«Ствараючы праект на графічным планшэце, я „выплюхнула“ тое, што накіпела ў душы, нават не падазраючы, што ён стане настолькі прынятым і зразуметым людзьмі», — так у пачатку верасня пісала ў сацыяльных сетках гродзенская тату-майстарка Юлія Кульба. Яе малюнак «Хатні гвалт» беларусы пачалі выкарыстоўваць на аватарках у сацсетках, на плакатах на акцыях у Беларусі і за мяжой. Юлія працягнула маляваць і ўжо гатовая другая праца. Пра малюнкі, тату і краіну яна распавяла Hrodna.life.

«Хатні гвалт» — гэта першая частка трыпціху, прысвечанага падзеям у Беларусі ў 2020 годзе. Карціна спачатку была намаляваная на графічным планшэце, а потым Юлія выканала яе алейнымі фарбамі.

«Праект быў створаны яшчэ ў ліпені - гэта мой погляд на тое, што мы ўсе назіралі на працягу многіх гадоў і тое, што абвастрылася ў першай палове 2020. Стан народа, які падманулі, абмежавалі яго правы і заткнулі рот. Мая карціна пранятая болем, маім асабістым і болем многіх людзей. Я плакала, амаль кожны раз, калі сядала за мальбэрт. На карціне мая Беларусь — стомленая, згвалтаваная, вымушаная маўчаць, але яна не зламаная».

Неўзабаве пасля публікацыі малюнка ў сацсетках, Юлія зрабіла такую ж татуіроўку дзяўчыне з Ліды. «Задачай было рэалізаваць малюнак у тату, а не пладзіць як капірку ў мностве асобнікаў. Я не прыхільніца паўтараць працы. Лічу, што яны павінны быць унікальнымі».

Малюнак Юліі пачалі выкарыстоўваць на пратэстах у Беларусі. Многія ставілі яго на аватаркі ў сацыяльных сетках, рабілі прынты.

«Мне напісала велізарная колькасць людзей з просьбай выкарыстаць малюнак для друку на майках, шмат пісалі з іншых краін з просьбай выкарыстаць яго ў плакатах, на акцыях у падтрымку беларусаў. Я не супраць выкарыстання, вядома, без зменаў і пажадана са спасылкай на аўтара. Былі варыянты, калі малюнак выкарыстоўвалі са зменамі, тыпу замены сцяга на бел-чырвона-белы або замены твару тварам Ціханоўскай. Усё гэта змяняе сэнс і парушае аўтарскае права»

Татуіроўка, якую зрабіла Юлія паводле свайго малюнку «Хатні гвалт». Фота з архіва Юліі

У канцы лета Юлія прыступіла да другой часткі трыпціха. Яе яна назвала «Вецер пераменаў». На стварэнне карціны патрабавалася больш часу, чым на першую працу.

«Народ прачнуўся, выйшаў з забыцця і патрабуе „людзьмі звацца“. Ён гатовы сам вырашаць свой лёс. Вецер зрывае павязку з твару. Сёння мая Беларусь не ў роспачы, сёння яна смела і ўпэўнена глядзіць наперад… А што нас чакае наперадзе — залежыць ад кожнага з нас, ад нас залежыць і тое, якой яна будзе на апошняй частцы майго трыпціху, бо ўсе мы і ёсць народ, усе мы і ёсць Беларусь».

Другі малюнак з трыпціху. Юлія яго назвала «Вецер пераменаў». Фота з архіву Юліі

Трэці і апошні малюнак Юлія хацела б бачыць працятым сонечным святлом і шчасцем. Працу над ім яна яшчэ не пачынала.

«Сёння я абураная гвалтам, адчуваю недавер да інстытутаў улады і, як большасць людзей, чакаю пераменаў».

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.