«У беларусаў дзяржава ў галаве». Дзяўчына кінула працу архітэктара, каб мяць гліну

Гарадзенка Вераніка Гайдэль атрымала разьмеркаваньне ў прэстыжны праектны інстытут. Аднак празь некалькі год кінула дзяржаўную працу, а за ёй і некалькі прыватных фірмаў, і пачала працаваць на сябе, піша Радыё Свабода.  Цяпер яна зарабляе на жыцьцё керамічнымі гаршчэчкамі, глязураванымі кубкамі, гогалеўскімі насамі. 

«Калі я сыходзіла з апошняй працы, у мяне торгалася вока»

«Калі я сыходзіла з апошняй працы, у мяне торгалася вока», — з усьмешкай успамінае Вераніка былое жыцьцё.

Дзяўчыну ніхто не падтрымаў у ейнай справе
Дзяўчыну ніхто не падтрымаў у ейнай справе

Тады ніхто не падтрымаў ейную ідэю пачаць уласную справу. Аднак дзяўчына працуе на сябе ўжо каля года. Акупіла першапачатковыя выдаткі і вырашыла, што болей працаваць на некага яна ня будзе. Праўда, былыя калегі дагэтуль са спачуваньнем глядзяць, як яна гандлюе на вуліцы побач зь іншымі рамесьнікамі.

Майстэрня Веранікі — у прыватным сэктары ў цэнтры гораду. Побач Нёман. Стогадовая хата засталася ад бабулі. Дзяўчына зрабіла ў ёй рамонт і цяпер ходзіць сюды, як на працу. Але не на восьмую ранку, а бліжэй да паўдня.

Майстэрня — у стогадовай хаце ў цэнтры Горадні
Майстэрня — у стогадовай хаце ў цэнтры Горадні

Гаспадыня працуе ў ботах для гор і перапэцканым чырвоным камбінэзоне. Паліцца печ. На палічках сушацца гліняныя насы Гогаля. Малюсенькія інтэрʼерныя домікі пазіраюць каляровымі вокнамі — нібы з балтыйскага ўзьбярэжжа. Рэльефную птушку-піялку хочацца ўзяць у прыгаршчы, адчуць на дотык. У сподку хаваюцца пацеркі і бранзалеты. Шэрагі квадрацікаў з гліны яшчэ ня вырашылі, чым стануць. Але іх ужо чакаюць слоікі з глязурай.

Гліняныя насы Мікалая Гогаля сталі адным з самых папулярных вырабаў сярод пакупнікоў
Гліняныя насы Мікалая Гогаля сталі адным з самых папулярных вырабаў сярод пакупнікоў

Гарбату дзяўчына запарвае ў кубках уласнага вырабу і запрашае за круглы драўляны стол бяз фарбы — больш для працы з глінай, чым для чаяваньня.

«Разумееш, што робіш лухту»

Вераніцы 31 год. Керамікай занялася невыпадкова, заўжды любіла працаваць з формай і колерам. Па адукацыі архітэктар, за плячыма мастацкая школа. Свае ранейшыя працы называе «няшчырымі»: свае абавязкі яна сумленна выконвала, але разумела, што робіць нешта кепскае.

Вераніка лічыць свае ранейшыя працы «няшчырымі»
Вераніка лічыць свае ранейшыя працы «няшчырымі»

«Мы вучылі ва ўнівэрсытэце, каб рабіць пра чалавека і для чалавека. А на працы рабілі невядома для каго, для грошай, для дзядзькоў. Тады навошта гэта рабіць?» — кажа пра прычыны зьменаў у жыцьці майстрыня.

У дзяржаўных арганізацыях тэмп працы быў запаволены
У дзяржаўных арганізацыях тэмп працы быў запаволены

Да прыкладу, забудова ў выглядзе мікрараёнаў, паводле дасьледаваньняў, шкодзіць псыхіцы людзей. Заходнія краіны адмовіліся ад мікрараёнаў і перайшлі на кварталы, дзе людзям прасьцей падтрымліваць стасункі. Але Вераніка мусіла запраектаваць шэсьць мікрараёнаў.

Ёй не падабалася, што ў дзяржаўнай канторы тэмп працы быў запаволены. Большасьць работнікаў, па ейных назіраньнях, дзённую працу расьцягвалі на тыдзень — зь перапынкамі на гарбату і гутаркі з калегамі.

«Я сядзела тры гадзіны і нічога не рабіла»
«Я сядзела тры гадзіны і нічога не рабіла»

«Я працавала хутка. У нейкі момант у мяне ўся праца скончылася. І я тупа сядзела тры гадзіны і нічога не рабіла, бо часопісы па архітэктуры гартаць нельга — гэта значыць, што ты не займаесься працай. Калі прыходзіла начальніца, іх трэба было хаваць», — кажа суразмоўца.

«Цяпер увесь час мой»

Няшчырасьць дзяўчына бачыла і ў прыватных замовах, калі кліент прасіў зрабіць праект ляндшафтнага дызайну, які не супадаў зь ейным густам. На думку Веранікі, нельга брацца за такія праекты.

Прыватныя фірмы гарадзенка ўзгадвае як час няволі
Прыватныя фірмы гарадзенка ўзгадвае як час няволі

Пра месцы ў прыватнікаў гарадзенка ўзгадвае як пра час няволі. Кажа, што там адпачынак трэба выпрошваць, а працаваць напоўніцу нельга, бо потым начальнік будзе патрабаваць такія самыя абʼёмы ўвесь час без адпачынку.

«Я палічыла, што на сталай працы ў мяне на сябе было толькі дзьве гадзіны. Цяпер увесь час мой. Я трачу яго на сябе, на сваю рэалізацыю, на тое, каб ствараць. Ніхто ня кажа, як правільна трэба рабіць», — цешыцца майстрыня.

«У беларусаў дзяржава ў галаве». Дзяўчына кінула працу архітэктара, каб мяць гліну

На печку зарабіла, зьбіраючы трускаўкі ў Нідэрляндах

Дзяўчына трапіла на менскія курсы па кераміцы, якія каштавалі 200 даляраў. Але як наладзіць працу ў Горадні? Набыць печку для абпальваньня здавалася немагчымым. Кошты вагаліся каля 2 тысяч эўра.

За печку аддала 2100 эўра
За печку аддала 2100 эўра

«Я за год працы ў дзяржаўным інстытуце адклала ўсяго 700 даляраў, каб улетку зьезьдзіць у Чарнагорыю. Зарабляла каля 300 даляраў на месяц», — кажа Вераніка.

Кінуўшы ўсе працы, гарадзенка паехала зьбіраць трускаўкі ў Нідэрлянды. За месяц зарабіла на печ. Купіла яе па дарозе, у Чэхіі, за 1800 эўра, 300 эўра пайшло на размытненьне.

«Маё „годна“ можа быць і тут»

Дзяўчыну ўразіў падыход галяндцаў да жыцьця. На ейную думку, яны ўсе працы робяць максымальна добра.

«Пасьля Галяндыі мазгі ў мяне павярнуліся»
«Пасьля Галяндыі мазгі ў мяне павярнуліся»

«Пасьля Галяндыі мазгі ў мяне павярнуліся. У нас, беларусаў, нейкая штука ў галаве, што нельга зарабіць, што табе дзяржава павінна. Калі хочаш, то бяры адказнасьць на сябе, нічога ні ад кога не чакай, і ўсё будзе», — мяркуе Вераніка.

На ейную думку, можна займацца ўсім, чым хочаш, толькі трэба гэтаму пасьвячацца. Тады і любімая праца дасьць дастаткова сродкаў для жыцьця.

«Жыць годна — гэта рабіць тое, што ты хочаш»
«Жыць годна — гэта рабіць тое, што ты хочаш»

«Я магу паехаць у Польшчу. І што далей? Што значыць „жыць годна“? Маё „годна“ можа быць і тут. Канечне, гэта не пра грошы. Гэта рабіць тое, што ты хочаш», — цьвердзіць суразмоўца.

Яна пераканалася, што на дзяржаўнай працы ў чалавека ёсьць ліміт: заробак не мяняецца гадамі, і няважна, як ты працуеш.

Ва ўласнай справе заробак вагаецца ад нуля да бясконцасьці
Ва ўласнай справе заробак вагаецца ад нуля да бясконцасьці

Калі працуеш на сябе, заробак можа быць ад нуля да бязьмежнасьці. Абмежаваньні, на думку майстрыні, у чалавека ў галаве. Па ейных словах, вялікія магчымасьці дае інтэрнэт — прыкладам, можна паказваць свае вырабы ў інстаграме, можна рэклямаваць сябе на выставах, фэстывалях. Аднак Вераніка хоча засяродзіцца на мастацтве і менш часу аддаваць продажам.

Рабіць кубкі — адна прафэсія, прадаваць — іншая
Рабіць кубкі — адна прафэсія, прадаваць — іншая

«Ты робіш кубкі, і мазгі ў цябе павернутыя на тое, як рабіць кубкі. Прадаваць — ужо другая прафэсія, фатаграфаваць — трэцяя, пісаць тэксты ў інстаграм — чацьвёртая, пакаваць і адсылаць — пятая», — кажа дзяўчына.

На абсталяваньне аддала 10 тысяч эўра

Усяго Вераніка патраціла на абсталяваньне і сыравіну для працы каля 10 тысяч даляраў. Самы дарагі набытак — печ. За ганчарнае кола аддала 500 эўра. Глязур розных колераў, якой яна пакрывае вырабы, каштуе па 5 эўра слоік. Тыя слоікі займаюць паліцы на дзьвюх сьценках.

Выдаткі склалі 10 тысяч эўра
Выдаткі склалі 10 тысяч эўра

Беларуская ачышчаная гліна, зь якой ужо можна працаваць, каштуе па 50 капеек за кіляграм. Але дзяўчына пераходзіць на гішпанскія гліны, якія каштуюць у пяць разоў больш.

Ад беларускай гліны да 50 адсоткаў браку. Яе нельга набыць з сэртыфікацыяй, з гарантыяй і пазнакай фізычных уласьцівасьцяў, кшталту трываласьці. Замежныя гліны сэртыфікаваныя.

Зь беларускай гліны шмат браку
Зь беларускай гліны шмат браку

Абпальвае свае вырабы майстрыня ноччу, калі электрычнасьць каштуе менш. За месяц за электраэнэргію яна плаціць 50 даляраў.

Дзеля мастацтва трэба «праганчарыць» тоны гліны

Каб авалодаць керамічным мастацтвам, мяркуе Вераніка, трэба «праганчарыць» тоны гліны. Гэта фізычна цяжкая праца. У першыя месяцы ў дзяўчыны балела сьпіна, рукі. Вераніка хоча спэцыялізавацца на арт-абʼектах, інтэрʼерных упрыгожваньнях, а менш займацца посудам і падобнымі рэчамі, якія маюць практычную вартасьць.

Амаль цэлы дзень Вераніка праводзіць у майстэрні
Амаль цэлы дзень Вераніка праводзіць у майстэрні

Яна думае, што важна напісаць маніфэст, вызначыць, чым хочаш займацца.

«Вельмі цяжка вытрымаць і не прагнуцца пад тое, што папулярна, а рабіць тое, што табе падаецца важным», — разважае дзяўчына.

Свой маніфэст Вераніка вызначыла як шчырасьць
Свой маніфэст Вераніка вызначыла як шчырасьць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: