«Матрошка не расейская». Як гродзенка вырабляе «касмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых

Гродзенка Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская робіць драўляныя цацкі, мала падобныя да папулярных забавак, і кажа, што ў іх можна гуляцца бясконца.

З флярысткі ў цесьляры

«Столькі сьлёз, як гэтая майстэрня, бачылі толькі царква і вакзал», — прызнаецца Кацярына і расказвае пра шлях да свайго шчасьця.

Паўтара мэтра росту, ружовыя пампоны на кедах, кідкая фрызура і рухавыя бровы. Зрэшты, уся прастора навокал чапляе вока, піша svaboda.org.

Майстэрня — у старадаўнім доме гістарычнага цэнтру
Майстэрня — у старадаўнім доме гістарычнага цэнтру
На паліцах — драўляныя вясёлкі, пірамідкі, матрошкі, маракасы
На паліцах — драўляныя вясёлкі, пірамідкі, матрошкі, маракасы

Майстэрня пасялілася на другім паверсе старога драўлянага дома ў ціхім цэнтры Горадні сярод кустоў ружаў і кітчавага арту. На паліцах расстаўленыя драўляныя вясёлкі, пірамідкі, матрошкі, маракасы і дэталі дзіўнай формы. Нічога яркага. Або пастэльныя колеры, або ўвогуле бяз фарбы. Ці зацікавяць дзяцей гэтыя штукі болей, чым музычныя машынкі або рознакаляровыя поні?

«Я ранкам устала і сказала: „Саша, я хачу рабіць драўляныя цацкі“», — кажа Кацярына. Саша — Аляксандар Енджэеўскі, актор горадзенскага тэатру лялек, ейны муж. Цяпер галоўны аматар Каціных цацак — іхная трохгадовая дачка Віка.

Муж Кацярыны Аляксандар падтрымлівае жончыну ідэю і дапамагае
Муж Кацярыны Аляксандар падтрымлівае жончыну ідэю і дапамагае

Ні ведаў, ні інструмэнтаў у майстрыхі тады не было. Вырашальны ранак здарыўся паўтара года таму.

Кацярыне 37 гадоў. Па адукацыі мастачка. Скончыла швейную вучэльню, каледж лёгкай прамысловасьці кінула за 5 месяцаў да выпуску, адвучылася ў горадзенскім унівэрсытэце. Цяпер сябра Саюзу дызайнэраў. Пра ўнівэрсытэцкі пэрыяд расказвае з захапленьнем. Мяркуе, што ён даў добрую адукацыю, бо «хто хоча, той вучыцца». На думку Каці, ён вызначаўся творчай атмасфэрай і пашанай да асобы.

Па адукацыі Каця мастачка і дызайнэрка
Па адукацыі Каця мастачка і дызайнэрка

«У вучылішчы ты „недачалавек“. Трэба было езьдзіць на бульбу, зьбіраць памідоры, мыць клясы пасьля заняткаў. Калі мяне гэта абурыла, мне простым тэкстам сказалі: „Калі ты ня хочаш быць Папялушкай, трэба было добра вучыцца ў школе і ісьці ў ВНУ“», — узгадвае дызайнэрка.

Яна доўга працавала флярысткай, у тым ліку ў адным з самых дарагіх гатэляў гораду. Сачыла за ўсім стылем: ад музыкі да каўняроў супрацоўнікаў.

Аднойчы ігуменьня горадзенскага праваслаўнага манастыра Гаўрыіла, вядомая строгім характарам, зайшла ў гатэль, убачыла кампазыцыі з кветак і папрасіла флярыстку ўпрыгожыць манастыр. З таго часу ўжо 8 гадоў манахіні давяраюць Каці рабіць прыгажосьць у іхных памяшканьнях.

«Матрошка не расейская». Як гродзенка вырабляе «касмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых

У нейкі момант асноўную працу захацелася памяняць: стамілася, кажа Кацярына.

«Вясёлка — гэта геніяльна»

Цяпер у партфоліё майстрыхі каля 700 прададзеных цацак, 65 цацачных пазыцый у сьпісе прапановаў і больш за 2 тысячы падпісчыкаў у інстаграме.

Тое, што выходзіць з рук Кацярыны, называецца цацкамі адкрытага тыпу. Гэта значыць, што дзіця або дарослы можа дарабіць наўмысна няскончаную цацку так, як яму хочацца. Дый няма адзінага спосабу, як зь ёй гуляць, што дае прастору для фантазіі. Пастэльны колер — каб супакойваў дзіця.

Любімая Каціна цацка — вясёлка.

«Гэта геніяльна. Я шкадую, што гэта прыдумала ня я», — прызнаецца яна.

Такую вясёлку вынайшлі 70 гадоў таму ў Швайцарыі, некалькі гадоў таму яна зноў стала папулярнай у сьвеце.

Яна выглядае як бязвосевая пірамідка і складаецца з дуг рознага памеру. Але гэта ня ўсё. З дуг-балянсіраў можна ствараць прыгожыя паветраныя скульптуры, якія рассыпаюцца ад аднаго дотыку. Каця лёгкімі рухамі складае з дуг ровар і стромкую скалу.

Вясёлка можа скласьціся ў ровар
Вясёлка можа скласьціся ў ровар

Яна мяркуе, што такая гульня захапляе надоўга, абʼядноўвае агульным заняткам тых, хто звычайна сварыцца за цацкі, а да таго ж уцягвае ў гульню дарослых.

Каціны цацкі разьлічаныя на ўзрост ад 6 месяцаў да бясконцасьці
Каціны цацкі разьлічаныя на ўзрост ад 6 месяцаў да бясконцасьці

Ёсьць сурʼёзныя кліенты, якія набылі ў Каці вясёлку ўпрыгожыць офіс і жартуюць, што галоўнае — не даваць яе калегам, бо спыніцца ўся праца.

«Матрошка не расейская». Як гродзенка вырабляе «касмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых
«Сябры» — слонік, птушка і чарвячок — гуляюць па моры і гарах
«Сябры» — слонік, птушка і чарвячок — гуляюць па моры і гарах

Разбудаваны варыянт вясёлкі — набор «Сябры». Ён складаецца з чатырох бязвосевых пірамідак у выглядзе вясёлкі, гораў, мора і вогнішча, а таксама трох сяброў: слоніка, птушкі і чарвячка ў мінімалістычных формах.

Калі правільна скласьці ўсе элемэнты як пазлы, выйдзе квадрат. Можна гуляць у падарожжа па вясёлцы, гарах і моры, а ў канцы пасядзець каля вогнішча. З дуг пірамідак можна пабудаваць казачны палац, лябірынт або што заўгодна.

«У дзіцячым садку дзяцей бы пасадзілі і пачалі расказваць, што гэта горы, што мы падарожнічаем па гарах, што на піках ляжыць сьнег. І ўсё, — кажа Каця. — А тут дзіця само вырашае, як яму гуляцца. Мая дачка ўзяла дугу, прыклала яе да вуха і размаўляла, як праз тэлефон».

«Матрошка не расейская». Як гродзенка вырабляе «касмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых

Мастачка кажа, што беларускі садок імкнецца зрабіць дзяцей аднолькавымі. Мяркуе, што ейныя цацкі разьвіваюць крэатыўнасьць.

«Матрошкі — космас для дзяцей»

Яшчэ адна Каціна слабасьць — матрошкі. Праўда, і крамам-партнэрам, і кліентам майстрыха часта мусіць тлумачыць, адкуль яны паходзяць. Каця ўпэўненая, што матрошка — не расейская цацка. Яе прыдумалі ў Японіі. А расейцы проста здолелі зрабіць яе сваім брэндам.

Адмыслова недафарбаваныя матрошкі
Адмыслова недафарбаваныя матрошкі

«Гэта асновы лічэньня. Гэта космас для дзяцей, калі нешта ў нешта зьнікае. Гэта прычынна-выніковыя сувязі. Гэта шыкоўная, незаслужана забытая цацка», — упэўненая суразмоўца.

Ейныя матрошкі маюць мала агульнага зь лялькамі, расьпісанымі ва ўзоры. Дома ў Енджэеўскіх жывуць матрошкі-Бітлз. У майстэрні прадаюцца напалову пафарбаваныя нарыхтоўкі, якім можна самастойна дамаляваць твар, вырашыць, хлопчык гэта, дзяўчынка ці нейкі зьвярок.

