Максім Аўрамчыкаў — маленькі чалавек у літаральным сэнсе. Ён марыць стаць добрым бацькам, здаць на правы, адкрыць кавярню і натхняць, як сусьветна вядомы прапаведнік Нік Вуйчыч. Беларус ростам 130 сантымэтраў расказаў Свабодзе, як ідзе да сваіх мараў.

«Мяне называлі дамавічком Кузем»

«Ведаеце, як мяне называлі ў інтэрнаце? Дамавічок. Дамавічок Кузя. У мяне тады барада была». Максім сустракае ў дзьвярах.

Акуляры, скрыўлены хрыбетнік і нязвыкла маленькі рост — гэта тое, што відаць. У паперах — другая група інваліднасьці.

Максім жыве ў кватэры стандартных памераў
Максім жыве ў кватэры стандартных памераў

Максім запэўнівае: «карлік» ня крыўдная назва, «маленькі чалавек» — таксама.

«Крыўдна, калі цябе абазвалі „ліліпут“ (ліліпут — чалавек ростам 40-90 сантымэтраў; карлік — той, хто ніжэйшы за 147 сантымэтраў). Які ж я ліліпут?», — абураецца хлопец.

У пакоі гараць навагоднія ліхтарыкі.

«Я хачу купіць яшчэ ялінку, мэтар-паўтара, вялікую», — кажа Максім.

Ён доўга ўсаджваецца ўтульней у крэсьле, счэплівае на грудзях рукі і пачынае расказваць пра сябе.

«Мне 23 гады. Я актыўны малады чалавек», — прадстаўляецца ён.

Прафэсій у Максіма тры: абутнік, актор і барыста. Але працуе ён з кампутарам і прынтэрам у фірме, якая робіць падушкі.

«Не падыходзіце дый усё»

Хлопец схадзіў на гутаркі на пяць горадзенскіх прадпрыемстваў, дзе працуюць людзі з абмежаванымі магчымасьцямі. Яго нікуды не ўзялі.

«У адным месцы мне сказалі: „Тут толькі сьляпыя. Калі вы станеце сьляпым, мы вам рады“. На другім прадпрыемстве: „Вы нам не падыходзіце, у нас станкі на ўзроўні вашай галавы“», — успамінае Максім.

Цяпер Максім працуе з кампутарам і прынтэрам
Цяпер Максім працуе з кампутарам і прынтэрам

У трэцім месцы быў укамплектаваны штат. Фірме, якая шукала пакавальніка, не спадабаліся «непаўнавартасныя» рукі Максіма. Так ён пазбавіўся магчымасьці вязаць жгуты, рабіць пампэрсы і пакаваць скрыні. Хлопец засмучаецца, што нідзе яму не далі нават шанцу справіцца з працай: не падыходзіце дый усё.

Малады чалавек прызнаецца, што шыць абутак ён умее толькі тэарэтычна, але практычна вырабляць боты ў каледжы яго не навучылі.

Котка Ліка — адзіная, хто жыве разам з хлопцам
Котка Ліка — адзіная, хто жыве разам з хлопцам

Сваю цяперашнюю дырэктарку ён сустрэў выпадкова. Захацеў узяць кацяня па абвестцы. Калі гаспадыня коткі ўбачыла Максіма, прапанавала яму працу ў рамках дзяржаўнай праграмы адаптацыі інвалідаў. Заробак хлопцу плаціць дзяржава. Але дамова з гэтай фірмай у яго ўсяго на год.

Здаць на правы можа толькі за мяжой

Працуе Максім 35 гадзін на тыдзень. Зарабляе 407 рублёў.

Бяз працы было складаней. Дапамога дзяржавы за інваліднасьць складае 219 рублёў. Гэта менш за бюджэт пражытковага мінімуму.

Апранаецца маленькі чалавек у крамах з дарослым адзеньнем, а потым яго падкарачае. Дзіцячае адзеньне яму вузкае ў плячах і клюбах
Апранаецца маленькі чалавек у крамах з дарослым адзеньнем, а потым яго падкарачае. Дзіцячае адзеньне яму вузкае ў плячах і клюбах

За камунальныя паслугі Максім аддаваў траціну дапамогі па інваліднасьці (каля 75 рублёў).

«Моцна эканоміў. Ня мог дазволіць сабе лішні раз купіць палку каўбасы ці добрыя джынсы. Выбіраў паміж тым, каб паехаць да сяброў у Менск, ці купіць харчы на месяц», — успамінае суразмоўца.

На адну толькі дапамогу па інваліднасьці было вельмі складана пражыць, эканоміў на ўсім
На адну толькі дапамогу па інваліднасьці было вельмі складана пражыць, эканоміў на ўсім

Цяпер ён можа нават крыху адкладаць.

«Як вы думаеце, на што? Правільна, на машыну», — ківае хлопец.

Яму патрэбна з ручным кіраваньнем. Здаць на правы ў Беларусі ён ня можа, бо не хапае 20 сантымэтраў росту. Затое можна ў Расеі і Эўропе.

«Прыходзьце, калі станеце сьляпым». Як жывецца карліку ў Беларусі

«Машына для мяне не раскоша, а сродак перасоўваньня, нібы другія ногі», — кажа ён цытатай зь фільма.

На доўгія адлегласьці хлопец ходзіць толькі з мыліцамі. Інакш вельмі стамляецца, баліць сьпіна. Сьмяецца, што можа тады з гораду ўжо і не вярнуцца. Здольны сам увайсьці ў аўтобус ці сесьці ў машыну. У кепскае надвор’е езьдзіць на таксоўцы, бо хадзіць цяжка.

Звычайна Максім абапіраецца пры хадзе на мыліцы
Звычайна Максім абапіраецца пры хадзе на мыліцы

Сытуацый, калі асяродзьдзе не прыстасаванае да росту Макса, шмат. То ручка дзьвярэй у краму надта высока, то ўключаць сьвятло даводзіцца мыліцай.

Але ў адказ на пытаньне, як жывецца ў Беларусі чалавеку з маленькім ростам, Максім сьмяецца: «Ва ўсе шчыліны пралезу».

Вакол хапае таго, што знаходзіцца завысока для Максіма
Вакол хапае таго, што знаходзіцца завысока для Максіма

Дапамогі просіць рэдка. Толькі калі зусім не дае рады. Можа папрасіць некага патрымаць мыліцы, калі ўваходзіць у транспарт, або падаць руку, калі трэба саскочыць з надта высокай прыступкі.

«Мне хочацца, каб, гледзячы на мяне, людзі хацелі дапамагаць іншым. Ахвотней дапамагаюць ня тым, хто ные, а тым, хто змагаецца», — мяркуе хлопец.

«Бог мяне зрабіў такім»

Моманты, калі Максім шкадуе сябе, здараюцца рэдка і не на людзях.

Пераломны пэрыяд быў у падлеткавым узросьце. Тады Максім глядзеў на здаровых хлопцаў, які хадзілі на спатканьні зь дзяўчатамі, і задаваў сабе пытаньне, чаму так «пашчасьціла» менавіта яму. Шмат разоў малым ён чуў ад людзей, што Бог яго пакараў нібыта за грахі ягоных бацькоў. Хлопец на такую вэрсію не пагаджаўся. Свой адказ знайшоў у веры.

Максім цяпер рэдка маркоціцца з прычыны свайго здароўя
Максім цяпер рэдка маркоціцца з прычыны свайго здароўя

Каля спартовай залі зь вядомым вазочнікам Аляксандрам Аўдзевічам

«Я разумею, што Бог мяне зрабіў такім, таму я такім атрымаўся. Калі б ня вера, я б, пэўна, звар’яцеў. Бо як патлумачыць гэтае становішча?», — паказвае ён на свае рукі і ногі.

Максім вырашыў для сябе, што празь яго можа аб’явіцца Божая міласьць. Ён можа стаць прыкладам для іншых людзей, як не здавацца нават у такой складанай сытуацыі.

Цяпер хлопец езьдзіць па беларускіх і польскіх гарадах з выступамі. Расказвае людзям пра два шляхі: «Ныць і сядзець на дупе роўна» або змагацца.

Хлопец выступае як аратар і натхняе іншых не журыцца
Хлопец выступае як аратар і натхняе іншых не журыцца

Прапаведнік Нік Вуйчыч, які бяз рук і ног цешыцца жыцьцём, стварыў сям’ю і матывуе людзей па ўсім сьвеце, натхняе і Максіма.

Іншых карлікаў у асяродзьдзі Максіма няма. Адзіны, каго ён завочна ведае, — блогер Лёша Саўко з Горадні. Пра існаваньне асацыяцыі карлікаў у Беларусі хлопец таксама ня чуў.

Здымацца ў відэароліках, дзе высьмейваецца малы рост, Максім ня хоча. Лічыць, што нават для карліка гэта нізка. Але стаць кінаакторам ня супраць. Цяпер ідзе падрыхтоўка да здымак беларускага фільма, дзе большасьць герояў мае асаблівасьці разьвіцьця. Максім таксама даў згоду на ўдзел.

Максім, калі гатуе на кухні, становіцца на зэдлік
Максім, калі гатуе на кухні, становіцца на зэдлік

Ён сябруе з хлопцамі, зь якімі выхоўваўся разам у інтэрнаце, вучыўся ў каледжы. Сьцьвярджае, што ён душа кампаніі. Сябры зьбіраюцца на гарбату з ласункамі ў яго дома. Хлопец кажа, што найбольш у жыцьці любіць дапамагаць іншым.

Максім як сірата атрымаў кватэру ад дзяржавы.

«У бацькоў сваё жыцьцё, у мяне сваё»

Бацькі адмовіліся ад Максіма ў радзільным доме. Пра паталёгію стала вядома толькі на 8-м месяцы цяжарнасьці.

Хлопчык выхоўваўся ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце каля Шчучына. Крыўдзіць сябе не дазваляў. Ды і каму там было цкаваць, паціскае плячыма Максім: усе ў інтэрнаце мелі свае асаблівасьці.

Хлопец не дазваляў іншым сябе крыўдзіць у дзіцячым доме
Хлопец не дазваляў іншым сябе крыўдзіць у дзіцячым доме

Сваю маці ён бачыў потым толькі двойчы: у 13 і 16 гадоў. Яна выйшла замуж другі раз і пераехала ў Расею. Зь ёй цёплых стасункаў ня склалася.

Затое з родным татам пашчасьціла больш. Ён жыве ў Магілёве, запрашае Максіма ў госьці на сьвяты некалькі разоў на год. Другая татава жонка амаль замяніла Максіму маці.

«Я разумею: у іх сваё жыцьцё, у мяне сваё. Я не магу прэтэндаваць, каб яны мяне забралі». Хлопец кажа, што не крыўдуе на родных бацькоў.

Але ён хоча стаць лепшым татам. Думае, што ніколі не адмовіцца ад сваіх дзяцей.

Зь дзяўчынай Максім расстаўся, закахацца зноў не пасьпеў
Зь дзяўчынай Максім расстаўся, закахацца зноў не пасьпеў

Стварыць сям’ю пакуль не атрымалася. Першае каханьне здарылася ў каледжы. Яны сустракаліся некалькі месяцаў. Але неўзабаве дзяўчына знайшла сабе іншага хлопца і выйшла замуж.

«Ня трэба журыцца»

Апрача сям’і, Максім хоча адкрыць сваю кавярню ў Горадні, дзе змогуць працаваць і здаровыя людзі, і з інваліднасьцю. Ён скончыў курсы «Інклюзіўны барыста». Часам яго запрашаюць варыць каву на імпрэзах. У плянах наведаць курсы для стартапэраў і пайсьці вучыцца на эканаміста.

Уладкаваць яго на сталую працу ў кавярню пакуль ніхто не захацеў. Хлопцу патрэбен адмысловы подыюм, які падымаў бы яго на патрэбную вышыню. Але такое абсталяваньне каштуе тысячу даляраў.

«Ня трэба журыцца, здавацца, апускаць рукі, ставіць на сабе крыж, калі ёсьць цяжкасьці. Некаму горш, чым табе», — паўтарае Максім дэвіз свайго жыцьця на разьвітаньне.

Маленькі беларус верыць, што аднойчы будзе мець сям’ю, сваю кавярню і машыну
Маленькі беларус верыць, што аднойчы будзе мець сям’ю, сваю кавярню і машыну