Што пісаў у яўках з пакаяннем у КДБ экс-кіраўнік гродзенскага аблздрава Андрэй Стрыжак

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Праз амаль месяц маўчання былы кіраўнік гродзенскага аблздрава Андрэй Стрыжак даў паказанні па справе, дзе яго вінавацяць у атрыманні хабараў. Ён прызнаў не ўсе эпізоды. Таксама ў судзе агучылі яўкі з пакаяннем, якія чыноўнік пісаў пасля затрымання на імя кіраўніка КДБ, піша TUT.BY.

Экс-кіраўніка гродзенскага аблздрава Андрэя Стрыжака судзяць за хабар. Паводле матэрыялаў следства, за чатыры гады ён атрымаў ад бізнесменаў, якія паставілі (або збіраліся) медтэхніку ў бальніцы і дыспансеры, каля 35 тысяч рублёў – у якасці «падзякі» за своечасовы разлік за тавар.

Сярод хабарадавальнікаў у судзе былі згаданыя такія пастаўшчыкі, як «Тангенс», «Геол-М», «Белреамед» і «Медысфера». У судзе адзін з бізнесменаў згадваў: нярэдка аплату за тавар «цягнуць» з-за праблем фінансавання аховы здароўя, што абарочваецца стратамі. А са Стрыжаком, паводле яго слоў, «было прыемна мець справу»: той дамагаўся разліку. За гэта потым удзячныя бізнесмены прыносілі яму грошы: хто 5 тысяч еўра, хто 10 тысяч долараў.

Да гэтага дня абвінавачваны захоўваў маўчанне. Ён быў згодны даць паказанні толькі пасля допыту сведак і вывучэння матэрыялаў справы (усяго 10 тамоў). Нагадаем, яму пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

У судзе абвясцілі, што пасля затрымання ў КДБ Андрэй Стрыжак напісаў дзве яўкі з пакаяннем. Усе яны пачынаюцца аднолькава:

«Добраахвотна і без прымусу паведамляю пра факты сваёй супрацьпраўнай дзейнасці, звязанай з атрыманнем незаконных узнагарод. (…) Матывам напісання з’яўляецца маё шчырае раскаянне», – пазначана там.

Чыноўнік пацвердзіў суду, што пісаў іх асабіста.

У яўках Стрыжак напісаў пра чатырох меркаваных хабарадавальнікаў – бізнесменаў Ранчынскага (прадстаўнік фірмы «Медысфера»), Ладуцьку («Геол-М»), Аганесяна («Белрэамед») і Сабалеўскага.

Там ён пералічвае: вось у сталічным ГЦ сустракаўся з Уладзімірам Ладуцькам, праз пару тыдняў пасля поўнага разліку з фірмай за ўжо пастаўленую прадукцыю. Бізнесмен уручыў «папяровае выданне са словамі «пачытайце-паглядзіце інфармацыю па медыцынскім абсталяванні». Унутры быў канверт з 5 тысячамі долараў. Потым па такой жа схеме атрымаў яшчэ 3 тысячы.

У яшчэ адной яўцы фігуруе імя Мікалая Аганесяна: «Ён перадаў цэлафанавы пакет з брашурамі са словамі “тут праспекты па новым медабсталяванні”. (…) Пазней убачыў у пакеце брашуры і канверт з 500 доларамі. Як я зразумеў, за арганізацыю аплаты па кантракце».

Таксама згаданы Барыс Ранчынскі, ад якога ён нібыта атрымаў грошы за «вылучэнне дадатковых сродкаў» на адрас абласных устаноў, каб тыя купілі запчасткі для рамонту складанага абсталявання, якое ўжо абслугоўвала фірма «Медысфера». Дакладную дату і месца перадачы хабараў Стрыжак не памятае, сумы – 5-6 тысяч еўра і пазней яшчэ 1 тысяч.

На працэсе згадалі, што ва ўласнасці ў Стрыжака – чатыры карціны (удакладнена, у першай рэдакцыі было слова «кватэры». – Заўвага. TUT.BY).

Адвакат удакладніў у фігуранта, ці выплочваў ён падчас следства шкоду.

«Так, я пагасіў шкоду па [названых] эпізодах», – адказаў Стрыжак.

Паводле яго слоў, было пералічана 19,7 тысячы долараў. Абвінавачванне ж налічыла больш за 30 тысяч долараў шкоды – і менавіта гэтыя грошы патрабуе спагнаць з былога кіраўніка аблздрава.

На пытанне аб адносінах да прад’яўленага абвінавачвання Стрыжак адказаў лаканічна:

«Прызнаю часткова па той суме, якую паказваў. (…) Тое, што зрабіў свядома, – у зробленым раскайваюся».

Нагадаем, у краіне зараз ідуць следства і судовыя працэсы па маштабнай гучнай «справе медыкаў». Упершыню пра яго распавёў старшыня КДБ Валерый Вакульчык летам 2018 года. Паводле яго слоў, сумы хабараў даходзілі да 350 тысяч долараў, камітэт затрымаў 33 чыноўніка са сферы аховы здароўя. Затрымання працягваліся, але некаторыя фігуранты паспелі выйсці на свабоду (ім змянілі меру стрымання) і вярнуцца на працу, толькі ўжо ў іншым статусе. Напрыклад, не галоўнага, а шараговага лекара. За кратамі апынуліся не толькі супрацоўнікі аховы здароўя, але і кіраўнікі, супрацоўнікі камерцыйных структур. Па версіі следства, яны давалі лекарам хабары,
каб установа закупляла іх абсталяванне.

Як паведамілі TUT.BY раней у КДБ, Камітэт дзяржаўнай бяспекі цяпер вядзе папярэдняе следства па 4 крымінальных справах, у рамках якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асоб сістэмы аховы здароўя і 63 асобы – уласнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і работнікі камерцыйных структур.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: