Спадчына

«Карэнных гродзенцаў тут амаль не засталося». 90-гадовы жыхар Гродна ўспамінае жыццё пад палякамі, немцамі і саветамі

Hrodna.life працягвае публікаваць успаміны гродзенскіх старажылаў, якія ў будучыні ўвойдуць у кнігу. Гэтым разам мы расказваем пра даваенны і ваенны перыяд жыцця гродзенца Ежы Мар’янавіча Кежкоўскага, які нарадзіўся ў 1928 годзе. Успаміны гэтага чалавека прымеркаваны да гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны ў Гродне.

Мама Ежы, з роду Макарчук, была карэннай гродзенкай і нарадзілася ў Гродне ў 1900 годзе. Уся яе сям’я Макарчукоў - праваслаўныя, якія вымушаныя былі эміграваць ва Украіну падчас Першай сусветнай вайны. Праз некалькі гадоў Макарчукі вяртаюцца ў Гродна. На той момант іх родны горад быў пад польскай уладай.

«Мама расказвала, што вярнуцца яе сям'і ў родны горад было складана, — кажа Ежы Мар’янавіч. — Была ўжо мытня і не ўсіх яна прапускала. Пашанцавала, што тата мамчын быў ліцейнікам і сям'і дазволілі вярнуцца дадому. З часам у Гродне жыццё стала наладжвацца і мама выйшла замуж за польскага легіянера Кежкоўскага».

Трэба было хутка пажаніцца

У касцёле пару вянчаць не жадалі, прапаноўвалі дзяўчыне перайсці ў каталіцкую веру. Сям’я не адважылася на такі крок і пайшла ў праваслаўную царкву, дзе іх без праблем павянчалі.

«Бацькам трэба было хутка пажаніцца, бо тата ад’язджаў на фронт. На двары быў тады дзесьці 1920-ы год і на мяжы з Польшчай было шмат бандытаў. Праз чатыры гады пасля жаніцьбы тата звальняецца з войска, таму што на яго маглі падумаць, што ён шпіён — з-за рускай жонкі. Але нічога такога не было. У нас была нармальная сям’я. Мама дома малілася на рускай мове, тата на сваёй. Паміж сабой размаўлялі на польскай».

Вучыліся ў Варшаве, адкрылі дзве цырульні

Пасля таго як бацька Ежы звольніўся з войска, ён прапанаваў жонцы пераехаць у Варшаву. Сям’я з Гродна ў сярэдзіне 1920-х з’ехала ў сталіцу. Там і нарадзіўся Ежы Мар’янавіч у 1928 годзе.

«У Варшаве мама скончыла курсы майстра па манікюры, а тата цырульніка. Вучыліся яны ў французскіх і італьянскіх майстроў. За два гады навучання бацькі аддалі ў Варшаве больш за 2000 тагачасных польскіх марак. Жыць у Варшаве сям’я не магла. Праз час мама запатрабавала ў бацькі вярнуцца ў родны Гродна».

Ежы са сваёй мамай.
Вярнуўшыся ў Гродна сям’я Кежкоўскіх вырашыла адкрыць свой бізнес — цырульні. Досвед працы ўжо быў.

«У 1930-я ў нашай сям'і ўжо былі дзве цыру1льні першага разраду. Адну адкрылі ў раёне „76“ (раён былых казармаў на Чырвонаармейскай, калі там быў 76-ы полк імя Людвіка Нарбута), а другую на выглу Ажэшкі і Сацыялістычнай. Гэтага будынка цяпер ужо няма. Стрыгчыся да нас прыходзілі багатыя людзі, бо разрад цырульні дазваляў прымаць такіх кліентаў. Напрыклад, падстрыгчыся і пагаліцца ў нас можна было за 1,5 злотых, а вось у цырульнях трэцяга разраду стрыглі за 30−40 грошаў. Тады бацькоў маглі выклікаць і на дом. Памятаю, мама хадзіла да дырэктара банка, а каб да яго патрапіць, трэба было мець пропуск. Ці жонка палкоўніка Панасюка запрашала маму да сябе. Багатыя людзі маглі сабе гэта дазволіць».

