Навіны

Бондарава запісала «пакаяннае» відэа з самой сабой. Навошта?

Праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава апублікавала ў сябе ў канале «афіцыйную заяву». У ёй яна просіць прабачэнне ва «ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасцярожным словам». Раней Бондарава ўступіла ў канфлікт з кіраўніком абласной міліцыі Дзмітрыем Рэзянковым.

«Прашу прабачэння ва ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасцярожным словам або неабгрунтаванымі прэтэнзіямі: дэпутатаў, грамадскіх дзеячаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Дадам, што мы працягнем сваю стваральную дзейнасць, накіраваную на барацьбу з нацызмам, перапісваннем і фальсіфікацыяй гісторыі і на абарону дзяцей, і на асвету грамадства ў інтарэсах дзяржавы», — сказала яна ў відэа.

Пад барацьбой з нацызмам Бондарава звычайна разумее барацьбу з праявамі беларускай мовы і культуры.

Вольга Бондарава — праўладная актывістка, раней судзімая за кантрабанду цыгарэт у Польшчу. Актыўна змагаецца з усімі, хто выступаў супраць рэжыму, з грамадскімі актывістамі, а таксама з кніжкамі, мастакамі и монстрамі. Дамагалася дэмантажу помніка паэтцы Ларысе Геніюш у Зэльве і нават змагалася з удзелам расійскіх выканаўцаў Instasamka і Moneyken на фестывалі Viva Braslav 2023. У сваім Telegram-канале яна часта звяртаецца да абраз. З верасня 2023 — студэнтка педуніверсітэта па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».

У каментарах да запісу Вольгу пашкадавалі, напісалі, што «абразіцца магла толькі пятая калона», назвалі яе «смелай жанчынай», якая «не баіцца назваць рэчы сваімі імёнамі». Каментатар пад нікам Chicago 264 напісаў: «прабачаю табе, Оля», а з нікам Коля Белый спытаў: «Эт чё было? Как у меня, что ли?».

Да чаго падобна відэа Бондаравай

Жанр так званых «пакаянных» відэа шырока распаўсюдзіўся ў Беларусі пасля пратэстаў праз прэзідэнцкія выбары ў жніўні 2020 года. На відэазапісах затрыманыя прызнаюцца ў нібыта здзейсненых імі супрацьпраўных дзеяннях і абяцаюць іх не паўтараць. Відэа здымаюць на фоне зачыненых дзвярэй, сцяны, у кабінетах сілавікоў. Часам яны мантуюцца са сцэнамі жорсткіх затрыманняў, накладваецца музычны фон. Відэа распаўсюджваюцца праз Тelegram-каналы сілавікоў, праўладныя каналы і дзяржаўныя СМІ.

Перад кім яна можа каяцца?

У адной з нядаўніх публікацый у сваім канале Бондарава напісала, што кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў высунуў супраць яе галаслоўныя абвінавачванні. Яна запатрабавала ад кіраўніка абласной міліцыі прад’явіць ёй афіцыйныя абвінавачванні.

З яе словаў, Разянкоў нібыта абвінаваціў Бондараву ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і накіраваных на захоп улады сілавым шляхам, а таксама ў працы на замежныя спецслужбы». Пра гэта Бондарава даведалася ад чалавека, які быў у Разянкова на прыёме. Яе абразіла меркаванне, быццам бы яна «другі Ціханоўскі», абражае Юрыя Караева і Уладзіміра Караніка, і што «праз такіх, як яна, адбыўся дзяржаўны пераварот». Жанчына заявіла, што «адчувае іспанскі сорам» і прапанавала Разянкову сустрэцца «каб расставіць усе кропкі над „i“ і не вяртацца да гэтага пытання». У лісце яна падпісалася так: «Ольга Бондарева, общественный деятель, гражданин Республики Беларусь, ябатька».

Раней Бондарава канфліктавала таксама з дэпутатам Ігарам Марзалюком, назваўшы некаторыя яго выказванні ў абарону беларускай мовы «нацысцкім дном», з намесніцай старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Святланай Вараніцай, з удзельнікамі праўладных чатаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Прарэктара з Гродна аштрафавалі за прусакоў у інтэрнаце

На кухні двух інтэрнатаў навучальнай установы ў Гродне знайшлі прусакоў. Іх выявілі пры правядзенні кантролю…

16 мая 2024

У Гродна новы горад-пабрацім. Чым ён вядомы?

Гродна і азербайджанскі горад Габала сталі гарадамі-пабрацімамі. Дамоўленасць пра гэта павінна вывесці супрацоўніцтва на новы…

16 мая 2024

У Гродне ўпершыню пройдзе гарадскі выпускны: калі і дзе?

Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу. Падчас свята…

16 мая 2024

У Слоніме загарэўся разметачны аўтамабіль дарожнікаў - працоўны загінуў

У Слоніме памёр 26-гадовы працоўны, які пацярпеў пры пажары дарожна-разметачнай машыны. Яго адзенне загарэлася ад…

16 мая 2024

Дыджэй з Гродна выступіць на дабрачынным фэсце ў Варшаве — каб дапамагчы дзецям палітвязняў

Дыджэй з Гродна Schmoltz выступіць на дабрачынным фестывалі Belarus Outside Sound System. Там будуць збіраць…

16 мая 2024

Нерухомасць тыдня: кампактная двухпакаёўка з відэапраектарам ля «Баторыі»

Двухпакаёвая кватэра па вул. Стэфана Баторыя, 10 прадаецца ў Гродне. Фішка кватэры - відэапраектар з…

15 мая 2024