Мікалая ведаюць у гарвыканкаме, на мясцовым тэлебачанні, у касцёле і гродзенскай турме- «крытцы». Ён дапамагае пітушчым людзям вярнуцца да нармальнага жыцця, спявае, працуе, калекцыянуе манеты, гадуе дзяцей. Палову ўласнага жыцця ён быў алкаголікам, а апошнія дзесяць гадоў не выпівае ні грама спіртнога — інакш усё можа вярнуцца. У свае 46 ён дакладна ведае, што былых алкаголікаў не бывае. Расказвае TUT.BY.

Хоць Мікалай змог нанова адбудаваць сваё жыццё, яго прынцып — не загадваць на будучыню далёка. «Сёння я цвярозы, 24 гадзіны, а што будзе заўтра — я не ведаю. Раптам мяне зловіць кампанія і сілком напоіць», — смяецца ён. Зараз ён гадуе трох малодшых дзяцей, дапамагае старэйшым — сыну і дачцэ, ёсць ужо двое ўнукаў. Жонка Святлана, з якой яны разам 26 гадоў, кажа, што 15 з іх яна чакала, калі Коля перастане піць. Усё ж такі дачакалася. Яна падтрымлівае яго ва ўсім, нагадвае пра дні нараджэння дзяцей. Пара пазнаёмілася ў навагоднюю ноч каля раённай елкі, а праз месяц Мікалай зрабіў прапанову.

Коля слухае рок, носіць «касуху», увесь час жартуе. Калісьці яму далі мянушку «Дызель» — за няўрымслівасць. Яго жыццё дзеліцца на «да» і «пасля» вяртання да цвярозасці. Пра перыяд «да» распавядае спакойна, не апраўдваецца, але становіцца сур’ёзным.

Трапіў у два працэнты

Перастаць піць Мікалаю дапамаглі ананімныя алкаголікі. Яму прапанавалі наведаць сход адной з групаў, калі пасля чарговага жорсткага запою пайшоў «здавацца» ў абласную клініку «Псіхіятрыя-наркалогія». Ён лічыць, што каб падняцца, трэба дайсці да самага дна, але ў кожнага яно сваё.

Цяпер замест дзён нараджэння ён адзначае юбілеі цвярозасці. Апошнія гадоў шэсць «Дызель» сам дапамагае арганізоўваць групы ананімных алкаголікаў, штогадовыя форумы, працуе з вязьнямі.

«Праз мяне прайшло чалавек 200, напэўна. Я ведаю, што чалавек 5−6 працягваюць хадзіць на групы. Калі на групу прыходзіць 100 чалавек, і застаюцца два — гэта добра. Я трапіў у гэтыя два адсоткі».

Не сарвацца — не проста. Патрэбна безупынная падтрымка групы — калектыўная тэрапія, калі тыя, хто змог спыніцца, дзеляцца сваім досведам, а пачаткоўцы — набалелым. Група слухае, не асуджае, падтрымлівае, калі больш няма каму. Важна прызнаць праблему, якую тыя, што п’юць, зазвычай адмаўляюць. Нельга нават спрабаваць алкаголь, калі ўсведамляеш, што гэта спіртное, а не проста торт на каньяку.

«У мяне 10 гадоў цвярозасці, але мой алкагалізм заўсёды са мной, ён стаў хітрэйшым, чакае моманту».

Мікалай ездзіў па турмах, адкрываў групы на «хіміі». У Лідзе вёў адзіную ў свеце групу на жаночай «хіміі». Калі турэмнае кіраўніцтва пачало ставіць свае ўмовы — проста сышоў, бо адно з правілаў арганізацыі ананімных алкаголікаў - нікому не падпарадкоўвацца. Мікалай пакінуў кантакты, каб жанчыны маглі звяртацца па дапамогу.

У крытую турму № 1 у Гродне звычайна не пускаюць з тэлефонамі. Мікалая, калі ён прыходзіў працаваць са зняволенымі, — пусцілі. На яго нумары тады быў тэлефон даверу для алкаголікаў. У любы момант мог патэлефанаваць чалавек, якому патрэбна дапамога — каб падняцца з дна або туды не ўпасці. Тады дамаўляліся аб сустрэчы, Коля адразу ж прыязджаў: «Калі чалавек саспеў, з ім пажадана пагутарыць сам-насам». Большасць згаджаліся пайсці на групу, на першую сустрэчу Мікалай прыводзіў, далей — хто як сам вырашыць. «Маткай я не працаваў».

Да цвярозасці

Праблемы ў Мікалая з алкаголем пачаліся ў вучылішчы: мяняліся кампаніі, былі блатныя, судзімыя. Тады Коля і адчуў, што ён нейкі не такі. «Сябры выпівалі і ішлі на дыскатэку, да дзяўчат, а я піў, піў, і мне ўжо было не да дзяўчат. Як зрываеш стоп-кран». У войска забралі з другога разу, так як напярэдадні першага напіўся і зваліўся на пляцы.

Падчас службы паспрабаваў біць татуіроўкі. Спачатку зрабіў сабе, просты швейнай іголкай. Потым стаў біць і іншым, разлічваліся з ім гарэлкай. Ужо ў перыяд цвярозасці ў Мікалая з’явілася тату: «Рабіць тое, што дастаўляе задавальненне — значыць быць свабодным». Для яго гэта дакладна не пра выпіўку.

Фото: Надежда Вишневская

«Дызель» невысокі і з выгляду шчуплы, але заўсёды быў фізічна моцным. Займаўся каратэ у клубе «Юны дзяржынец» пры міліцыі, калі яно яшчэ было забаронена ў СССР. Дамогся поспехаў, нават трэніраваў, але спорт кінуў - таксама праз алкаголь. У перыяд да цвярозасці зарабіць звычайна замінала выпіўка. Нават з напаўлегальнага продажу спіртнога ў маладосці яго «папрасілі» сябры: каб не прагаварыўся па п’яні. Назапасіць грошай не ўдавалася.

Пасля развалу саюзу Коля пайшоў працаваць фрэзероўшчыкам, навучыўся піць тэхнічныя спірты. Потым сем гадоў адпрацаваў на мясакамбінаце. Як рабочы задавальняў - працаголік, меў некалькі прафесій, разрады. Але моцна піў, хоць і быў «ціхім». Там пачалі кадзіраваць, але стала толькі горш.

«Нармальны псіхолаг не лезе ў галаву, — перакананы Мікалай. — Калі „падшываць“ — даюць выпіць, і цябе вынітуе на месцы, бо прэпараты блакуюць вывядзенне алкаголю. Маўляў, вып’еш больш — наогул памрэш. Пасля шостай кадзіроўкі мне мозг пачало адымаць цалкам, зрывала планку, было ўсё роўна, хто перада мной — ці супрацоўнік міліцыі, ці дзядуля».

Фото: Надежда Вишневская

Пасля працы на мясакамбінаце стаў абыякавы да выгляду крыві. З-за гэтага, яшчэ калі піў, і позна ўвечары яго атачала моладзь, а ён разумеў: будуць біць, — сядаў і не бараніўся, каб нікога не пакалечыць.

Непітушчы бармэн

Аздобай і рамонтам Мікалай займаецца даўно, ёсць свой стыль. Гэтай зімой дзеля сям'і пайшоў на завод — даходы з рамонтаў непастаянныя, а падаткі ІП высокія. Але новая праца не падабалася: з-за вячэрніх зменаў не трапляў на рэпетыцыі рок-гурта, у якім спяваў, і сустрэчы ананімных алкаголікаў. Тады гаспадыня бара, які нядаўна адкрыўся ў Гродне і для якога ён рабіў аздобу і мэблю, паклікала працаваць бармэнам.

