Горад

Чабурэкі па-гродзенску: рэканструкцыя 90-х і турыстычная атракцыя бязвізавага Гродна

Набраць поўныя лёгкія паветра, нахіліць галаву і спусціцца па чатырох прыступках у падвальчык пад шыльдай «Чабурэчная». Гатова. Вэлкам ту 90-я. Тут, у камяніцы старога горада, ужо больш за чвэрць стагоддзя гатуюць шэдэўр савецкай кулінарыі - чабурэкі «па-гродзенску». Мяняцца можа што заўгодна — ад цаны да палітычных строяў. А гэтыя чабурэкі застаюцца. Мяркую, ніводзін дызайнер не змог бы запраектаваць падобны шэдэўр. Такая эклектыка можа ўтварацца і падтрымлівацца толькі натуральным чынам, па нейкіх нікому невядомых законах гарадскога жыцця, што непадуладныя санстанцыі і модзе.

Сентыментальным турыстам, сталым замежнікам з памежжа, наведванне «Чабурэчнай» напомніць ліхую маладосць. Маладзейшым — без слоў патлумачыць, што трэба ведаць пра часы позняга Саюза. Тут усё — ад паху да кантынгенту, строга адпавядае каларыту таго часу. Пабачыўшы сінюю светадыёдную стужку падсветкі на каменных мурах сценаў і вожык зразумее, што такое еўрарамонт па-багатаму. І цалкам верагодна, што пастаяўшы ў чарзе толькі пару хвілін, наведвальнік адчуе жаданне па-саўковаму нахаміць касірцы, калі акажацца, што нешта завісла і немагчыма разлічыцца карткай.

Пра тое, як гатуюць чабурэкі, мы разведалі летась. Сёлета, зазірнуўшы ў чабурэчную, канстатуем: на чабурэчным фронце без змен. Усё стабільна. Таму леташні расповед загадчыцы вытворчасці «Чабурэчнай» Ірыны Равінскай і повара Аляксандры Мазюк застаецца актуальным.

Адметнае цеста — без дражджэй, яек ці масла

Для прыгатавання чабурэкаў можа выкарыстоўвацца рознае цеста — нават дражджавое ці слаёнае. Але ў «чабурэках па-гарадзенску» гэта простае прэснае цеста. Для яго прыгатавання патрэбны толькі мука і малако.

Цеста павінна быць тугім, для яго замеса выкарыстоўваюць цестамясільную машыну. Максімальная закладка мукі на адзін замес можа быць да 20 кілаграмаў, але звычайна гатуюць цеста ўдвая меншымі порцыямі, каб было заўжды свежым. Пасля замеса яго вытрымліваюць 10 хвілін і раскатваюць у тонкі ліст. Робіць гэта таксама машына.

Класічная начынка — фарш і цыбуля

Мяснога начыння ў чабурэку — 40 грамаў і складаецца яно з мяснога фаршу і цыбулі. Са спецый дадаюцца толькі соль і чорны перац. Гэта класіка, якой трымаецца ў тым ліку і гарадзенская закусачная.

Ручная лепка

Лепяцца чабурэкі уручную, па тры адразу. Па паласу цеста пасярэдзіне выкладаюцца тры порцыі начыння, накрываюцца цестам і прыціскаюцца. Застаецца толькі выразаць спецыяльным нажом паўколы з начыннем пасярэдзіне.

Найменшая тлустасць

Яшчэ адна адметнасць чабурэкаў «па-гарадзенску» ў тым, што яны гатуюцца без фрыцюра — проста абжарваюцца на чыгуннай патэльні з невялікай колькасцю алею.

Такі спосаб гатавання больш адпавядае здаровай ежы, бо так прыгатаваныя чабурэкі утрымліваюць менш тлушчу. На выхадзе гатовы чабурэк мае вагу 90 грам.

youtu.be/OnpeHhKCnc0

Этыкет у чабурэчнай

Ядуць чабурэкі без прыбораў, рукамі, таму яны падаюцца парцыйна, на талерках і з папяровымі сурвэткамі. Што да «Сямейнага» ці «Кінг Сайз» чабурэка, то яго прынясуць на вялікай агульнай талерцы, а кожнаму з кампаніі пададуць асобную талерку і прыбор. Разам з чабурэкамі ў закусачнай традыцыйна замаўляюць гарачы бульён з кубікаў, таматны сок, кампот і салаткі з гародніны.

Навінкі закусачнай — «Чабурэк сямейны» і «Чабурэк Кінг Сайз»

Калі летась «Чабурэчная» нанова адкрылася пасля рамонту, тут абмяркоўвалі і варыянты абнаўлення меню. Былі прапановы нават піцу гатаваць. Але вырашылі ўсё ж вытрымаць аднаўленні ў згодзе з традыцыямі, а ў якасці навінак прапанаваць наведвальнікам розныя варыяцыі чабурэкаў і віды начынняў. Напрыклад, «Сямейны» чабурэк гатуюць з сырам, грыбамі, мясам ці некалькімі складнікамі адразу. Могуць прапанаваць і чабурэк для веганаў. Вага стравы складае 450 грамаў.

Сёлета ў меню «Чабурэчнай» дадалася яшчэ самса і - (тут маюць гучаць фанфары) - чабурэк Кінг Сайз. Яго гатуюць на замову, то праз пару хвілін вам пададуць гарантавана свежаспечаны гіганцкі чабурэк — 270 грамаў сапраўднага савецкага шчасця. Смакуе правільна, праверана на сабе.

N.B. — звярніце ўвагу

Перад выхадам з чабурэчнай варта перапытаць, які сёння дзень і год, каб вынырванне з 90-х не нарабіла шоку. «Кесонная хвароба» пасля глыбокага пагружэння ў час можа выражацца цяжарам у страўніку. (Годы-годы, а я столько с’ела). Лепшыя лекі ў гэтым выпадку — час і настальгічныя ўспаміны.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Як лепш адбудаваць гродзенскую ратушу: тлумачыць гісторык

Гродзенская ратуша цягам стагоддзяў не раз змяняла свой выгляд, а ў 1949 годзе яе канчаткова…

20 мая 2024

Бойка ў рэстаране і пустыя кінатэатры: пра што пісалі газеты ў Гродне 100 гадоў таму

Якія падзеі з жыцця Гродна асвятляла мясцовая газета "Echo Grodzieńskie" ў 1924 годзе? Вытрымкі з…

19 мая 2024

Спячыце самі і пачастуйце сяброў. Тры рэцэпты да дня выпечкі

Пірог з ласосем, слойкі з садавінай ці тварожныя вафлі – давайце адзначым Сусветны дзень выпечкі…

19 мая 2024

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024