125 гадоў Максіму. 20 нечаканых фактаў з жыцця Багдановіча, якіх вы не ведалі

Максім Багдановіч, 1911

Міхась Стральцоў у сваёй «Загадцы Багдановіча» пісаў: «Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, — тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчымая перспектыва. 3 Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету. (…) Каб пражыў ён больш, хто ведае, чым маглі б мы быць сёння (…) Дзе сёння былі б яго ўзмыленыя, ускінутыя над роднай старонкай коні? Яго няма — ляціць яго „Пагоня“». 20 малавядомых фактаў з жыцця паэта прыгадвае svaboda.org.

bagdanovich-maksim-2
Марыя Багдановіч з Максімам (першы вядомы здымак паэта), 1892

1. Маці засмучалася, калі Максім і ягоныя браты размаўлялі па-беларуску

У лісце да мужа Адама Багдановіча (29-га траўня 1895 г.) Марыя Багдановіч пісала пра сваіх дзяцей: «…Вось толькі кепска, што сталі гаварыць па-беларуску і часам такое слоўца ўлупяць, што хоць пад зямлю праваліся».

bagdanovich-maksim-3
Сям’я Багдановічаў, 1894

2. Немаўлём засынаў толькі тады, калі з ім танчылі

Як успамінаў бацька («Матэрыялы да біяграфіі Максіма Адамавіча Багдановіча», 1923): «…ён іначай не засынаў, як пад калыханне на руках, а неўзабаве стаў патрабаваць, каб з ім танцавалі (…), і бедная маці (як і бацька) проста выбівалася з сіл ад гэтай ягонай ранняй схільнасці да рытму. Даволі доўга працягваліся гэтыя скокі з прыпеўкамі».

bagdanovich-maksim-4
Максім Багдановіч (сядзіць злева) з цёткай і братамі, 1897

3. Яго ледзь не скалечыла родная цётка

Адам Багдановіч адзначаў: «У два месяцы ён адчуў велізарны боль. Маці, выкупаўшы яго, хацела пасыпаць, дзе трэба, дзіцячай прысыпкай.

— Пасвяці, — сказала яна сястры.

Тая падышла з лямпай. Цыліндрычнае шкло трэснула (…), распалены цыліндар падае проста на жывоцік. Жахлівы крык дзіцяці. Маці аслупянела ад жаху. Я кінуўся на крык, схапіў шкло з цельца, якое звівалася ад болю. З’явіўся пухір велічынёй з далонь».

bagdanovich-maksim-5
Адам Багдановіч са сваёй другой жонкай Аляксандрай Волжынай

4. Любімая цацка ў дзяцінстве — Ванька-ўстанька

Максім Багдановіч пісаў: «Памятаю, у дзяцінстве ён вельмі забаўляў мяне. Колькі разоў я перакульваў яго з аднаго боку на другі, клаў на спіну і, адымаючы руку, весела выкрыкваў:

— Ванька! Устань-ка!

(…) Памятаю і тое, як (…), ахоплены жаданнем зразумець, у чым тут справа, не вытрымаў і ўрэшце разламаў «Ваньку-ўстаньку».

bagdanovich-maksim-6
Максім Багдановіч са старэйшым братам Вадзімам, 1893

5. У дзяцінстве ледзь не адкусіў сабе язык

Паводле ўспамінаў бацькі: «…у 1897 г. з Максімам здарылася маленькая катастрофа: ён адсек сабе зубамі кончык языка. Бегаў (…), паслізнуўся і ўпаў, стукнуўшыся барадой аб падлогу, кончык языка павіс. Поўны рот крыві. (…) Хірург стаў прышываць (…) Ні гуку, ні стогну. (…) праз тыдзень (…) кончык прырос, а нітку Максім з’еў».

bagdanovich-maksim-7
Адам Багдановіч

6. Іранізаваў над захапленнем сваіх сучаснікаў грэка-рымскай барацьбой

Пра гэта пісаў у фельетоне «Міжнародны чэмпіянат і яраслаўцы» (газета «Голос», 1909, № 189): «Усюды (…) толькі і гаварылі пра тое, як адзін чэмпіён спрытна «зашчаміў» другога і як гэты другі стукнуў трэцяга па вуху, якое лопнула (…), мы накіраваліся — шчаслівыя — глядзець барацьбу. (…) На арэне ўжо валяліся дзве напаўаголеныя фігуры… Барцы, звяртаючы на публіку нуль увагі, цяжка саплі. (…) Аказалася, што чэмпіён Пецярбургу «Ату яго» схапіў няправільным прыёмам чэмпіёна Фінляндыі «Я не паддамся». Але апошні паспеў неяк вылузацца і апынуўся «ў партэры».

bagdanovich-maksim-8
Максім Багдановіч

7. З ахвотай кідаўся ў спрэчкі

Максім Багдановіч спрачаўся з роднымі, сябрамі, настаўнікамі (асабліва з адным бацюшкам, якому даводзіў, што Бога няма). Па ўспамінах бацькі: «У патэтычных месцах, каб падкрэсліць сваю думку, ён [Максім Багдановіч — В. Дэ Эм.] б’е кулаком па стале, а калі няма аргументаў, абодва кулакі прыціскае да грудзей альбо да плячэй, быццам адтуль хоча выціснуць больш сілы. Жэсты палымяныя, нязграбныя, (…) словы недастаткова выяўляюць тое, што за імі хаваецца. Кожнае сваё палажэнне, якое ён выказваў у караценькіх, адрывістых словах, суправаджаў запытальна: «Так?» і, не дачакаўшыся вашай згоды, вывальваў новыя палажэнні, нязменна суправаджаючы іх тымі ж: «Так?», «Так?».

8. Не любіў слова «стыль»

У лісце да рэдакцыі «Нашай нівы» (14 лістапада, 1912) пісаў: «Паміж іншым, на які пёс і Вы і я ўжываем слова „стыль“, — у Насовіча памешчана слова „кшталт“, і значэнне яго, здаецца, тое ж самае».

bagdanovich-maksim-9
Максім Багдановіч сярод таварышаў-гімназістаў, 1911

9. Быў непаслухмяным вучнем

Ва ўспамінах бацькі: «Максім рэдка ўважліва слухаў выкладчыкаў (…). Па натуры жывы, рухавы, ён так жа трымаў сябе і ў класе: круціўся, размаўляў з суседзямі, жартаваў, смяяўся (…), гуляў у шашкі (…), спазняўся ці сыходзіў з урокаў (…), бегаў па класе. (…) Спаскі [выкладчык — В. Дэ Эм.], гістэрычна крыкнуў:

— Багдановіч, ідзіце вон!

Максім заявіў пратэст супраць такіх недалікатных адносін і адмовіўся падпарадкавацца».

bagdanovich-maksim-10
І. Пратасеня. «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год» (1982)

10. Заводзіў раманы па перапісцы, а пасля адчуваў сябе вінаватым, калі бачыў дзяўчыну наяве

Паводле ўспамінаў Зоські Верас, Багдановіч ёй казаў: «Маю толькі адно прыкрае перажыванне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з адной асобай з Мінску (назавём яе N). Завязалася лістоўная прыязнь, шчырасць. Вось, прыехаўшы і пазнаёміўшыся асабіста, уся мая прыязнь да яе развеялася. Не магу ёй адказаць тым самым, не магу… і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасць… Ці ж гэта можа не балець?»

bagdanovich-maksim-11
Ганна Какуева, каханая Максіма Багдановіча

11. Гераіню расійскіх народных казак Алёнушку цаніў вышэй за Афелію

«Ёсць, напрыклад, цудоўны тып, — вельмі ж я яго люблю, — тып добрай расійскай дзяўчыны (…) Алёнушкі. (…) Цвёрда кажу, што тып гэты можна вышэй нават паставіць за шэкспіраўскіх тыпаў. Ёсць у Шэкспіра Афелія, напрыклад, і, няма гаворкі, цудоўная яна, але наколькі ж драбней яе вобраз у параўнанні з Алёнушкай нашай. Вядома, і смешным і недарэчным падасца вам гэтае параўнанне маё, але падумайце крыху і, быць можа, вы адчуеце, што ў гэтых словах ёсць свая праўда».

bagdanovich-maksim-12
Стэнсіл з выявай Максіма Багдановіча

12. У юнацтве быў анархістам і падазраваўся ў тэрарызьме

Ва ўспамінах бацькі: «…старэйшы сын Вадзім (…) стаў адным з арганізатараў (…) гімназічнага гуртка эсэраў, а малодшы Максім, каб паказаць, што і ён не горшы, (…) ужо ў чацвёртым класе стварае гурток анархістаў. (…) Ён не толькі закінуў вучобу, але і сваю любімую беларусістыку». Ягоны сябар Зміцер Крылоў узарваў у гімназіі лесвіцу. Адам Багдановіч успамінае: «Ён [Максім. — В. Дэ Эм] імкнуўся прыбраць з кватэры ўсё, што магло кампраметаваць яго таварыша, таму з класа ўцёк да яго на кватэру адразу пасля выбуху. (…) На допыце трымаў сябе (…) смела і нахабна, спрачаўся, свой удзел у падрыхтоўцы выбуху адмаўляў (…)».

bagdanovich-maksim-13
Ракуцёўшчына

13. Засмучаўся, што Расія мала цікавіцца Украінай

У газеце «Голос» (1916, № 12) пісаў: «Ход падзеяў паказаў, што ўкраінскае пытанне мае вельмі прыкметнае месца сярод праблемаў міжнароднай палітыкі (…). Даводзіцца прызнаць, што слабая цікавасць, якую ўдзяляе расійскае грамадства ўкраінскаму пытанню, наўрад ці нармальная».

bagdanovich-maksim-14
Валянцін Волкаў. Партрэт Максіма Багдановіча, 1927

14. Выказваў спадзяванне, што расійская інтэлігенцыя падтрымае беларусаў у іх імкненні да самастойнасці

У артыкуле «Беларусы» (часопіс «Национальные проблемы», 1915, № 2) адзначаў: «Думаецца, што расійская інтэлігенцыя можа сустрэць гэтыя спадзяванні і імкненні з абсалютным спачуваннем. (…) Яна можа працягнуць сваю руку беларускай інтэлігенцыі. Яны не чужыя адна адной. Бо апошняя робіць менавіта тое, што складае сэнс існавання ўсялякай інтэлігенцыі: яна развівае народную культуру. Гэтая культура ў краі была нацыянальнай беларускай культурай. Адсюль узнік беларускі нацыянальны рух».

bagdanovich-maksim-15

15. Падчас Першай сусветнай вайны марыў, каб славянскія землі выйшлі са складу Аўстра-Венгрыі

Багдановіч пісаў (брашура «Браты-чэхі», 1914): «Адно несумненна: славянскія землі (…), павінны быць ва ўсялякім выпадку вылучаны з іх межаў [Аўстра-Венгрыі. — В. Дэ Эм.]. Гэта з’яўляецца запаветнай марай цэлага шэрагу славянскіх народаў. Гэта (…) неабходна для самой Расіі. Гэтага ж патрабуе ад нас і пачуццё сямейнай блізкасці да ўсяго астатняга славянства і, нарэшце, пачуццё простай справядлівасці».

bagdanovich-maksim-16
Алесь Бяляцкі каля магілы Максіма Багдановіча. Ялта, 1979 год

16. Лічыў, што русіфікацыя касцёла прывядзе да яшчэ большага апалячвання беларусаў-каталікоў

