«Адпрацаванае паліва атрымаем праз 4 гады пасля першай загрузкі». У Астраўцы абмеркавалі ядзерныя адкіды

Намеснік галоўнага інжынера БелАЭС Аляксандр Парфёнаў

У Астраўцы, побач з якім будуецца Беларуская атамная станцыя, абмяркоўваюць, што рабіць з адпрацаваным ядзерным палівам. Ужо ясна, што хаваць ядзерныя адкіды будуць у Беларусі, а цяпер абмяркоўваюць канкрэтныя схемы, па якіх наша краіна будзе з імі працаваць, піша TUT.BY.

Першае паліва для БелАЭС збіраліся даставіць у канцы 2018 года, але пакуль яго не прывезлі. Чакаецца, што яно паступіць на станцыю ў пачатку 2019 года. Ужо летам Беларуская атамная станцыя, а канкрэтна – яе першы энергаблок, пачне сваю працу. Як мяркуецца, на поўную моц першы энергаблок запрацуе да канца года.

– На наступны дзень пасля гэтага або нават у тую секунду, як касета трапіла ў актыўную зону, мы маем справу з адпрацаваным ядзерным палівам, – патлумачыў намеснік галоўнага інжынера БелАЭС Аляксандр Парфёнаў. – Касеты будуць працаваць па чатыры гады ў актыўнай зоне, потым іх будуць змяшчаць у басейны вытрымкі пры БелАЭС. Гэта значыць праз чатыры гады мы плануем атрымаць першае адпрацаванае паліва.

У басейнах вытрымкі адпрацаванае паліва трэба захоўваць, таму што яно валодае рэшткавым цеплавыдзяленнем – прасцей кажучы, яно яшчэ занадта «гарачае».

– Яго трэба захоўваць там да прыймальных энергавылучэнняў – гэта прыкладна 10 гадоў. Кантэйнеры (для перавозкі. – заўвага. TUT.BY) дапускаюць загрузку касет з энергавылучэннем парадку 2,2 кілавата. Гэта значыць касета сувымерная з вылучэннем абагравальніка, калі яе адгружаюць куды-небудзь, – адзначыў Аляксандр Парфёнаў.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Ужо адзначалася, што стратэгія разглядае тры асноўныя варыянты абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам, усе яны зводзяцца да таго, што ў канчатковым выніку адкіды будуць хаваць у Беларусі.

Варыянт 1. Напраўленне апрамененай цеплавыдзяляльнай зборкі (АЦВЗ) Беларускай АЭС на перапрацоўку ў Расію з улікам працяглага захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП) у Расіі, з наступным вяртаннем высокаактаўных адходаў (ВАА) і іх пахаваннем ў Беларусі.

Варыянт 2. Напраўленне АЦВЗ БелАЭС на перапрацоўку ў Расію, з улікам працяглага «сухога» захоўвання АЯП на тэрыторыі Беларусі і з наступным вяртаннем і пахаваннем ВАА ў Беларусі.

Варыянт 3. Доўгае захоўванне АЦВЗ, у тым ліку з іх наступным пахаваннем ў Беларусі (без адпраўкі ў Расію).

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Спікер адзначыў, што сярод асноўных дакументаў, на якія абапіраліся распрацоўшчыкі стратэгіі па абыходжанні з адходамі, – два міжурадавыя пагадненні з Расіяй: за 2009 і ў 2011 годзе. Прычым у 2011 годзе ў пагадненні “Аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі РБ атамнай станцыі” краіны дамовіліся, што адкіды з БелАЭС падлягаюць вяртанню ў Расію для перапрацоўкі, умовы павінна вызначыць асобнае пагадненне.

Дакладчык ад БелАЭС адзначыў, што ў якасці прыярытэтнага разглядаецца варыянт № 1. Другі варыянт вельмі блізкі да яго па сваёй сутнасці, ён адрозніваецца ў асноўным працягласцю захоўвання адходаў у Беларусі да адпраўкі яго на перапрацоўку ў Расію. Трэці варыянт (без адпраўкі ў Расію на перапрацоўку, насуперак міжурадавым пагадненням) прапанавалі абмеркаваць таму, што альтэрнатыўных варыянтаў патрабуе закон. Аляксандр Парфёнаў дадаў, што трэці варыянт, без адпраўкі на перапрацоўку, найменш экалагічны з усіх трох.

Навошта адпраўляць адпрацаванае ядзернае паліва з БелАЭС на перапрацоўку?

– У Расійскай Федэрацыі плануецца вылучэнне пры перапрацоўцы цэзіевай-стронцыявай фракцыі, – тлумачыць Аляксандр Парфёнаў.

Перапрацоўка дазваляе знізіць актыўнасць ядзерных адходаў.

Акрамя Расіі, ядзерныя адкіды ў свеце ўмеюць перапрацоўваць яшчэ ў трох краінах: у Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі, удакладнілі на абмеркаванні.

На абмеркаванні распавялі пра некалькі спосабаў пахавання адпрацаваных ядзерных адходаў у іншых краінах. Напрыклад, у Фінляндыі якраз цяпер распрацоўваюць глыбіннае геалагічнае пахаванне. Сур’ёзнае збудаванне з падземнымі камунікацыямі на глыбіні каля 500 метраў у скальных пародах, з сеткай тунэляў, шахтамі, адпрацаванае паліва будуць хаваць у бетон ўнутры горных парод у чыгуналіцейных медных капсулах. Быў прыклад і з Запарожскай АЭС ва Украіне: «сухое» кантэйнернае захоўванне на адкрытай пляцоўцы. Такое ж «сухое» захоўванне ў кантэйнерах увасоблена на Ігналінскай атамнай станцыі ў Літве. Там усе 120 кантэйнераў ўжо запоўненыя.

– І гэта побач з мяжой краіны мы маем вось такое сховішча, – адзначыў Аляксандр Парфёнаў.

«Сухое» кантэйнернае захоўванне выкарыстоўваецца і ў Чэхіі, але там кантэйнеры з ядзернымі адкідамі змешчаныя ў ангар.

На думку прадстаўніка БелАЭС, перапрацоўка ядзерных адходаў у Расійскай Федэрацыі дазволіць “не гарадзіць” у Беларусі тое, што робяць у Фінляндыі. А ў Беларусі адходы пасля перапрацоўкі можна будзе пахаваць “у прыпаверхневых пабудовах”.

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: