Хутка, нядорага, без праблем: як iспанская сям’я наведала Гродна без візы

Бацькі Гіерма

Сям’я Віянуэва Лёп з іспанскага горада Альканіз сталі аднымі з першых замежных турыстаў, якія наведалі Гродна без візы. Як толькі правілы бязвізавага ўезду ўступілі ў сілу, іспанцы адразу ж вырашылі прыехаць да свайго беларускага сябра Арцёма, каб бліжэй пазнаёміцца з таямнічай краінай і яе культурай.

Замест двух месяцаў – суткі

Галоўным ініцыятарам паездкі стаў лідчанін Арцём Ткачук, якога жонка родам з Гродна. Менавіта Арцём займаўся афармленнем паездкi для сваіх іспанскіх сяброў.

“Яны прыехалі ў Беларусь толькі дзеля маёй сям’і. Напрыклад, Гiерма ўжо пяты раз у Гродне, а вось яго бацькі з-за віз не маглі прыехаць раней, і вось сёлета прыехалі ўпершыню”, – кажа Арцём. Ён напісаў Гiерма, што ўступае ў сілу закон аб бязвізавым рэжыме, і разам яны вырашылі арганiзаваць паездку для сям’i іспанца.

Гіерма і яго маці Марына
Гіерма і яго маці Марына

“Іспанцы выслалі мне сканы сваіх пашпартоў, я іх даслаў іх у гродзенскае турагенцтва. Нашым сябрам заставалася зрабіць страхоўку, атрцымаць QR-код, набыць квіткі і прыязджаць. Калі раней на гэтыя працэдуры сыходзіла два месяцы, то цяпер можна зрабіць усё за суткі”, -кажа Арцём.

3

Раней, каб зрабіць візу, іспанцам трэба было ехаць у Парыж, бо ў іх краіне прадстаўніцтва Беларусі пакуль няма. Гэта займала шмат часу, таму мала хто займаўся такімі візамі. Замежнікі не любяць, калі трэба кудысьці высылаць свае дакументы, плаціць пасярэднікам і г.д. А цяпер трэба толькі выслаць сканы сваіх дакументаў – і можна спакойна ехаць.

Арцём Ткачук з жонкай і дзіцём і іх госці з Іспаніі
Арцём Ткачук з жонкай і дзіцём і іх госці з Іспаніі

Праблем на мяжы не было

Арцём да апошняга моманту не верыў, што яго іспанскія сябры здолеюць без візы наведаць Гродна. Але гэта здарылася.

«Мы прыехалі ў Гродна, бо маем тут сяброў, – кажа Гіерма. – Я заканчваю вучобу ў Польшчы і падумаў, што лепш зараз з’ездзіць у Гродна, чым потым ляцець з Іспаніі. Бацькі прыляцелі да мяне ў Польшчу, а пасля мы ўсе разам адправіліся ў Гродна.

Бацькі Гіерма
Бацькі Гіерма

Мы 45 хвілін праходзілі беларускую мяжу. Дзіўна, але памежнік на англійскай мове спытаў, чаму мы не маем візу, а мы яму паказалі дакумент, што ўязджаем у Беларусь па новым бязвізавым заканадаўстве. Пасля памежнік спытаў пра мэту паездкі, як доўга мы будзем на тэрыторыі краіны, дзе будзем начаваць, спытаў пра наяўнасць грошай, а пасля ўзяў пашпарты і пайшоў.

Я не першы раз перасякаў мяжу і ведаю, што нам павінны былі вярнуць пашпарты, але гэта не зрабiлi. Толькі калі аўтобус пад’ехаў да шлагбаўма, мы паведамілі кіроўцы, што ў нас няма пашпартоў, ён хутка пабег і забраў. Я не лiчу што гэта праблема, проста нейкае недаразуменне. Можна сказаць, што праблем на мяжы не ўзнікла”, – распавядае Гiерма.

Хлопец адзначае, што пасля таго, як Беларусь адкрыла мяжу, сюды паедуць замежнікі, бо для многіх гэтая краіна ў цэнтры Еўропы з’яўляецца зусім невядомай.

bezvizovyie-turistyi-ispaniya-grodno_08

“Раней візу даводзілася рабіць два месяцы, а за гэты час планы маглі сур’ёзна змяніцца. Цяпер усё значна зручней. Цягам дня можна вырашыць пытанне і гэта вельмі добра і зручна. Можна прыязджаць у Гродна на выходныя. Я буду выстаўляць фатаграфіі ў сацыяльныя сеткі і буду сачыць, за тым, што будуць пісаць мае сябры, а камусьцi буду раіць як паехаць у Беларусь”.

“Важна, каб беларусы пачалі рэкламаваць сваю краіну”

Калі Гiерма да ўсходнееўрапейскага надвор’я прывык, то вось яго бацькі яшчэ некалькі сутак таму хадзілі ў майках у сонечнай Іспаніі, таму ім у Беларусі было холадна.

“Нам вельмі прыемна быць першымі далёкімі замежнікамі, якія прыехалі ў Беларусь без візы. Будзем распавядаць у Іспаніі пра свае падарожжы. Нам было вельмі проста заехаць у Беларусь, без усялякіх праблем. Яшчэ некалькi гадоў таму, калі ў нас жыў Арцём, мы завялі скарбонку і сказалі, што будзем збіраць грошы на паездку ў Беларусь. Шчыра, я не верыла, што калі-небудзь мы трапім у гэтую краіну, але, як аказалася, скарбонку прыйшлося разбіваць.

bezvizovyie-turistyi-ispaniya-grodno_05

Вядома, я ўяўляла гэтую краіну з менш яркімі фарбамі, а тут столькі святла, ёсць колеры, і ёсць на што паглядзець. Раней мы прадстаўлялі Беларусь інакш, а як прыехалі, то паглядзелі – цікавая краіна. Будзем распавядаць пра яе край нашым суайчыннікам.

Вашай краiне трэба выходзіць на новы рынак і заяўляць пра сябе. Напрыклад, калі прыйдзеш у турагенцтва ў Іспаніі і захочаш замовіць тур у Беларусь, то многія не змогуць дапамагчы, бо ніколі не звязваліся з гэтай краінай. Важна, каб цяпер беларусы пачалі рэкламаваць сваю краіну”, – распавяла Марына, мама Гiерма.

1
Паслуга турфірмы 50 рублёў, дарога з Icпанii 100 еўра, але можна ўcё зрабiць танней

Iспанская сям’я адзначыла, што калі прыязджаеш у Беларусь, то лепш мець знаёмых ці сяброў, бо можна заблытацца з дарожнымі знакамі і мовай. Да іх быў прымацаваны экскурсавод, які правёў ім экскурсію па горадзе і раздаў турыстычныя буклеты з білетам у Музей гісторыі рэлігіі. Ад паслуг турфірмы ў плане правядзення экскурсій можна адмаўляцца. Агулам паслуга турфірмы абышлася іспанцам у 50 рублёў на чалавека.

bezvizovyie-turistyi-ispaniya-grodno_03

Дарога ад самой Іспаніі каштавала 100 еўра. Госці адзначылі, што было б добра, калі б бюджэтна можна было б даляцець на самалёце да Беластока або Мінска. Сталіца Беларусі не ўваходзіць у бязвізавую зону, таму замежнікам прыйшлося ляцець да Варшавы, а потым дабірацца наземным транспартам. Пры гэтым варыянт цягніка Кракаў-Гродна не пасуе – так без візы пераходзіць мяжу нельга.

Загадзя трэба вырашыць пытанне з жыллём. Іспанцам дапамог Арцём.

bezvizovyie-turistyi-ispaniya-grodno_04

У турфірме, якая займалася сям’ёй Віянуэва Лёп, распавялі, што сайт, на якім замежнікі могуць зарэгістравацца, абнаўляецца чатыры разы ў дзень. Зараз турыст можа запоўніць заяўку на сайце з самай раніцы, а ўжо да вечара быць на мяжы. Цягам дня туды павінны прыйсці апавяшчэнне аб гэтых іншаземцах.

Бязвізавым уездам цікавяцца многія, як замежнікі, так і самі беларусы, якія хочуць запрасіць у Гродна сваіх сяброў ці сваякоў. Калі ж абласны цэнтр карыстаецца попытам у турыстаў, то вось Аўгустоўскі канал пакуль што не такi папулярны.

bezvizovyie-turistyi-ispaniya-grodno_02

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: