Адзін з найбуйнейшых навінавых рэсурсаў Беларусі, TUT.BY, ад учара, 18 траўня, застаецца заблакаваным. Ён актыўна выдаецца пошукам Google, але не адкрываецца нават праз VPN. Навіны даступныя ў сацсетках медыя. Разам з TUT.BY Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ і да іншых рэсурсаў, якія належаць парталу ці размяшчаліся на яго дамене.

Help.blog.tut.by

Гэта рэсурс, на якім размяшчаюць звароты бацькоў і сваякоў аб дапамозе ў зборы сродкаў на лячэнне хворых дзяцей і дарослых. Гаворка ідзе пра людзей з анкалогіяй, генетычнымі захворваннямі (у тым ліку СМА), ДЦП і іншымі.

«Глобус Беларусі» globus.tut.by

Сцяпан Стурэйка, кіраўнік Беларускага камітэта Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (IКАМОС) назваў гэты рэсурс «галоўнай энцыклапедыяй культурнай спадчыны Беларусі». На сайце размешчаны звесткі пра гістарычныя будынкі Беларусі рознай ступені захаванасці з фотаздымкамі і іх дакладнымі каардынатамі нават у самых аддаленых ад буйных гарадоў мясцінах. Экскурсаводы і падарожнікі карысталіся рэсурсам пры планаванні маршрутаў. У Google play быў мабільны дадатак на аснове сайта, цяпер ён таксама недаступны. Усталяваны раней дадатак працуе. Працуюць таксама звязаныя з «Глобусам» сервісы «Бібліятэка Orda.of.by» і «Рухомая мапа», бо яны размяшчаюцца не на дамене tut.by.

Абноўлена. Сайт праекта «Глобус Беларусі» перанеслі на новы дамен. Цяпер ён даступны па адрасе globustut.by.

Паштовы сервіс mail.tut.by

Паштовы сервіс TUT.BY — адзін з найстарэйшых у Беларусі. Яго запусцілі ў 2000-м годзе, разам з асноўным парталам. Зараз электронную пошту можна адкрыць толькі праз «Яндекс», на які сэрвісы пошты перанеслі ў 2015 годзе. Для гэтага трэба зайсці на старонку mail.yandex.by і выкарыстоўваць лагін і пароль ад паштовай скрыні, які вы выкарыстоўвалі на mail.tut.by.

Бізнес-каталог Tam.by

На сервісе размешчана інфармацыя пра камерцыйныя кампаніі, сервісы, крамы, адсартаваная па гарадах, зніжкі і акцыі. Некаторыя бізнесы выкарыстоўвалі каталог як альтэрнатыву ўласнаму сайту.

Ребенок.by

Гэта сайт для бацькоў, прысвечаны развіццю дзяцей, цяжарнасці, родам, адукацыі. Там публікаваліся парады ад псіхолагаў, дзіцячых лекараў, іншая актуальная інфармацыя.

TUT.BY змяшчаў таксама сервіс прагноза надвор’я, валютны калькулятар, афішу мерапрыемстваў і ўстаноў культуры па ўсёй Беларусі, а таксама шэраг тэматычных раздзелаў пра спорт, тэхналогіі, аўтамабілі і іншае.

Што здарылася

18 траўня ў офіс навінавага агенцтва TUT.BY, а таксама Hoster.by і av.by прыйшлі сілавікі. Паведамлялі, што не было доступу ў офіс Rabota.by. Уваход у офіс TUT.BY знутры завесілі цёмным, да сёння доступу туды няма, відэа з камер назірання не адлюстроўваюцца, паведамляе «Наша ніва». Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў прыходзілі і ў рэгіянальныя офісы медыя.

На цяперашні час больш за 8 супрацоўнікаў медыя затрыманыя, паведамляе TUT.BY. Сярод іх галоўны рэдактар Марына Золатава, генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, рэдактар Вольга Лойка, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, галоўны інжынер Ала Лапатко, юрыст Кацярына Ткачэнка, журналіст Алена Талкачова. Месцазнаходжанне многіх заставалася невядомым да позняй ночы 18 траўня. У супрацоўнікаў кампаніі прайшлі ператрусы.

Зборы на лекаванне, дапаможнік экскурсаводам і бізнес-каталог. Што мы страцілі разам з TUT.BY
Фота: t. me/tutby_official

TUT.BY на медыяпрасторы Беларусі ўжо 20 гадоў. Прымусовае спыненне яго працы адбылося на наступны дзень пасля гадавіны смерці заснавальніка рэсурса, Юрыя Зісера. Месцазнаходжанне ягонай удавы, Юліі Чарняўскай, цяпер невядомае. Да яе, як і да іншых сузаснавальнікаў TUT.BY, 18 траўня дадому прыйшлі сілавікі, ёй стала блага з сэрцам. У бальніцы яе суправаджаў канваір.

Падставай для блакавання рэсурса Мінінфар палічыў тое, што Пракуратура выявіла факты шматразовых парушэнняў заканадаўства ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі на партале. Згодна з артыкулам 38 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» ў СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах забаронены распаўсюд інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, калі такая рэгістрацыя з’яўляецца абавязковай. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб фондзе BYSOL, які не зарэгістраваны ў Беларусі.

У адносінах да службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.243 КК (ухіленне ад аплаты падаткаў), паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю. Яна звязаная з тым, што ў 2019 годзе ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» атрымаў статус рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) і падатковую ільготу, але зарабляў дзейнасцю, не звязанай з ПВТ.