Ежы Мар’янавіч распавядае, што ў 1930-я гады ў Гродне выклік цырульніка на дом каштаваў каля 2,5 злотых, але добрыя кліенты маглі плаціць і 5 злотых.

Жылі добра, пакуль бацька не звязаўся з азартнымі гульнямі

Сям’я Кежкоўскіх зарабляла добра і спачатку здымала кватэру ў раёне Сеннага рынку, а пасля на Пілсудскага (сучасная Леніна).

«Дзяцінства сваё я памятаю добра. Пакуль я не хадзіў у школу, бацькі часам пакідалі мяне з яўрэйскай суседкай Сарай Наваравай. Потым, калі мне споўнілася 7 гадоў, я пайшоў у школу. Спачатку вучыўся ў школе імя каралевы Ядвігі, а пасля таго, як сям’я пераехала на вуліцу Пілсудскага, мяне перавялі ў „батарувку“ [школа імя Баторыя, у яе будынку зараз гуманітарны каледж на Леніна — рэд.]. У першай маёй школе была дысцыпліна. Урокі ўвесь час пачыналіся з малітвы. А ў „баторувцы“ было лепш».

У 1930-х гадах Кежкоўскія жылі добра да таго моманту, пакуль глава сямейства не стаў гуляць у азартныя гульні. Гэта яго загубіла і прывяло да развалу сям'і.

«Сям'я ў нас была не бедная, але тата збунтаваўся потым. Стаў гуляць у карты, здраджваў маме. Цэлы скандал у нас быў. Яго грошы загубілі, ён стаў вельмі азартным чалавекам. Акрамя карт гуляў яшчэ ў рулетку на сучаснай вуліцы Тэльмана. Шмат грошай сыходзіла на гульні, а плаціць падаткі за цырульні трэба было, і часам не было чым. Неяк выкручваліся бацькі. Але пасля сямейных праблем цырульні апусціліся да трэцяга разраду. У выніку бацькі канчаткова пасварыліся і разышліся. Тата з маім братам паехаў у Варшаву, а мама са мной засталася ў Гродне».

Ежы ў школьнай форме разам з мамай

Пераезд у Станіславова

Пасля разводу мама Ежы яшчэ некаторы час працавала цырульнікам, але пасля закінула гэтую справу. У 1938 годзе жанчына зноў выйшла замуж, гэтым разам за знаёмага беларуса і пераехала з сынам жыць да яго ў Станіславова (раён сучаснай вуліцы Ціміразева).

«Жылі мы там у бараках на былой каралеўскай тэрыторыі, у самім жа палацы ніхто не жыў. Там быў музей і бібліятэка, туды з мясцовых мала хто хадзіў».

Пачатак Другой сусветнай, падрыхтоўка да абароны горада

Толькі год сям’я нармальна жыла ў Станіславове, неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна. Гродзенцы рыхтаваліся да абароны горада ад немцаў, а ў выніку прыйшлі саветы. Гэты перыяд жыцця Ежы запомніў вельмі добра.

«Яшчэ да нападу немцаў ў 1939 годзе былі чуткі, што будзе вайна. Людзі вырашылі дапамагаць арміі рознымі спосабамі. Перад вайной я быў у лагеры, спачатку ў Парэччы, а пасля павінен быў быць яшчэ і ў Азёрах. Месяц у лагеры каштаваў каля 60 злотых.

Але нас усіх адправілі дадому. Перад пачаткам вайны дзяцей сабралі ў школе і ўжо папярэджвалі, што немцы нападуць. У адзін дзень выступіў дырэктар «батарувкі» і сказаў: «Дарагія мае дзеці, Польшча знаходзіцца ў вельмі цяжкай сітуацыі. Трэба ўзбраенне, хто можа чым дапамагчы: жалеза, грошы». Я ўжо сабе ўяўляў што такое вайна, хоць і зразумець не мог, што гэта насамрэч. Думаў, гэта як алавяныя салдацікі.