Пра смак піва і фірмовых настоек Коля распавядаў кліентам на памяць паводле апісанняў уладальніцы. Рука дакладна мерала, колькі наліць — засталася памяць цела. Кажа, што калі на працы раіў выпіўку іншым, нічога надзвычайнага не адчуваў. «Гэта ж я не ўмею піць, калі чалавек умее — чаму не». Вясной з бара ён усё ж пайшоў, праўда, не з-за страху сарвацца. Кажа, не спрацаваўся з калегай, якая магла перабраць з алкаголем, — стала некамфортна працаваць.

Мікалай вярнуўся да рамонтаў: хоць і пандэмія, але лета, багата працы на прыватных катэджах.

«У рок прыходзяць і співаюцца, а я туды ад гэтага сышоў»

Цяжкую музыку Коля слухае са школы, а пару гадоў таму сам заняўся вакалам, удзельнічаў у тэлепраекце «Я — Артыст», выступае з мясцовымі кавер-гуртамі і на мерапрыемствах ананімных алкаголікаў.

— Многія прыходзяць у рок-музыку і співаюцца, а я туды ад гэтага сышоў, — кажа ён.

Як пачатковец Коля выйшаў у фінал праекта «Хачу спяваць». Удзельнічаць падштурхнула жонка, сам камплексаваў. На кастынг рыхтаваў Nautilus Pompilius, але ў апошні момант перадумаў і праспяваў песню свайго бацькі пра Гродна. Тата Мікалая, таксама Мікалай, — кампазітар, вядомы ў горадзе музыкант, у яго калектыве пачынаў кар’еру гітарыст Дзідзюля. Колькі Мікалай-малодшы сябе памятае, тата піў. Памёр ад алкагалізму.

Зараз, каб адчуць кураж на чужым канцэрце і ў час свайго выступу, Колю не трэба піць. На мерапрыемствы ананімных прыносіць сваю флешку з музыкай — і можа «адрывацца» на танцпляцы па некалькі гадзін.

Праз каранавірус заняткі вакалам і рэпетыцыі з гуртом пакуль спынілі, але самога Мікалая час ад часу запрашаюць выступаць у бары. Пакуль усё на паўзе, думае над удзелам у яшчэ адным музычным праекце.

Важна, які ты сёння

— У ананімных алкаголікаў ёсць фішка: мы не такія, як усе, — кажа Мікалай. — Ёсць мы і ёсць соцыум. Соцыум мяне ніколі не зразумее: я быў у яго шкуры, а ён у маёй — не. І я разумею, што гэта залежнасць, невылечная хвароба.

У ананімных алкаголікаў ёсць праграма «12 крокаў» для тых, хто захоча кінуць піць. Калі ў ёй згадваецца бог, маецца на ўвазе вышэйшая сіла, якая для кожнага свая. Яе дапамогу трэба прыняць, прызнаўшы сваю слабасць, праблему. Коля — перакананы атэіст і матэрыяліст.

«Я будаўнік. Калі спрабаваць прабіць сценку галавой, яна не зламаецца. Але ёсць вышэйшая сіла — перфаратар. Пры дапамозе гэтай вышэйшай сілы я магу перамагчы гэты бар’ер». У кожнага — свой інструмент і свой шанец.

— У нас няма ні палітыкі, ні веравызнання. Не важна, кім ты быў, важна, які ты сёння, — распавядае ён.

Усяго ў Гродне дзейнічае восем групаў ананімных алкаголікаў. З-за пандэміі каранавіруса некаторыя групы сышлі ў онлайн, сустракаюцца ў Zoom, цяпер гэта асноўная форма працы. Хоць, як кажа Мікалай, не ўсе змаглі перабудавацца: хтосьці дрэнна ўмее карыстацца інтэрнэтам, у кагосьці і тэлефона няма. Сустракацца ў афлайне працягваюць тры групы.

Фото: Надежда Вишневская

Сайт ананімных алкаголікаў Беларусі: aabelarus.org
Ананімныя алкаголікі Гродна: aagrodno.narod.ru. Тэлефонная служба АА Гродна: (8 029) 5 836 951, e-mail 375 295 836 951@yandex.ru