У мястэчку Крэва на Смаргоншчыне завершаныя работы па кансервацыі паўночна-заходняй сцяны абарончага замку ХIV стагоддзя. Ужо знялі рыштаванні, адвялі тэхніку, піша Свабода.

Гэтая частка захавалася лепей за іншыя, якія моцна пацярпелі ад расійскіх абстрэлаў у часе Першай сусветнай вайны.

На чарзе баявыя галерэі і контрафорс

Глядзіце, як выглядае Крэўскі замак пасля чарговага этапу рэстаўрацыі

Да замка мы трапілі ў дзень, калі будаўнікі закідвалі ў кузаў грузавіка жалезныя канструкцыі, а бытоўкі і сховішчы вызвалялі ад рэштак матэрыялу. Абяцалі вярнуцца, як толькі адновіцца фінансаванне рэстаўрацыі замка.

Як паведаміў Свабодзе кіраўнік аўтарскага нагляду, дырэктар прадпрыемства «Праектрэстаўрацыя» Уладзімір Сіняўскі, цяпер рыхтуецца дакументацыя на рэстаўрацыйныя работы на колішніх баявых галерэях і аднаўленне яшчэ адной сцяны.

«Правільней сказаць, што завершаныя работы па кансервацыі, а па рэстаўрацыі яшчэ не, — кажа адмысловец. — На частцы сцяны, якая бліжэй да замкавай вежы, будуць аднаўляцца баявыя галерэі, таксама ў планах зрабіць сёлета яшчэ адну сцяну — паўночна-ўсходнюю, якраз там, дзе кантрафорс. Рыхтуецца дакументацыя, трэба прайсці экспертызу. Будаваць у сённяшніх умовах усё адно нельга, будзем чакаць вясны».

Глядзіце, як выглядае Крэўскі замак пасля чарговага этапу рэстаўрацыі

Адноўленыя муры маюць амаль 100 метраў даўжыні і на асобных участках сягаюць да 10 метраў увышыню. У іх вярнулі аўтэнтычныя камяні, дзіркі заклалі чырвонай цэглай. Як і ў выпадку з Княскай вежай, якая была закансерваваная раней, сцяну накрылі двухсхільным дахам.

Выдаткі сучасных тэхналогій

Раней выказваліся заўвагі, што ў працэсе аднаўлення будаўнікі выкарыстоўваюць камяні прыблізна аднаго памеру, а вялікія валуны пакідаюцца ў запас. Таму складаецца ўражанне «акуратнага рамонту».

Верхняя частка муроў выводзіцца чырвонай цэглай. У старажытнасці яе выраблялі з мясцовай гліны, цяперашняя выглядае інакш. Элементы навадзелу асабліва відаць на Княскай вежы: серыйная прадукцыя моцна дысануе з аўтэнтычнымі парэшткамі.

Глядзіце, як выглядае Крэўскі замак пасля чарговага этапу рэстаўрацыі

У рошчыну будаўнікі інтэгруюць фрагменты-«разынкі». Калі старыя дойліды забівалі каменныя кліны, каб ушчыльніць канструкцыю, то цяпер кладка выглядае збольшага як дэкаратыўная.

«Зразумела, заўсёды хацелася б, каб было лепш, — пагаджаецца навуковы кіраўнік праекту аднаўлення замку. — Але калі параўноўваць з тым, як было яшчэ зусім нядаўна, дык ці не ўпершыню зацеплілася вера на вяртанне Крэву былой велічы. Прынамсі мы спадзяёмся, што пасля гэтага муры прастаяць яшчэ доўга».

Камяні закладуць у каштарыс

Глядзіце, як выглядае Крэўскі замак пасля чарговага этапу рэстаўрацыі

У канцы 2018 году работы ледзь не спыніліся праз недахоп камянёў. Усё, што некалі вываліліся і валялася побач, будаўнікі паднялі і вярнулі на месца, і запасаў не засталося. З ініцыятывы грамадскасці быў абвешчаны збор валуноў: за кароткі час іх прывезлі столькі, што на зіму кампанію збірання давялося нават згарнуць. Аднак неўзабаве дапамога можа спатрэбіцца зноў.

«Падчас мінулага этапу мы не закладалі ў каштарыс куплю камянёў, выкарыстоўвалі тое, што было пад рукой, — тлумачыць Уладзімір Сіняўскі. — На фінішы крыху не ўклаліся. Гэтым разам ужо будзе патрэбны рэгулярны падвоз матэрыялу: відавочна, што цяперашніх запасаў не хопіць. Але гэтае пытанне, думаю, вырашыцца ў аператыўным парадку».

На просьбу ацаніць якасць аднаўленчых работ Сіняўскі адказаў па-філасофску — «у дасканаласці межаў няма».

Глядзіце, як выглядае Крэўскі замак пасля чарговага этапу рэстаўрацыі

За сваю доўгую гісторыю замак вытрымліваў напады і аблогі, а ў XIX стагоддзі страціў абарончае значэнне і быў закінуты. Вырашальнай для яго далейшага лёсу стала Першая сусветная вайна: ад расійскіх абстрэлаў і нямецкай перабудовы пацярпеў увесь комплекс. Паколькі немцы атабарыліся ўсярэдзіне, расійская артылерыя біла менавіта туды. Да сёння дайшлі не сцены, а толькі іхнае «нутро», фасад быў цалкам выбіты.

Самы стары абарончы замак ВКЛ

Крэва найбольш праславілася ў 1385 годзе, калі тут была падпісаная дынастычная унія паміж ВКЛ і Каронай Польскай. Тады пачынаўся новы геапалітычны этап для ўсяго рэгіёну. Што да часу з’яўлення ў Крэве замку, дык даследчыкі дадаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагоддзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідства.

Глядзіце, як выглядае Крэўскі замак пасля чарговага этапу рэстаўрацыі

Першыя спробы ўратаваць замак датаваныя перыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале з гісторыкам Станіславам Лёрэнцам умацавалі парэшткі сценаў металічнымі сцяжкамі, паставілі контрафорс, але закончыць задуманае не паспелі.


Турысты змогуць зазірнуць у падзямелле Крэўскага замка, адкуль збег будучы вялікі князь Вітаўт


З прыходам сюды ў 1939 годзе бальшавікоў пра кансервацыю гаворка ўжо не ішла. «Народная ўлада» першай справай узялася разбіраць сцены на ўласныя і індустрыяльныя патрэбы. Але нават аслабленыя муры не паддаліся. У такім стане руіны прастаялі да часоў незалежнасці Беларусі. Княскую вежу накрылі руберойдам, але ад дажджу і снегу гэтая канструкцыя не ратавала.

Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у спіс з трох дзясяткаў памятак даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі і выдаткі на захаванне якіх ускладаюцца на дзяржаўны бюджэт. За апошнія гады ў кансервацыю і аднаўленне муроў укладзена каля паўмільёна долараў.

Глядзіце, як выглядае Крэўскі замак пасля чарговага этапу рэстаўрацыі

Глядзіце, як выглядае Крэўскі замак пасля чарговага этапу рэстаўрацыі