Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня прызначыў генерал-маёра Віктара Хрэніна міністрам абароны. Да гэтага Хрэнін быў камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, штаб якога знаходзіцца ў Гродне.

Віктар Хрэнін. Фота grodnonews.by
Віктар Хрэнін. Фота grodnonews.by
Калі караценька прайсціся па біяграфіі Віктара Хрэніна, то нарадзіўся ён у 1971 годзе ў Навагрудку Гродзенскай вобласці. У 1988 годзе скончыў Усурыйскае сувораўскае вучылішча, у 1992 — Омскае вышэйшае агульнавайсковое каманднае вучылішча імя Фрунзэ. У 2005 — Вайсковую акадэмію Беларусі.

Службу праходзіў на самых розных пасадах. У 2014 годзе стаў намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандвання, у 2015 — стаў камандуючым.

«НН» знайшла некаторыя цікавыя звесткі пра асабістае жыццё і сям’ю новага міністра абароны.

Сям’я вайскоўцаў з Расіі, якая знайшла сябе ў Навагрудку

Бацькі Віктара Хрэніна жывуць у Гродне. Пераехалі са сваёй прасторнай трохпакаёвай кватэры на вуліцы Янкі Купалы ў сціплейшую, каб у большай магла жыць дачка з сям’ёй.

Генадзь Іванавіч Хрэнін — бацька міністра — таксама ў мінулым вайсковец, палкоўнік запасу. Ён сам родам з Пензенскай вобласці Расіі, але з двух гадоў жыве ў Беларусі. Ягоны бацька — Іван — таксама ў мінулым вайсковец, старшы лейтэнант.

«Бацьку ў 1946 годзе адправілі ў запас па стане здароўя, то ён і вырашыў перабрацца ў Навагрудак. Там ужо да гэтага служыў ягоны брат. І сёстры ўсе пераехалі. Так атрымалася, што ўсе Хрэніны знайшлі сябе ў Навагрудку», — кажа Генадзь Іванавіч.

Мы спыталіся, кім ён сёння сябе лічыць: рускім ці беларусам?

«Ну якім рускім? Я тут жыву з двух гадоў. Канечне, беларус», — кажа спадар Генадзь.

Віктар Хрэнін, ягоны дзед Васіль Барысаў і бацька Генадзь Хрэнін

Дзед — ветэран Другой сусветнай

Бабуля Віктара Хрэніна, Варвара Міхайлаўна Барысава, разам з мужам таксама жывуць у Гродне. Жанчыне ўжо 92 гады, столькі ж яе мужу Васілю Антонавічу Барысаву — ветэрану Другой сусветнай.

Варвара Міхайлаўна не чула яшчэ, што ўнук стаў міністрам.

«Божа ж мой, гэта што, трэба ехаць у Мінск жыць? Ён жа будзе ад мяне хаваць, бо я буду плакаць. Ён да нас прыязджае часта: можа, вам што купіць, што дапамагчы, адрамантаваў дзверы нам. „Бабуля, дзядуля, вы задаволеныя?“ Мамачкі мае святыя, святы Божа, святая Тройца, памілуй яго. І радасць за яго, і хваляванне — усё разам».

Дзед міністра родам з Жукаўкі Бранскай вобласці Расіі, у Беларусі апынуўся пасля вайны. «Я медсястрой была, а ён у шпіталь Навагрудскага раёна трапіў. Рука ў яго ўся перабітая была, боўталася. Я паглядзела, дзе ўжо добры чалавек, пяшчотны. Сказаў, што не паеду назад — хачу, каб ты была маёй жонкай», — расказвае бабуля Віктара Хрэніна пра знаёмства з мужам. Потым Васіль Антонавіч скончыў харчовы інстытут у Маскве, але жыць вярнуўся ў Беларусь да жонкі.

Васілю Барысаву 92 гады, ён ветэран Другой сусветнай. Фота grodnonews.by

Бабуля са шляхты

Варвара Міхайлаўна кажа, што была супраць таго, каб яе дачка Раіса выходзіла замуж за Хрэніна. «Яна ў мяне вышэйшую адукацыю атрымала — эканаміст, разумнічка. Я хацела ёй пару больш годную, нешта лепшае. Хацела, каб адукацыя ў яго была не горшай за даччыну. І маці Хрэніна была супраць, але ён не адстаў. Сказаў, „не“. Калі адчуваў, што я наступлю ім на мазоль, то забраў Раісу і паехаў на Поўнач».

Сама Варвара Міхайлаўна родам з мястэчка Турэц Карэліцкага раёна. «Я Віцю казала: нашто табе быць Хрэніным? Бярэ маё прозвішча — яно найлепшае ў свеце. Ён засмяяўся на гэта: бабуля, нам нельга так рабіць, я застануся Хрэніным. А маё прозвішча Бразоўская, мы са шляхты».

Калі бацька міністра абраў шлях вайскоўца, то яго панасіла па Савецкім Саюзе. «Віця на Прыморскім краі ў школу хадзіў, а ўжо на Чукотцы восем класаў заканчваў». Генадзь Іванавіч Хрэнін праслужыў 14,5 года на Далёкім Усходзе Расіі, з іх 3,5 года ў вайсковым гарадку «Анадыр-1» на Чукотцы. На гэтай базе захоўвалася ядзерная зброя. «Нікуды там за плот не выйдзеш, нікуды іх не выпускалі. А выпусціш, толькі сонца свеціць, а праз паўгадзіны такая пурга, што нічога не бачна», — успамінае мужчына, яму 75 гадоў.

Злева направа: Віктар Хрэнін, Васіль Барысаў і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў на Кургане Славы. Фота veteranygrodno.grsu.by
«Тады быў такі час. Цяпер ужо далей за Мінск не пашлюць служыць», — смяецца Генадзь Хрэнін.

Служыў на Чукотцы і марыў вярнуцца ў Беларусь

«Віця ж усё жыццё са мной па вайсковых часцях. Бачыў усё, што адбываецца на службе. Так і сам захацеў стаць вайскоўцам. Я кажу: будзеш добра вучыцца — станеш. Ён восем класаў скончыў без троек, і сам паляцеў з Чукоткі паступаць ва Усурыйск. Там па-іншаму ніяк, толькі самалётам, другога транспарту няма», — расказвае бацька міністра.

Пытаемся, ці цяжка было служыць на Чукотцы. «Ну чаму адразу цяжка? Іншым разам халаднавата, а так нармальна», — зноў смяецца спадар Генадзь.

Варвара Міхайлаўна кажа, што вельмі хвалявалася за дачку, калі тая паехала на Поўнач. «Яна мне пісала ў лістах, што аднойчы ледзьве вылезла са снегу, моцна плакала, амаль што загінула там у снезе».

Генадзь Хрэнін прызнаецца, што заўсёды марыў вярнуцца ў Беларусь. «Я з Чукоткі пісаў у Маскву лісты, камандванню. Пісаў, цытую: „Мяжа мараў — горад Гродна“. Я тады не думаў, што нехта нашы лісты ў Маскве чытае». У Беларусь ён вярнуўся ў 1987, яшчэ да развалу СССР. Сам будучы міністр на Радзіму вярнуўся адразу пасля Омскага вучылішча, у 1992 годзе.

Што тычыцца Генадзя Хрэніна, то ён прызнаецца, што ніколі не хацеў памяняць прозвішча. «Нават жонка з Барысавых стала Хрэнінай», — гаворыць ёй.

Жонка — доктарка, сястра і дачка працуюць у банку

Жонка міністра Наталля Хрэніна працуе доктарам, яна загадчыца фізіятэрапеўтычнага аддзялення ў 1134 Вайсковым медыцынскім клінічным цэнтры.

У пары ёсць адна дачка Марына. У 2015 годзе яна скончыла юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цяпер працуе ў адным з гродзенскіх банкаў. Замужам, дзяцей пакуль не мае.

Сястра Віктара Кацярына разам з мужам. Фота ok.ru
Таксама ў міністра ёсць малодшая сястра Кацярына. У іх дзесяць гадоў розніцы з братам. Яна скончыла тэхнікум бізнэсу і права ў Гродне, працуе ў «Беларусбанку». Там жа працуе і яе муж Віктар Васілевіч, ён начальнік аддзела па працы з персаналам.