Матрошкі з вушкамі аказваюцца трыма мядзьведзямі: бурым, белым і каалай. Празь іх дзіцяці можна расказваць, што мішкі жывуць на розных кантынэнтах, па-рознаму выглядаюць і ядуць кожны сваё.

Матрошкі-мішкі
Матрошкі-мішкі

Цалкам чорныя матрошкі, пакрытыя графітавай фарбай, дазваляюць размаляваць іх крэйдай на свой густ.

Падобнае і з чорнымі домікамі, якія могуць стаць кавярняй або гатэлем. Дарэчы, домікі выглядаюць як абрэзаныя напалову — гэта асаблівасьць горадзенскай архітэктуры.

Цешыцца нават невялікаму прыбытку

Кацярына ўжо акупіла першапачатковыя выдаткі і цешыцца, калі за месяц выходзіць прыбытак, хаця б невялікі. Праўда, на іншай працы зарабляла ў разы больш.

На шэсьць станкоў, каб пілаваць ды габляваць, а таксама на нарыхтоўкі сямʼя выдаткавала каля 600 даляраў. Арэнда майстэрні выходзіць у 250 рублёў штомесяц, плюс камунальныя паслугі. У першыя месяцы, кажа майстрыха, не хапала сіл нават плакаць, бо прыбытку амаль не было.

«Матрошка не расейская». Як гродзенка вырабляе «касмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых
Першую вясёлку Каця выпілавала, калі некалькі майстроў сказалі, што гэта немагчыма
Першую вясёлку Каця выпілавала, калі некалькі майстроў сказалі, што гэта немагчыма

Каціны цацкі маюць чатыры складнікі: дрэва, нямецкая фарба, клей ПВА і льняны алей. Для некаторых Каця набывае гатовыя нарыхтоўкі, прыкладам, для матрошак або маракасаў. Вясёлкі робіць сама, пасьля таго як некалькі мужчын-майстроў сказалі, што выпілаваць такое немагчыма.

Знайсьці пастаўшчыкоў дрэва і майстроў, якія будуць выразаць нарыхтоўкі, аказалася складаней за ўсё. Зь беларускімі прыватнікамі не ўдалося дамовіцца.

«У іх доўга, дорага і няякасна», — кажа Аляксандар.

Ажно майстрыха наважылася напісаць на расейскі завод. Аказалася, там гатовыя працаваць нават з малымі партыямі.

Якасную, добра высушаную бярозу, зь якой робяць паркет эўрапейскага ўзроўню, Каця ледзь угаварыла ёй прадаць адно беларускае прадпрыемства. Пасьля шматлікіх званкоў і лістоў для яе знайшлі 1,6 куба 5-сантымэтровых пласьцін без сучкоў. Аднак дзеля гэтага трэба было перагледзець уручную паўтары фуры. Кошт куба выйшаў нашмат большы, чым звычайна.

«Хачу, каб мае цацкі былі на кожным кантынэнце»

Найлепш цацкі прадаюцца праз інстаграм, на кірмашах, фэстывалях. У крамах — ня вельмі, бо падобныя плястмасавыя цацкі каштуюць у разы менш, а прадаўцы рэдка расказваюць пра плюсы Каціных вырабаў з такім жа імпэтам, як яна сама.

Некаторыя ейныя творы ўжо паехалі ў заходнеэўрапейскія краіны і Амэрыку. Мара майстрыхі — каб яны зьявіліся на кожным кантынэнце і ў кожнай краіне.

Плюс драўляных цацак — экалягічнасьць. Каціны вырабы ня толькі карысныя для дзяцей, але і не засьмечваюць прыроду. Да таго ж яны разьвіваюць дробную маторыку, што дапамагае дзецям лепей размаўляць.

«Матрошка не расейская». Як гродзенка вырабляе «касмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых

«Я хачу, каб дзеці гуляліся якасным прадуктам. Каб у іх не было насмарку ад фарбы са сьвінцом. Каб яны размаўлялі. Каб у іхніх руках быў працяг прыроды. Гэта самае бяскрыўднае, творчае, душэўнае, цёплае, што мы можам ім даць», — кажа Каця.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

«Матрошка не расейская». Як гродзенка вырабляе «касмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: