Днём цэнтральныя вуліцы Гродна запаўняюць шматлікія турысты, але пасля заходу сонца тут па-правінцыйнаму ціха і малалюдна. Аднак ёсць у горадзе месцы, дзе жыццё кіпіць і пасля наступлення цемры. Варта толькі ведаць, куды звярнуць. TUT.BY вырашыў прагуляцца па гродзенскіх вуліцах у цёмны час сутак у апошнія летнія выходныя.

Начное жыццё ў Гродне, канечне, не такое насычанае, як у сталіцы ці суседняй Вільні, але горад, хай сціпла і пакуль не вельмі ўпэўнена, усё-такі спрабуе запоўніць гэты прабел.

Адчуць, што Гродна never sleeps можна, калі перамяшчацца ад установы да ўстановы. Кавярня «Наша кава» даўно стала месцам тусоўкі мясцовай моладзі. З яе і пачынаем нашы «начныя хаджэнні».

Кавярня па выхадных працуе да дзвюх гадзін ночы. Апоўначы тут шматлюдна. Цішыню парушае размова пра абстракцыянізм, каханне і псіхааналіз.

— Сур'ёзныя гутаркі, — заўважаем мы.

Гаспадар установы Дзмітрый Захарка кажа, што здзіўляцца не варта — месца ў гродзенцаў папулярнае — людзі ў першую чаргу прыходзяць пагутарыць. Вядома, у Еўропе кавярні - гэта больш ранішнія ці дзённыя ўстановы, у нас жа склалася некалькі па-іншаму. Адным словам, «начная» кава карыстаецца папулярнасцю.

— Калі б можна было піць піва на лавачцы ў парку, то ўлетку ўсё так і рабілі б, а так прыходзяць ва ўстановы. Для нас і для развіцця барнай культуры, вядома, гэта добра.

[irp posts="26 915″ name="Ад бельгійскага шакаладу да беларускай самагонкі: як смакаваў Гродна сталічным гурманам"]

Узяўшы кавы, адпраўляемся далей даследаваць начное жыццё горада. Павольна шпацыруючы па пустыннай у гэты час вуліцы Савецкай, абмінаючы цёмную дамінанту Фарнага касцёла і падсветленыя старыя домікі.

На прыпынках запазнелыя пасажыры чакаюць апошнія тралейбусы. У цэнтры ціха і мірна. Аднак, калі павярнуць на вуліцу Віленскую, то ўсё кардынальна мяняецца. Рознакаляровыя гірлянды, рок-музыка і шматлюдная тусоўка не даюць заснуць завулку.

— Ну проста мінская Зыбіцкая ў моманты юнацкага станаўлення, — заўважаем мы.

Бармэн з «Карыцы», Улад, кажа, што часцей за ўсё тут збіраюцца нефармалы, панкі, рокеры, музыкі. Прыходзяць і турысты: у натоўпе чутная польская і англійская гаворка. Увогуле, кантынгент разнастайны.

— Так, хто заўгодна да нас заходзіць — усім рады. У пятніцу і выхадныя тут шмат людзей. Пакуль надвор’е дазваляе, людзі тусуюцца і ў памяшканні, і на вуліцы. Усе адзін аднаго ведаюць. Бар і побач кавярня працуюць да 4 раніцы.

Калісьці на месцы «Карыцы» было папулярнае кафэ «Куфэрак». Побач на вуліцы праводзілі канцэрты. Але мясцовыя жыхары паскардзіліся на шум і начное жыццё, што ледзь зарадзілася тут, на доўгі час спыніла сваё існаванне.

[irp posts="14 481″ name="Новы ўладальнік бара «Карыца» пра славу «Куфэрка»: «Трэба рабіць сваё, але рабіць якасна""]

У гэтым годзе ўсё змянілася. У бара з’явілася новая назва і гаспадар, які вырашыў удыхнуць у легендарнае месца другое жыццё. Здаецца, атрымалася.

Заўсёднікі кажуць, што вуліцу Віленскую можна ў перспектыве ператварыць у папулярнае тусовачнае месца. На другім паверсе будынка, дзе знаходзіцца бар, здаюцца памяшканні ў арэнду. А жылых дамоў на вуліцы ўжо практычна не засталося — жыхароў даўно перасялілі ў больш добраўпарадкаванае жыллё. Побач яшчэ адзін бар — «Лондан».

— Усе шанцы зрабіць нешта тыпу міні-Зыбіцкай ёсць, — летуценна заўважаюць хлопцы.

Яшчэ адно месца, дзе ноччу шумна — гастрабар «Гудзіні». Публіка тут старэйшая і больш сур’ёзная. Установа гэтаму адпавядае.

У пятніцу і суботу тут не праштурхнуцца — наведвальнікі паляць каля ўваходу, тратуар забіты машынамі. Гадзінаў да 3 раніцы ўстанова апусьцее — мясцовая тусоўка зрушыцца ў бок начнога клуба «База». «Пакінутыя ў жывых» сустрэнуць світанак у барах, якія працуюць кругласутачна ці гадзін да 6−9 раніцы. Напрыклад, зойдуць на кактэйль або ранішнюю каву ў «Фарадей», або ў бар «Табу».

А пакуль у «Гудзіні» шумна, весела і шматлюдна.

— Ой, а хочаце мы раскажам вам сваю казку начнога Гродна, — дзяўчаты каля ўваходу заліваюцца смехам. — Мы з сяброўкамі купілі на апошнія грошы вельмі дарагое віно. Ведаеце, хацелася паспрабаваць. І пайшлі такія на «цырлах» па цэнтры горада, горда несучы бутэльку перад сабой. Ну і вось, спатыкнулася наша Таня на камянях гэтых. І няма ў нас больш пляшкі дарагога паўсухога. Прыехалі сюды, каб неяк палепшыць горыч страты.

Дзяўчаты смяюцца гучней і праз некалькі хвілін раствараюцца ў натоўпе наведвальнікаў шумнага гэтай ноччу «Гудзіні».

Недалёка яшчэ адна выспачка начнога жыцця — нядаўна адкрыты бар «Фарадэй». Тут пакуль ціха і нешматлюдна. Але афіцыянты кажуць, што вось толькі-толькі схлынула першая хваля, рыхтуюцца да другой.

— Я люблю ноч. Яна прыносіць шмат цікавага. Я слухаю часам такія неверагодныя гісторыі, што толькі пісаць сцэнары меладрам. Па-сапраўднаму ноччу працаваць нават неяк лягчэй і цікавей. Горад засынае, а ты толькі ідзеш на працу, — кажа бармэн Аляксей і разважае, што гродзенскаму начному жыццю яшчэ далёка да сталічнага, але пэўныя зрухі ёсць. — Асаблівасць гродзенцаў яшчэ і ў тым, што ім лягчэй паехаць за «двіжняком» кудысьці за мяжу, а не застацца тут. Але мы стараемся паказаць, што і ў нас ёсць годныя месцы, дзе можна добра правесці час.

Праязджаючы міма «дзёрзкай і рэзкай» дыскатэкі «Эпалет», спыняемся на некалькі хвілін. Грамадскі парадак у клубе ненадакучліва ахоўваюць некалькі патрульных.

— Напішыце, каб сюды не хадзілі - тут усякае здараецца, — кажа ці то жартам, ці то ўсур'ёз адзін з маладых людзей. У пацверджанне яго слоў на лесвіцы каля ўваходу акурат наспяваюць чарговыя разборкі - разгарачаныя наведвальнікі высвятляюць хто круцейшы. Патрульныя вырашаюць умяшацца і канфлікт спыняецца, так і не пачаўшыся.

А мы едзем на чыгуначны вакзал. У 2 гадзіны ночы тут ціха і сонна.

— Як працуецца ў начную змену? — пытаем у прадаўца ў адным з кругласутачных магазінаў.

— Цікавей, чым днём. Часам такія персанажы трапляюцца, — усміхаецца дзяўчына. «Персанажы» стаяць побач, спрабуюць пазнаёміцца ​​то з намі, то з прадаўцом. Яны «арыгінальнічаюць» і прадстаўляюцца то «чорнымі плашчамі», то Чыпам і Дэйлам, што спяшаліся на дапамогу.


— Вось бачыце — персанажы з мульцікаў, — смяецца прадавец.

У зале чакання ціха і нешматлюдна.

— Не ў той час вы прыехалі, — кажа касір Юлія, — вось у 4 раніцы, калі пойдзе першы цягнік на Узбераж, тут уся зала будзе ў дачніках, а пакуль вось так.


Дарэчы, на чыгуначным вакзале кругласутачна працуе зала чакання і пакой адпачынку, дзе можна пераначаваць. А яшчэ дзве кропкі грамадскага харчавання з блінамі, роламі і кавай.

Насупраць вакзала — адна з двух кругласутачных аптэк. Правізар спачатку здзіўляецца нашаму з’яўленню і задае больш пытанняў, чым мы ёй.

— А вам якія лекі патрэбныя? Не патрэбныя? Што больш за ўсё купляюць ноччу? Гарачкапаніжальныя і дзіцячыя, — нешматслоўна адказвае прадавец.


На цёмнай стаянцы каля вакзала — таксісты.

— Ой, толькі не фатаграфуйце нас, мы тут проста сабраліся кампаніяй: пастаяць пагаварыць.

Некалькі хлопцаў чакаюць кліентаў і спачатку нешматслоўныя, але потым распавядаюць пра асаблівасці начной змены. І казкі тут не вельмі вясёлыя.

— Адразу ўспамінаюцца розныя выпадкі нападаў. Усякае было — і нож да боку прыстаўлялі, і душылі, і звязвалі, і ўсе грошы адбіралі.

— Не страшна пасля такіх выпадкаў працаваць ноччу?

— А што рабіць? Працу цяжка знайсці, асабліва ў нашым горадзе, асабліва цяпер, у крызіс. Але мы стараемся адзін аднаго падтрымліваць, ёсць спецыяльны канал, пры дапамозе якога падтрымліваем сувязь і калі што — едзем на падмогу.


Таксісты кажуць, што іх праца — своеасаблівая латарэя — можна ўсю ноч прастаяць каля вакзалу ці аднаго з начных клубаў і падабраць толькі адно кліента, а можна ўсю ноч рассякаць па начным горадзе.

— Вось тады добра, вось тады кайф, — смяюцца хлопцы, выкурваючы адну цыгарэту за другой. Кліентаў пакуль няма, таму можна крыху адпачыць.

Хутка світанак, на начных вуліцах горада толькі машыны з шашачкамі, якія развозяць вясёлых і не вельмі цвярозых аматараў начнога жыцця па хатах. Горад прачынаецца.