Навіны

Каля 15 беспілотнікаў забралі за год у жыхароў Гродзенскай вобласці

Беспілотнікі альбо канфіскоўвалі з-за правапарушэнняў, альбо знаходзілі, прызнавалі безгаспадарнымі і звярталі ў абарот дзяржавы. Хтосьці нават спрабаваў завезці дрон з-за мяжы — і адмовіўся ад маёмасці. Як мінімум 15 рашэнняў судоў Гродзенскай вобласці за 2023 год з’явіліся ў банку судовых рашэнняў. Шэсць з іх былі да верасня 2023 года, калі быў прыняты закон аб забароне, астатнія — пасля.

Як канфіскуюць знойдзеныя беспілотнікі?

Напрыклад, пагранічны атрад знаходзіць на ўчастку пагранічнай заставы ў пагранічнай паласе беспілотны лятальны апарат. Некаторыя з іх — саматужнай вытворчасці. Выявіць уласніка яны не лічаць магчымым. Таму складаюць пратакол, адбіраюць беспілотнік, ставяць на першасны ўлік і захоўваюць у вайсковай частцы. Потым — заяўляюць у суд аб прызнанні маёмасці безгаспадарнай і звароце яе ў абарот дзяржавы.

Таксама такія заявы адпраўляюць воінскія часткІ. Напрыклад, вайсковая частка 2044 так звярнула ў абарот дзяржавы квадракоптэр коштам 8000 рублёў — зваротаў па факце знікнення прылады не паступала.

Усе суды задаволілі заявы. Такія суды прайшлі ў Лідзе, Смаргоні, Гродне. Тым жа спосабам у Лідзе забралі IP камеру.

Як правіла, знаходжанне квадракоптара ў памежнай паласе трактуецца як правапарушэнне паводле арт.24.19. «Парушэнне памежнага рэжыму» — за гэта можа пагражаць да 150 базавых велічынь штрафу (5550 рублёў, параўнальна з коштам квадракоптара).

Бонусам да беспілотніка — цыгарэты

Беспілотнікі знаходзяць і ў лесе і ў прыгранічных вёсках. Напрыклад, у лесе памежнай зоны вынялі квадракоптар, 15 батарэй, ноўтбук, пульт кіравання, пераносную радыёстанцыю, чатыры скруткі з цыгарэтамі, мабільны тэлефон, зарадную прыладу ад ноўтбука, антэну з провадам. Усё гэта адышло дзяржаве па рашэнні суда Кастрычніцкага раёна Гродна.

А ў памежнай паласе знайшлі беспілотнік з 200 пачкамі цыгарэт з беларускімі акцызамі — таксама адышло дзяржаве.

Тры беспілотнікі знайшлі пры аглядзе дома

Падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да трох жыхароў Лідскага раёна вайскоўцы ў доме знайшлі тры квадракоптары, дзясяткі акумулятараў і зарадкі. Іх канфіскавалі. «Зацікаўленыя асобы супраць патрабаванняў не пярэчаць. На маёмасць не прэтэндуюць», — напісалі ў рашэнні суда.

Квадракоптар спрабавалі завезці ў Беларусь

Беларус увозіў квадракоптар праз пункт пропуску і паспрабаваў яго задэклараваць. Мужчына напісаў заяву аб адмове ад канфіскаванага ў яго тавару. Яго перадалі на склад мытні. Суд Кастрычніцкага раёна ў будынку Гродзенскай рэгіянальнай мытні прызнаў беспілотнік безгаспадарным і звярнуў яго ў даход дзяржавы.

Кагосьці злавілі - у тым ліку з цыгарэтамі

Беларус быў з беспілотнікам у памежнай зоне паміж Беларуссю і Польшчай. Паводле ч. 2 арт. 24.19 КаАП «Парушэнне памежнага рэжыму» намеснік камандзіра вайсковай часткі аштрафаваў яго на 39 базавых адзінак (1 443 рублі). Беларус спрабаваў аспрэчыць справу ў судзе, але суд не стаў на ягоны бок. Аб канфіскацыі беспілотніка не гаворыцца.

Іншы беларус знаходзіўся на мяжы і спрабаваў з дапамогай беспілотніка пераправіць у Літву 1518 пачкаў цыгарэт. Па арт. 15.1 ч.1 КаАП яго аштрафавалі на 15 базавых велічынь (555 рублёў) з канфіскацыяй канфіскаваных тавараў — у тым ліку беспілотніка. Мужчына заявіў, што не перапраўляў цыгарэты — у яго быў збой у праграмным забеспячэнні і села батарэя. Ён сказаў, што не знаходзіўся ў памежнай паласе і хацеў пратэставаць і праверыць грузападымальнасць беспілотніка. А словы пра тое, што да гэтага тры разы ён перапраўляў цыгарэты ў Літву — гэта ён сябе агаварыў.

Чытайце таксама: Гродзенскія пагранічнікі знайшлі ў вёсцы дрон: палічылі безгаспадарным і звезлі. Што сказаў суд?

Дроны ў Беларусі пад забаронай

Паводле закона 28 верасня 2023 беларусам забаронена карыстацца і валодаць дронамі. Забарона існуе на ўвоз, эксплуатацыю і выраб фізічнымі асобамі беспілотнікаў. Карыстацца дронамі зараз могуць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Фізічныя асобы могуць перадаць беспілотнікі арганізацыям або на захоўванне «ва ўпаўнаважаную арганізацыю». Гэта робяць для «забеспячэння грамадскай бяспекі». Прапагандысты прапануюць дарыць дроны сілавікам.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Ва ўдзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой абяцаюць забраць маёмасць у Беларусі

Удзельнікаў акцый на Дзень Волі 25 сакавіка 2024 года ў розных гарадах замежжа беларускія сілавікі…

17 мая 2024

Новы будынак у цэнтры Гродна — пад Новым замкам — адбудуюць паводле гістарычнага выгляду

Будынак праектуюць на набярэжнай проста пад Новым замкам, каля існага бізнес-центра на вул. Заводскай, 13.…

17 мая 2024

Прарэктара з Гродна аштрафавалі за прусакоў у інтэрнаце

На кухні двух інтэрнатаў навучальнай установы ў Гродне знайшлі прусакоў. Іх выявілі пры правядзенні кантролю…

16 мая 2024

У Гродна новы горад-пабрацім. Чым ён вядомы?

Гродна і азербайджанскі горад Габала сталі гарадамі-пабрацімамі. Дамоўленасць пра гэта павінна вывесці супрацоўніцтва на новы…

16 мая 2024

У Гродне ўпершыню пройдзе гарадскі выпускны: калі і дзе?

Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу. Падчас свята…

16 мая 2024

У Слоніме загарэўся разметачны аўтамабіль дарожнікаў - працоўны загінуў

У Слоніме памёр 26-гадовы працоўны, які пацярпеў пры пажары дарожна-разметачнай машыны. Яго адзенне загарэлася ад…

16 мая 2024