Пяць фактаў пра кнігу беларускіх гістарычных анекдотаў і пяць гісторый з яе

Новая кніга Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анекдот» — першае выданне ў жанры сучаснага гістарычнага анекдота, у якім сабрана больш за паўтысячы вясёлых і не вельмі вясёлых гісторый з удзелам больш як сотні вядомых беларускіх пісьменнікаў, дзеячоў культуры і палітыкі, піша svaboda.org

Беларусы — гістарычная нацыя і вартыя мець гістарычны анекдот

Аўтар «Беларускага гістарычнага анекдота» ўпершыню задумаўся пра складанне гэтай кнігі больш як 15 гадоў таму, пазнаёміўшыся з расійскім прафесарам эстэтыкі, аўтарам трохтомнага выдання «ХХ стагоддзе ў паданнях і анекдотах» Юрыем Боравым.

Высветлілася, што Бораў не мог прыгадаць ніводнага беларускага анекдота. Тады Сяргей Шапран палічыў, што такая сітуацыя несправядлівая: беларусы — нацыя старажытная, гістарычныя асобы ёсць, анекдоты таксама існуюць, але яны практычна не сабраныя. Адзінай падобнага кшталту працай была кніга Льва Казлова «З дазволу караля і вялікага князя» — але яна абмежавалася часамі Вялікага Княства Літоўскага.

Пяць фактаў пра кнігу беларускіх гістарычных анекдотаў і пяць гісторый з яе
Аўтар кнігі Сяргей Шапран

Што такое гістарычны анекдот?

Паводле Шапрана, гістарычны анекдот — своеасаблівая побытавая хроніка. Яна часта застаецца ніяк не зафіксаванай, але адмаўляць ёй у праве на існаванне нельга і нават недаравальна, бо гэта, можна сказаць, некананізаваная гісторыя.

Для гістарычнага анекдота трэба, каб былі гістарычныя асобы. У беларусаў яны ёсць. І героямі кнігі сталі больш за сто асобаў, пра якіх сабрана больш за пяцьсот анекдотаў.

Першым апавядальнікам быў дзядзька Рыгор

Дзеля пачатку Сяргей Шапран пайшоў да беларускіх літаратараў — Рыгора Барадуліна, Уладзімера Арлова, Уладзімера Някляева, іншых. І занатаваў іхныя аповеды.

Першым апавядальнікам быў Рыгор Барадулін. У адной з гісторый паэт прыгадваў, як школьныя настаўнікі віталі падчас сустрэчы пісьменніка Івана Мележа, кажучы, як яны рады бачыць жывога класіка. А той сціпла адказаў: «Ледзь жывога…» Паводле Шапрана, гэта класічны прыклад беларускага гістарычнага анекдота.

Гістарычны анекдот — гэта не абавязкова смешна

Юры Бораў падзяліўся з Шапранам анекдотам, якім ён ганарыцца найбольш. Гэтую гісторыю яму распавёў карэспандэнт газеты «Правда» нехта Рыклін, які ў 30-я гады на адной з нарадаў Палітбюро на чале са Сталіным трапіў на агульны здымак.

У 30-я гады вяліся масавыя рэпрэсіі, і захоўваць здымкі ворагаў народу было небяспечна. І вось Рыквін пачаў вырэзваць з гэтага агульнага фатаздымку спачатку журналістаў, потым членаў Палітбюро, і дарэзаўся да таго, што засталіся толькі ён і Сталін. А калі Хрушчоў развянчаў культ асобы Сталіна, то Рыквін выразаў і правадыра — і застаўся зусім адзін.

Адзін з анекдотаў, які не ўвайшоў у кнігу

Вядомай актрысе Купалаўскага тэатра тэлефануе журналістка-пачаткоўка і просіць аб інтэрв’ю з нагоды ейнага юбілею. Прыма пагаджаецца, прызначае час і месца сустрэчы і пасля гэта чуе пытанне: «Скажыце, калі ласка, а як я вас пазнаю?»

Паводле Шапрана, гэта не адзіная гісторыя, якая не ўвайшла ў ягоную кнігу, а таму ёсць спадзеў, што гістарычныя анекдоты будуць збірацца і далей.

Пяць анэкдотаў з кнігі

Алексіевіч і Гарбачоў (анекдот пра Святлану Алексіевіч)

Былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, упершыню ўбачыўшы Святлану Алексіевіч, быў шчыра здзіўлены:

— Гэта ты, такая маленькая, такі-ія кнігі напісала?!

Пісьменніца знаходліва парыравала:

— Ну, вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі!

Сапсаваны прымач (анекдот ад Рыгора Барадуліна)

1958 год. З Польшчы студэнты прывезлі ў падарунак кафедры беларускай літаратуры філфаку БДУ радыёпрымач. Кіраўнік групы кажа: «Зараз вы пачуеце Маскву!» — і ўключае радыё, а там нешта гаворыць і раптам: «Мы перадаём праўду пра Савецкі Саюз. Вы слухаеце „Голас Амерыкі“». — «Выключайце! — закрычаў напалоханы кіраўнік. — Прымач сапсаваны!»

Алібі (анекдот ад Уладзіміра Арлова)

На прэзентацыі «Дзесяці вякоў беларускай гісторыі» да Уладзіміра Арлова падышоў чытач, які папрасіў падпісаць кнігу для жонкі: гэта, маўляў, будзе адначасова і алібі, што ён быў не дзе-небудзь, а на сустрэчы з Арловым, і падарункам жонцы. Арлоў, падпісваючы кнігу, пажадаў невядомай яму жанчыне, сярод іншага, і незалежнасці (маючы на ўвазе незалежнасць Беларусі). Аднак гэта не спадабалася чытачу — ён доўга хадзіў вакол, а калі публіка разышлася, выказаў нарэшце сваю незадаволенасць:

— Мая жонка — замужняя жанчына. І таму павінна быць залежнай ад мужа!

Па-суседску (пра Васіля Быкава)

Малдаўскі пісьменнік Іён Друцэ прыгадваў, як Васіль Быкаў распавядаў пра сваё жыццё ў Гродне. Ён жыў у адным доме з кіраўніком абласнога КДБ. Неаднойчы здаралася, што ўвечары Быкаў сустракаўся з кімсьці з літаратараў у аддзяленні Саюзу пісьменнікаў, абмяркоўваў небяспечныя тэмы, а раніцай ягоная жонка разам з жонкай кіраўніка КДБ развешвала ў двары бялізну на суседніх вяроўках, і тая выгаворвала ёй:

— Навошта твой учора зноў у палітыку лез? Навошта пра свабоду гаварыў? Чаго ён на сценку лезе?!

Правіла (пра Уладзіміра Караткевіча)

Па сведчанні Анатоля Забалоцкага, Караткевіч ніколі не кранаў у рэстаранах накрухмаленыя сурвэткі, тлумачыў:

— Не начальства ж іх мые, а бабулі за капейкі. Абыдземся.

Раім пачытаць

Каментары