“Радыё Свабода” сабрала 10 найлепшых беларускіх выданьняў, якія дырэктарка менскай кнігарні «Акадэмкніга» Вольга Глухоўская рэкамэндуе падарыць на Новы год і Каляды.

Хоць скептыкі кажуць, што папяровыя кнігі ўжо нямодныя, усе перайшлі на «лічбу», электронныя ці аўдыёкнігі, сапраўдныя бібліяфілы ўсё адно шануюць і цэняць друкаваную кнігу, якую можна «памацаць», перагарнуць старонку, вярнуцца назад.

1. Альбом «Беларусь. Храм і краявід». Культавая архітэктура Беларусі

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

У альбом увайшлі 152 унікальныя фатаздымкі Дзяніса Раманюка, на якіх 86 храмаў і мноства краявідаў. Кожны здымак храма суправаджаецца падрабязным апісаньнем з дзьвюх частак. У першай частцы, напісанай вядомым гісторыкам архітэктуры Сяргеем Харэўскім, пададзена дакладная навукова-гістарычная інфармацыя.

Другая частка, лірычная, Дзяніса Раманюка.

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

«З выявай сьвятыні краявід становіцца асаблівым. І гэты бліскучы дуэт, пад акампанэмэнт мастацкай фатаграфіі і падрабязных апісаньняў, загучаў у маёй новай кнізе. На яе старонках я сабраў з розных куткоў Беларусі найлепшыя прыклады ўнікальнай архітэктурнай спадчыны, якія выглядаюць яшчэ больш эфэктна на фоне маляўнічых відарысаў», — адзначае аўтар.

Альбом трохмоўны: на беларускай, расейскай і ангельскай. Дзяніс Раманюк працаваў над праектам амаль 20 гадоў. Здымкі беларускіх храмаў рабіліся ў розныя поры году з выкарыстаньнем розных тэхналёгій.​

2. «Смак беларускай кухні»

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Багата ілюстраванае падарункавае выданьне.

Аўтарка тэксту — шэф-кухар Алена Мікульчык, фуд-стыліст — Андрэй Шчукін, выдавец — Дзяніс Раманюк.

Больш за дзесяць гадоў аўтарка езьдзіць у кулінарныя экспэдыцыі па Беларусі і блізкім замежжы, дзе жывуць суайчыньнікі, з мэтай знайсьці і запісаць унікальныя рэцэпты.

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

У кнізе рэцэпты страў зь сялянскай, гарадзкой, карчомнай, шляхецкай і каралеўскай кухняў. Алена Мікульчык прапануе старадаўнія стравы, пададзеныя ў сучаснай аўтарскай апрацоўцы, арыентаванай на тое, каб кожны мог паўтарыць рэцэпт. Тут гульбішнік, цярцюха, пячыста, стронга. Некаторыя рэцэпты яна пакінула бязь зьменаў, асучасьніўшы апісаньне тэхналёгіі і інгрэдыентаў. У рэцэпты астатніх страў унесла праўкі, каб наблізіць смак да цяперашніх уяўленьняў пра «смачнае». Ёсьць і рэцэпты старажытных беларускіх напояў — ня толькі крамбамбулі і хранавухі, але і памяранцаўкі, ядлоўцаўкі, каляднай наліўкі «ратафія».

3. Міхал Анемпадыстаў. Дызайнэрскі альбом «Колер Беларусі»

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

«Колер Беларусі» стаў апошняй вялікай працай дызайнэра, філёзафа, паэта, фатографа Міхала Анемпадыстава.

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Шыкоўная візуальная частка кнігі суправаджаецца аўтарскімі тэкстамі, якія апісваюць галоўныя беларускія колеры — паходжаньне, іх назвы, гісторыю распаўсюду на асобных тэрыторыях, сымбалічную інфармацыю і тыя чыньнікі, што ўплывалі на ўсталяваньне пэўных калярыстычных прэфэрэнцый і стыляў. Дасьледуючы колер як фэномэн культуры і маркер традыцыі, аўтар паказвае гісторыю стыляў і задае пэўны ракурс для разуменьня ўласнай ідэнтычнасьці.

4. Айчына. Маляўнічая гісторыя Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Кніга для кожнай беларускай сям’і, захапляльнае падарожжа ў часе. Хаця адрасаваная яна найперш дзецям і падлеткам, прачытаць яе карысна і дарослым: бацькам, дзядам і бабулям, настаўнікам.

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Першая частка ахоплівае пэрыяд ад старажытнасьці да канца XVIII стагодзьдзя. З Полацкай зямлі эпохі Рагвалода і Рагнеды, Усяслава Чарадзея і Эўфрасіньні чытач трапляе ў іншыя старажытнабеларускія княствы — Смаленскае і Тураўскае, а затым у Вялікае Княства Літоўскае. У магутнай дзяржаве ад Балтыйскага да Чорнага мора панавала беларуская мова, якая была дзяржаўнаю. На ёй гаварылі вялікія князі ды магнаты, на ёй пісалі законы і вялі дыпляматычнае ліставаньне, складалі летапісы і друкавалі кнігі.

5. «Залатая шарсьцінка, срэбраная павуцінка»

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Беларускія народныя казкі з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава.

Шыкоўна аздобленая кніга для дзяцей.

Пад вокладкай — 14 народных казак, упершыню запісаных дасьледчыкамі ў ХІХ стагодзьдзі, а для гэтай кнігі пераказаныя пісьменьнікам Уладзімерам Ягоўдзікам. Большасьць казак малавядомыя.

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Ілюстратар кнігі Павал Татарнікаў — адзін з трох у сьвеце мастакоў, які двойчы атрымліваў прэстыжную міжнародную ўзнагароду для ілюстратараў «Залаты яблык».

6. «Калядны гном для Фіндуса» швэдзкага пісьменьніка Свэна Нурдквіста з ілюстрацыямі аўтара

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Сапраўдны калядны раман з 17 частак.

Галоўны герой кнігі Пэтсан паабяцаў коціку Фіндусу, што да іх на Каляды прыйдзе Калядны гном. Але ж Пэтсан ведае, што ніякага Каляднага гнома не існуе. І ён вырашае сам змайстраваць гнома, які б рухаўся і размаўляў. Але трэба зрабіць гэта так, каб Фіндус ні пра што не здагадаўся. Аднак вельмі хутка Пэтсан разумее, што гэта вельмі складана і амаль немагчыма. Стары ўвесь час нешта робіць у сваёй майстэрні, і коціку здаецца, што на яго зусім забыліся. Калі Каляды ўрэшце надыходзяць, Пэтсан вельмі хвалюецца, як усё спрацуе. Але здараецца цуд.

7. Каляндар «Не маўчы па-беларуску» на 2020 год

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Гэтым разам каляндар прысьвечаны важнай тэме — экалёгіі. Усе ведаюць, што такое бажан, скрыпень, віхраслуп, Птушыная дарога ці Зорны кол?

З календара вы даведаецеся, як па-беларуску правільна называюцца зьявы прыроды і сузор’і, птушкі, жывёлы, расьліны і многае іншае. Гэта сакавітыя беларускія словы, праілюстраваныя 366 арыгінальнымі малюнкамі на кожны дзень. Кожны месяц адзначаны адмысловай прыказкай. Каляндар складаецца з 40 невялікіх гісторый, збольшага пададзеных у форме «тыдняў».

8. Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры. «Маленькі прынц» (з малюнкамі аўтара, у перакладзе Ніны Мацяш)

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

«Маленькі прынц» — філязофская казка, якая выйшла ў 1943 годзе ў Нью-Ёрку і з таго часу была перакладзена больш як на 250 моў і выдадзена мільёнамі экзэмпляраў па ўсім сьвеце.

На беларускай мове ўпершыню кніга пабачыла сьвет у 1989 годзе ў перакладзе Ніны Мацяш. Пазьней перакладчыца дапрацоўвала і рэдагавала тэкст. Кнігу перавыдалі ў 2017 годзе. І сёлета, праз 30 гадоў, кніга па-беларуску выйшла ўжо трэці раз. Гэтая казка даўно ўжо разышлася на цытаты:

«Відушчае толькі сэрца. Сама галоўнага вачыма ня ўбачыш». «Ты заўсёды ў адказе за ўсіх, каго прыручыў. Ты ў адказе за сваю ружу…»

9. Ніл Гілевіч «Мая муза — беларусачка» (сэрыя «100 вершаў»)

10 найлепшых беларускіх альбомаў і кніг, якія варта падараваць на Новы год і Каляды

Зборнік адкрываецца творам, напісаным у 1947 годзе, — «Першая клятва (Родная мова)». А завяршаецца кароткім вершам 2000 году:

Вы, пэўна, лічыце, што ў гэты сьвет

Я і прыйшоў для баявога чыну.

О не, сябры! Мне Божы запавет

Быў іншы — славіць сонца і жанчыну.

Але Радзімы ўкрыжаваны лёс,

І для самога Бога неўспадзеўку,

Маю душу на барыкады ўзьнёс,

Дзе і трапечацца яна на дрэўку.

10. Генадзь Бураўкін «Ніці лёсу» (сэрыя «100 вершаў»)

У кнігу ўвайшлі лірычныя вершы, многія зь якіх даўно сталі клясыкай беларускай літаратуры. Яна аздобленая карцінамі вядомага мастака Леаніда Шчамялёва з фондаў Нацыянальнага мастацкага музэю.

Я веру:

нешта ў сьвеце застанецца.

Застанецца

на роднай зямлі грудок.

Застанецца

на роднай мове радок…