«З Гродна — шакалад, з Амстэрдама — сыр». Дыпламат з Нідэрландаў распавёў, што яшчэ ўзяць з сабой на памяць аб падарожжах

Часовы павераны Нідэрландаў у Беларуси Пол ван Оствейн працуе ў нашай краіне ўжо тры гады. За гэты час ён двойчы прыязджаў у Гродна. У графіку дыпламата знайшоўся час для сустрэчы з журналістамі Hrodnа.Life. Мы распыталі яго пра супрацоўніцтва паміж краінамі, турызм і асабістыя ўражанні пра Беларусь.

Пол ван Оствейн у рэдакцыі Hrodna.life
Па словах Пола ван Оствейна, Нідэрланды цэняць тое, што Беларусь актыўна спрабуе садзейнічаць стабільнасці ў рэгіёне. Напрыклад, як пляцоўка для Мінскіх пагадненняў. «Акрамя таго, Беларусь мяжуе з Еўрасаюзам і з’яўляецца часткай Усходняга партнёрства. У гэтым сэнсе Беларусь — наш сусед, таму мы адкрылі аддзяленне пасольства ў Мінску. Я не ведаю, калі тут можа з’явіцца амбасада, але думаю, самае галоўнае, што ў нас цяпер ёсць дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беларусі. Мы актыўна ўмацоўваем адносіны паміж нашымі краінамі як на палітычным узроўні, так і паміж дзелавымі коламі, а таксама паміж НДА і насельніцтвам».

Для Нідэрландаў уяўляе вялікую цікавасць беларуская сельскагаспадарчая галіна. «Галандскія кампаніі валодаюць сучасным абсталяваннем і ведамі ў гэтай галіне, уключаючы тэхналогіі, якія могуць зрабіць сельскую гаспадарку больш „зялёнай“ і ўстойлівай». З прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці з галандскай кампаніяй Lely (вытворчасць даільных робатаў) ужо супрацоўнічае прадпрыемства «Біяком».

Што тычыцца гродзенскага бязвізу, то ён пакуль не моцна паўплываў на магчымасць наведаць Беларусь для галандцаў. «З-за вялікай адлегласці большасць галандскіх турыстаў прыбывае на самалёце. Таму яны карыстаюцца агульным вызваленнем ад візаў, якое Беларусь увяла некалькі гадоў таму».

Па ўласным досведзе падарожжаў Пол ван Оствейн мяркуе, што на Гродзеншчыне галандцы напэўна ацэняць Аўгустоўскі канал: «Месцы там вельмі прыгожыя і падыходзяць для язды на ровары. Гэта дакладна спадабаецца галандскім турыстам. Яшчэ адно цікавае месца — шклозавод „Нёман“. Уражвае, што ўсе выдатныя вырабы са шкла, якія там прадукуюць, робяцца ўручную».

Ад Гродна ў дыпламата нязменна добрыя ўражанні: «Я двойчы наведаў горад і кожны раз атрымліваў асалоду ад гістарычнага цэнтра і яго атмасферы. Я думаю, што наведвальнікі цэняць разуменне гісторыі горада і яго сувязяў з суседнімі еўрапейскімі краінамі - Літвой і Польшчай.

Самай вялікай розніцай паміж гэтымі двума наведваннямі было надвор’е — у першы раз ішоў дождж, а ў наступны было сонечна".

У якасці сувеніраў з Беларусі ён прывозіць блізкім «трохі добрай беларускай бялізны ці цудоўнага шакаладу, а з Гродзеншчыны - шкляныя вырабы „Нёману“».

Беларусам, якія збіраюцца паехаць у Нідэрланды, Пол ван Оствейн раіць паглядзець гістарычныя цэнтры Амстэрдама, Лейдэна, Дэлфта і Харлема. «У нас ёсць добрыя музеі, такія як Рейксмузеум і Музей Ван Гога з класічным мастацтвам. Дзіцячы музей навукі NEMO добры тым, што там можна праводзіць эксперыменты самастойна».

А вось сувеніры з Нідэрландаў параіць больш складана: «Галоўныя сімвалы краіны — кветкі і сыр. Але яны доўга не захоўваюцца. Таму лепш забраць з сабой яркія ўражанні».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024