[irp posts="74 339″ name="Горад адзін, а ўспаміны розныя: сталая гродзенка ўспамінае горад 1930−40-х"]

Я прыходжу дадому і адразу за гаршкі з крупамі бяруся, а мама пытаецца, што я варыць буду. Я ў адказ: нічога не буду, трэба для Польшчы. Сабраў гаршкі, а пасля пачаў у мамы прасіць грошы. Дзеці там прыносілі па 5−10 злотых, бедныя па 2. Мама вырашыла мне даць 50 грошаў. Я ёй у адказ: што ты мне даеш, за гэтыя грошы нічога нельга купіць, ані карабіна. Але мама казала, што за 5 злотых можна 3 дні жыць, а за 10 і тыдзень. Я кажу: мама не трэба нам жыць, трэба абараняцца, 5 злотых і канец. У выніку яна дала мне 2 злотых. Мы тады, школьнікі, думалі, што трэба абараняцца, а калі не абараняцца, то Польшча знікне з карты".

Маскі ад газу і вучэнні

Ежы Мар’янавіч успамінае, што перад пачаткам вайны некаторыя маладыя гродзенцы ішлі добраахвотнікамі ў армію. Рэкрутаў набіралі на вуліцы Бэма (за сённяшнім аўтавакзалам), каля казармаў, ім там акрамя формы выдавалі яшчэ супрацьгазавыя маскі, бо ў Гродне хадзілі чуткі, што немцы могуць скідаць з самалётаў газавыя бомбы. А гараджанам раілі шыць маскі самім.

«За пару дзён да вайны гарадскія ўлады абвясцілі, што польская авіяцыя правядзе пробны налёт на Гродна. Дзесьці ў 8 вечара. Падчас вучэнняў электрастанцыя выключаецца, пачынаюць працаваць санітары. Падчас такога пробнага налёту выла сірэна, паліцыя па горадзе хадзіла. Гараджанам выходзіць з дому было забаронена. Страшна і цёмна было ў горадзе. Праляцелі польскія самалёты. Пакружылі і паляцелі. Праз 30 хвілін святло ўключылі».

Прыгожыя скрынкі не чапаць

Па ўспамінах Ежы, калі ў Гродне паведамілі, што немцы перайшлі мяжу, на чыгуначнай станцыі 76-ы полк цалкам узброены адпраўляўся на Варшаву. У Гродне тым часам рыхтавалі абарону.

«Вайна пачалася, а мы яшчэ ў школу пайшлі. У адзін дзень самалёты ляцелі, і мы з маім калегам Тадзікам схаваліся за вуглом дома і глядзелі, якія самалёты ляцяць. Убачыў два самалёты, але дакладна гэта былі злыдні. Артылерыя гарадская па іх страляла, але збіць не ўдалося. Самалёты паспелі кінуць бомбы на «76», але не патрапілі амаль.

З пачаткам вайны казалі, што ў горадзе ёсць нямецкія шпіёны, якія на вуліцах горада раскідвалі розныя прыгожыя скрынкі, а калі падымеш іх, то яны выбухаюць. Улады папярэджвалі, каб гараджане нічога не падымалі на вуліцах".

Юны Ежы пасля першай камуніі (прычасця)

Першыя мазалі

Прыблізна 15 верасня раніцай жыхароў Станіславова падняла паліцыя і ўсім загадала капаць акопы. Маўляў, немец надыходзіць.

«Трэба было абараняцца і ўсё Станіславова паднялося. Нават я ўзяў рыдлёўку і разам з Тадзікам пайшоў дапамагаць. Людзі казалі - наша польская моладзь тут. Я быў гарадскім хлапчуком і капаць не ўмеў, а сябра мой вясковым быў і ў яго гэта лепш атрымлівалася. Пасля рыдлёўкі ў мяне мазалі былі.

Потым да нас у дапамогу прыгналі жыхароў вёскі Падкрыжакі. І калі капалі, адзін мужык з той вёскі знаёмаму казаў, што польскі ўрад ўцёк. Я спалохаўся, кінуў рыдлёўку, і думаю: што гэта робіцца — усё паўцякалі! Прыйшоў дадому, а ў нас у гасцях акурат быў дырэктар банка, які ўсё казаў, што цяжка, вельмі цяжка, а потым сышоў. Мама налівае мне ёсць, а я не магу есці. Столькі ў мяне было мазалёў, што не мог лыжку браць. Айчым мой казаў - вось жа ваяка, прыйдуць бальшавікі, я выдам цябе. Менавіта тады ўжо пайшлі чуткі, што прыйдуць у Гродна саветы".

«Што вы тут бальшавікоў чакаеце?»

З набліжэннем бальшавікоў да Гродна, у горадзе стала з’яўляцца мясцовая міліцыя з чырвонымі павязкамі. Ежы Мар’янавіч распавядае, што, па чутках, яўрэі, якія прытрымліваліся камуністычных поглядаў, нападалі на палякаў, якія адыходзілі.

«Я выйшаў неяк на вуліцу і ўбачыў польскую ўзброеную кавалерыю, за імі конная і зенітная артылерыя. Былі і лётчыкі. Каля нас яны спыніліся папрасілі паесці. Людзі ім дапамаглі, вынеслі малако і хлеб. Былі ў нас у Станіславова і тыя, хто прытрымліваўся камуністычных поглядаў. І хтосьці з іх стрэліў побач з польскімі салдатамі. Выйшаў тады з машыны капітан і сказаў: «Што вы тут бальшавікоў чакаеце? Як вам не сорамна!». Людзі сталі абурацца. Два сяржанты падбеглі да аднаго бараку, а там жылі самыя-самыя заўзятыя польскія патрыёты. Праверылі дакументы і папрасілі прабачэння. Пасля паручнік выйшаў і сказаў капітану, што трэба ехаць. Салдаты адступілі да Літвы.

Тым часам нашы загартаваныя жанчыны сталі думаць, хто ж стрэліў у афіцэраў. Яны набралі палак і грабель і пайшлі ў адзін дом, у якім па чутках збіраліся мясцовыя камуністы. Там аказаліся чатыры чалавекі. Як высветлілася, яны падгаварылі аднаго дурня Сямёна, каб той стрэліў у бок салдат. Казалі яму: «Ты Сямён стрэльні, а яны ўсе ўцякуць і тады мы назбіраем шмат трафеяў». Ён так і зрабіў, а пасля спалохаўся і ўцёк. Калі б яго знайшлі нашы жанчыны, то збілі б да паўсмерці".

Хацеў супраціўляцца, але баяўся

Калі ў Гродна прыйшлі камуністы, мама Ежы адважылася пайсці ў горад, каб купіць сыну рэчы ў школу. На вуліцах горада ўжо былі савецкія танкі.

«На плошчы Баторыя [сучасная плошча Савецкая — рэд.] адзін танк мясцовыя падпалілі, побач з кіно гарэў яшчэ адзін. Абаронцаў у Гродне ў верасні 1939 года было шмат. А я тады сядзеў дома. Мама купіла, што трэба, але прыбегла дадому перапалоханая і сказала мне сядзець дома і нікуды не выходзіць. Я баяўся, хоць і хацеў супраціўляцца».

«Як паглядзеў, што такое Расія, то за галаву браўся»

Гродзенец распавядае, што з прыходам новай улады ў Гродна, мясцовых жыхароў сталі арыштоўваць і вывозіць. У асноўным гэта адбывалася ноччу.

«На саветаў мясцовы народ узлаваўся за гэта і не хацеў з імі нічога мець агульнага. А кожны яўрэй, які раней меў краму, пры саветах адразу стаў начальнікам. Хутка яны адмаўляліся ад крам. Казалі, што яны старыя марксісты і дзесьці дакументы знаходзілі. Яўрэям больш верылі, чым падпольшчыкам беларускім і палякам.

Пры першых саветах спачатку былі чэргі ў крамах, але пасля ўсё наладзілася. Я працягваў хадзіць у сваю школу. Выкладаць нам пачалі на рускай і беларускай мовах. Усіх польскіх настаўнікаў ад выкладання адхілялі. Новыя настаўнікі нам распавядалі пра Расію і хвалілі яе. Але я як паглядзеў, што такое Расія, то за галаву браўся".

Школа імя Стэфана Баторыя ў Гродне, 1930-я гады

1941 год. Прыйшлі немцы

Самым страшным годам у Гродне для Ежы Мар’янавіча быў 1941, калі тут чарговы раз чакалі немцаў.

«Адчувалі, што вайна з немцамі будзе, але баяліся пра гэта казаць. У дзень пачатку вайны я раніцай прачнуўся, а ўсе страляюць. Выходзіш на вуліцу, а там поўнае неба нямецкіх самалётаў. З прыходам новай улады з’явіліся і новыя законы. Не пашанцавала яўрэям, іх амаль адразу ў гета. Іх тут у Гродне было два.

Палякам і беларусам жылося лепш. Калі яны хацелі, то маглі працаваць. Мама мне казала, каб я толькі не лез у палітыку і таму не цікавіўся лёсам тых жа яўрэяў і іншых. Ведаю, што вывозілі яўрэяў з Гродна ў каменданцкую гадзіну, калі людзей не было ў горадзе. Калі яўрэяў з Гродна вывезлі, можна было заходзіць у былое гета. Плаці 5 марак і бяры там што хочаш. Вядома, добрыя рэчы немцы не аддавалі гараджанам".

Каб схаваць яўрэяў адзін гродзенец забіў жонку

«Яшчэ да ліквідацыі гета ў Гродне быў выпадак, што адзін гродзенец схаваў яўрэяў, яны яму за гэта далі золата. Сказаў ён жонцы, што хавае яўрэяў, а тая вельмі баялася і прапаноўвала адправіць іх. Мужык са злосці узяў і жонку зарэзаў. Цела памерлай паклаў у пакет і пад мост. Суседзі выявілі, што няма доўга яго жонкі, і паведамілі ў жандармерыю. Мужык хутка прызнаўся і паказаў, дзе схаваў цела. Забойцу ў турму, а яўрэяў у гета забралі».

Так Ежы выглядаў у канцы 1940-х гадоў

У 13 гадоў зарабляў на сям’ю

Пры немцах Ежы Мар’янавіч працаваў на мэблевай фабрыцы. Там ён дапамагаў рабіць мэблю, а таксама чыніць скрыні для снарадаў. Немцы плацілі 29 марак у месяц. Грошы хлапчук аддаваў маме, а яна ўжо купляла на іх прадукты.

«Яшчэ пры немцах мы перабраліся са Станіславова ў Малышчына. Я працаваў у горадзе і зарабляў на жыццё нашай сям'і. Гродна ад немцаў саветы вызвалілі ў 1944 годзе. Спачатку адну частку, а недзе праз тыдзень іншую частку. Было шмат параненых, нават мы ў сябе трымалі адных і кармілі іх супам».

Амаль усе карэнныя гродзенцы з’ехалі

Пасля вайны Ежы Мар’янавіч пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу, а ў 1948 годзе быў прызваны ў рады савецкай арміі. Пасля службы ў войску гродзенец працаваў слесарам і токарам.

«Пасля вайны ў Гродне было шмат свабодных кватэр, але мы, і іншыя мясцовыя, імкнуліся іх не займаць, бо гэта чужая ўласнасць была. У любы момант туды мог вярнуцца гаспадар. Але амаль усе карэнныя гродзенцы з’ехалі хто куды, большая частка ў Польшчу. Зараз у Гродне жывуць іншыя людзі, якія прыехалі сюды з усходняй Беларусі і з Расіі. Пустыя кватэры гродзенскіх палякаў і яўрэяў у пасляваенным Гродне займалі гэтыя людзі. З сапраўдных гродзенцаў дадому ніхто амаль так і не вярнуўся».

Ежы Мар’янавіч зусім нядаўна адзначыў 90-гадовы юбілей. Сёння гродзенец жыве са сваёй жонкай, дзецьмі і ўнукамі. Цікавіцца палітыкай і гарадскім жыццём.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024