Горад

Што такое добрыя грамадскія прасторы? Абмяркоўваем у падкасце «Утульны горад»

Урбаністы ў сваіх тэкстах часта ўзгадваюць грамадскія прасторы і іх якасць. Некаторыя аўтары выкарыстоўваюць чэк-лісты і розныя крытэрыі для аб’ектыўнай ацэнкі гэтых прастор. Разам з архітэктаркай і ўрбаністкай Ілонай Эльяшэвіч у новым выпуску падкаста «Утульны горад» мы разбіраемся, як ацаніць якасць грамадскіх прастор і якія ёсць танныя і простыя спосабы іх палепшыць.

Слухайце размову цалкам у падкасце або чытайце тэзісна і ў вялікім скароце змест ніжэй.

Не блытаем грамадскія прасторы з гарадскімі

Гарадскія прасторы — гэта ўсе прасторы на адкрытым паветры па-за межамі будынкаў. Не ўсе гарадскія прасторы з’яўляюцца грамадскімі. Грамадскай прасторай лічыцца толькі інклюзіўная адкрытая прастора, дзе ўсе людзі без абмежаванняў могуць бавіць вольны час. У такіх прасторах гараджане могуць адпачываць, назіраць адзін за адным і за навакольным ландшафтам.

Грамадскімі прасторамі можна лічыць плошчы, паркі, скверы. Ад часу да часу прасторы, якія ад пачатку не праектаваліся як грамадскія, становяцца такімі. Напрыклад, Савецкая вуліца ў Гродне, дзе бавяць час музыкі, турысты і мастакі. Прастора каля драматычнага тэатра таксама можа лічыцца грамадскай прасторай, дзе таксама стасуюцца, гуляюцца, займаюцца спортам і назіраюць адзін за адным маладыя гродзенцы.

Чаму ў некаторых прасторах прыемна бавіць час, а з некаторых хочацца як мага хутчэй сысці?

У гэтым выпадку суб’ектыўныя адчуванні людзей канструктыўна тлумачацца тэорыяй дацкага архітэктара Яна Гейла. У кнізе «Гарады для людзей» Гейл сфармуляваў 12 крытэраў якасці грамадскіх прастор. Па гэтых 12 крытэрах можна ацаніць любую прастору ў горадзе.

Аднак тэорыя Гейла — не адзіная ў свеце. Шмат якія ўрбаністы і дызайнеры распрацоўвалі свае чэк-лісты якаснай грамадская прасторы. Але ўсе апісаныя крытэры так ці інакш заклікаюць ацэньваць бяспеку і камфорт той ці іншай прасторы з розных пунктаў гледжання.

Гэтак у новым выпуску падкаста «Утульны горад» мы разам з урбаністкай Ілонай Эльяшэвіч ацанілі Савецкую плошчу з чэк-лістом Яна Гейла.

Як палепшыць грамадскія прасторы?

Уявім, што мы ацанілі якую-кольвек грамадскую прастору, выявілі яе плюсы і мінусы, але як жа яе палепшыць? Ілона Эльяшэвіч прапануе ў першую чаргу не «прычыняць дабро» гараджанам, а запытацца іх меркаванне на гэты конт.

Варта мець на ўвазе, што амаль бессэнсоўна наўпрост запытваць гараджан, «што бы вы хацелі змяніць у Савецкай плошчы». Лепей распытаць, якія прасторы ў горадзе падабаюцца, як чалавек звычайна бавіць час у свой вольны дзень, як ён уяўляе ідэальны горад, якія будаўнічыя матэрыялы яму падабаюцца і гэтак далей. Ужо пасля паглыблення ў тэму можна запытаць, чаго яму не хапае ў дадзеным месцы.

Слухайце і чытайце таксама: Горад з абмежаванымі магчымасцямі. Як зрабіць гарады дасяжнымі для розных груп насельніцтва

Ілона Эльяшэвіч адзначае, што перабудова грамадскіх прастор — даволі дарагая рэч. Каб хутка і танна палепшыць сітуацыю, можна выкарыстоўваць прылады «тактычнага ўрбанізму». Гэта такі падыход да змены навакольнага асяроддзя, калі для гэтага выкарыстоўваюцца танныя метады, якія лёгка маштабуюцца. Такім прыкладам могуць быць танныя драўляныя крэслы замест дарагіх лавачак. Тым не менш, яны паказваюць гараджанам, што дадзеная прастора пасуе для таго, каб пасядзець і адпачыць.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024