У артыкуле «На беларускія тэмы» (часопіс «Украінскае жыццё», 1916, № 2) адзначаў: «…прапанаваная мера [русіфікацыя — В. Дэ Эм.] вельмі небяспечная, нежыццяздольная і магчымым сваім вынікам будзе мець зрух у бок Польшчы — зрух, можа быць, непапраўны. І ці не трэба прызнаць, што ўлада не ў стане абараніць беларусаў ад апалячвання, што яна здзейсніла вялікую памылку, прыглушаючы нацыянальныя сілы беларускага народа, што адзіная надзея ў адраджэнні гэтых сіл, якія абуджаюцца?»

bagdanovich-maksim-17

17. Верыў у забабоны

Барыс Мікуліч апісвае ягоны другі прыезд у Мінск: «Сёстры Бядулі даглядалі яго, але хворы быў прыдзірлівы і злы (…) Было з ім люстэрка ў металічнай аправе, якое ён бярог. (…) Перад ад’ездам (…) сястра Бядулі выпадкова разбіла люстэрка Багдановіча. Бледнасць заліла яго і без таго бледны твар, і ён прашаптаў: «Усё, цяпер усё».

bagdanovich-maksim-18
Сям’я Альберта Паўловіча
bagdanovich-maksim-19
Уладзіслаў Галубок

18. Яго таленту зайздросцілі Альберт Паўловіч і Уладзіслаў Галубок

Паводле Вацлава Ластоўскага («Мае ўспаміны аб М. Багдановічу»), «…Альберт Паўловіч і Галубок (…) нападалі на беззмястоўнасць вершаў М. Багдановіча, а асабліва А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразоўваючы паасобныя звароты вершаў М. Багдановіча, каторага стала называў не па прозвішчы, а „ваш Лесавік“. (…) Ніякія аргументы (…) не мелі ўплыву. Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўтарская амбіцыя, што ў нашым мініятурным часопісе, замест іх твораў, займаецца месца пад вершы Багдановіча». Багдановіч у адказ пісаў пра творчасць Паўловіча (артыкул «Глыбы і слаі» («Наша ніва», 1911, № 5)): «…у жартах А. Паўловіча куды ні зірні — усё той жа куртаты змест, гумар каторага зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах, усё той жа валючыйся з ног рытм, тыя ж абы-як толькі падабраныя рыфмы».

bagdanovich-maksim-20
Вацлаў Ластоўскі

19. Рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў адмаўляўся друкаваць ягоныя першыя творы

Паводле Ластоўскага: «На пачатку траўня месяца (…) Максім Багдановіч (…) прыслаў у „Нашу ніву“ маленькі сшытачак (…) твораў (…). Нябожчык Ядвігін [Ядвігін Ш. — В. Дэ Эм.] ахрысціў гэты сшытачак „дэкадэншчынай“. (…) сшытак вярнуўся з перагляду (…), перакрэслены сінім алоўкам з надпісам рукой А. Уласава „В архів“. (…) Праз некалькі тыдняў (…) Максім Багдановіч прыслаў (…) новых вершаў (…), але вершы былі зноў „дэкадэнцкія“ і дзеля гэтага трапілі ў тую ж папку (…) „В архів“. Там яны пралежалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на свет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захапленнем стаў бараніць іх…»

20. Крытыкаваў мадэрністаў, але ў сваёй прозе любіў ужываць яркія экспрэсіяністычныя вобразы

Багдановіч іранічна ставіўся да творчасьці мастакоў суполкі «Бубновы валет», лічыў, што ад многіх твораў Янкі Купалы патыхае «грубым сімвалізмам», але ў сваёй прозе дазваляў сабе яркія экспрэсіяністычныя сцэны. У мініятуры «Страшнае» (1914-16) ён апісвае, як па забітым жаўнеры паўзе мураш: «Вялікі руды мураш вынырнуў з валасоў (…), прабег па яго скроні і папоўз праз вока. І павека не здрыганулася, і па-ранейшаму шырока раскрытыя былі яго вочы. Гэта было страшна».

bagdanovich-maksim-22
Сяргей Вакар. Помнік Максіму Багдановічу

Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы педагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы).

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: