Добры чалавек для спадчыны, літаратуру пісаў, вельмі цікавыя кавалкі паэзіі ў яго былі. Я ўжо нічога не памятаю, даўно чытаў», – адказвае ён, не ўспомніўшы нічога пра «Мужыцкую праўду».

Вадзім мяркуе, што Свіслач заслугоўвае, каб парэшткі вялікага чалавека былі пахаваныя тут. Аднак не можа вызначыцца, у якім месцы мястэчка гэта лепей зрабіць. На агульных могілках не вельмі ганарова, у цэнтры горада няёмка хаваць чалавека.

Суразмоўца хутка расказвае, што яшчэ варта паглядзець у Свіслачы: парк з мастком, дом Тышкевічаў з засыпанымі лёхамі, алею з драўлянымі сімваламі гарадоў, што з’явілася пасля «Дажынак».

«Прыгожы горад. На “Дажынкі” рамонт зрабілі, “Еўраопт” пабудавалі», – адзначае ён.

«У музэі стаяць два бюсты Каліноўскага»

Апошнім пунктам нашай вандроўкі становіцца музэй, куды нас накіроўвала палова мінакоў. Квіток для дарослага каштуе 70 капеек. Каліноўскаму тут прысвечаны два стэнды, на якіх можна ўбачыць, як выглядалі данясенне і прысуд Каліноўскаму, якім быў маёнтак роду ў Якушоўцы, дзе дзейнічалі паўстанцы.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Музэй у Свіслачы, дзе, як мяркуюць тутэйшыя, ведаюць усё пра Каліноўскага

Але галоўную ўвагу ў гэтай экспазіцыі прыцягвае вялікая чорная галава Каліноўскага пасярод пакоя. «Аўтар невядомы», – сведчыць цыдулка побач з бюстам. Калі і навошта выраблялі скульптуру, невядома.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Бюст Каліноўскага ў музеі
Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Так выглядаў прысуд Кастусю Каліноўскаму

Спускаемся ў падвал пад музеем з падманлівым надпісам «Карчма» і трапляем у мастацкую майстэрню. Тут у куце стаіць яшчэ адзін, ужо белага колеру, бюст Каліноўскага. Кажуць, гэта той самы, які раней займаў месца на алеі славы, а потым яго дэмантавалі нібыта на рэканструкцыю і перанеслі сюды.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Трэці сустрэты бюст Каліноўскага ў Свіслачы

Супрацоўніцы музею спешна выходзяць на імпрэзу.

«Яднанне Беларусі і Расеі, канцэрт, мерапрыемства», – ветліва тлумачаць яны мэту паходу.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Супрацоўніцы музею спяшаюцца на канцэрт з нагоды яднання Беларусі і Расіі

Каліноўскі можа стаць брэндам Беларусі

Апошняй нашай суразмоўцай становіцца мясцовая жыхарка Алена, якая працуе ў свой выходны на гародзе. Яна 25 гадоў працавала ў сістэме адукацыі, цяпер перайшла на чыгунку. Жанчына размаўляе на чыстай беларускай мове. У студэнцтве пісала навуковую працу пра Каліноўскага.

Як жыве мястэчка на Гродзеншчыне, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну
Прыватны сектар Свіслачы

Яна мяркуе, што гэта адзіная постаць, якая можа праславіць маленькую Свіслач. На ейную думку, Каліноўскі можа быць такой жа асобай, як Шэкспір для Вялікай Брытаніі, дзеля якой турысты паедуць у Беларусь.

«Я б хацела, каб яго перапахавалі тут. А чаму не? Ціхае месца, памежнае, добрая прырода, ёсць што паглядзець. Магіла Кастуся Каліноўскага з цягам часу стала б месцам пакланення. Каліноўскі мог бы стаць брэндам Беларусі».