Колькі каштуе страчаны зрок. Гродзенка атрымала інваліднасць пасля паездкі ў тралейбусе і два гады дамагалася кампенсацыі

Судовыя разбіральніцтвы пасля надзвычайнага здарэння ў гродзенскім тралейбусе доўжыліся два гады. Праз выбух кола грузавіка у суседняга тралейбуса лопнула шкло, а пасажыраў засыпала аскепкамі. Па кампенсацыю шкоды звярнулася толькі адна пацярпелая, якая часткова страціла зрок. Суд задаволіў яе іск не цалкам, кампенсацыю шкоды заплоціць кіроўца МАЗа, а тралейбусны парк прызналі невінаватым.

Усё адбылося 28 жніўня 2020 года на скрыжаванні вуліц Соламавай і Чайкінай. У МАЗа з пяском, што стаяў на светлафоры, лопнула кола, выбухам вынесла шкло ў тралейбусе, які стаяў побач, аскепкі паляцелі ў пасажыраў. Траўмы атрымалі пяць чалавек, трох забралі ў бальніцу, пісаў «АўтаГродна».

Аперацыя на воку, шнары, інваліднасць

У суд звярнулася толькі 25-гадовая дзяўчына. Ёй аскепкі шкла патрапілі ў твар і вочы. Выбуховай хваляй яе вынесла на іншае сядзенне. Яна нічога не бачыла і не магла сама выйсці з тралейбуса, па твары цякла кроў, пераказвае «Звязда» ўспаміны дзяўчыны ў судзе.

Фота: «АўтаГродна», 2020 г.

У час аперацыі, якая доўжылася паўтары гадзіны, ёй наклалі больш за 20 швоў на твар, шыю і галаву. Другая аперацыя ішла тры гадзіны. З вока дасталі аскепак, якім выбіла частку райка. Замену хрусталіка і пластыку радужнай абалонкі дзяўчыне рабілі ўжо пазней, у платнай клініцы ў Мінску. Пасля ўсіх аперацый засталіся шнары, а зрок на левым воку аднавіць так і не змаглі. Праз некалькі месяцаў пацярпелай далі трэцюю групу інваліднасці без устанаўлення працэнта непрацаздольнасці, хаця гэта і неабходна для атрымання страхавых выплат.

Колькі каштуе страчаны зрок

Дзяўчына запатрабавала кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды ў 50 тыс. рублёў. Іск яна адрасавала кіроўцу МАЗа і тралейбуснаму ўпраўленню. Паводле закону, кампенсаваць шкоду, нанесеную небяспечным механізмам мусіць той, хто за яго адказвае. Маральную шкоду кампенсуюць незалежна ад віны таго, хто нанёс гэту шкоду, у выпадках, калі яна прычынена жыццю ці здароўю грамадзяніна крыніцай павышанай бяспекі.

Праверка ДАІ паказала, што выбух адбыўся з-за разгерметызацыі вонкавага кола МАЗа. Распачалі крымінальную справу, падазраваным у ёй стаў кіроўца грузавіка. Праз паўгода следства прыпынілі праз адсутнасць складу злачынства.

Дадаткова суд прыцягнуў да справы страхавыя кампаніі абодвух транспартных сродкаў. Яны агулам выплацілі гродзенцы 13,2 тыс. рублёў. У суму ўвайшла кампенсацыя толькі таго лекавання, якое было пацверджана дакументальна: лекаў, лазернай аперацыі, імпланта. Не кампенасавалі выдаткі, звязаныя з медустановай, якую дзяўчына выбірала самастойна, а не была туды накіраваная.

Вінаватых не знайшлі, але заплоціць кіроўца

Кіроўца грузавіка прызнаў іск часткова і настойваў, што яго віны ў здарэнні няма. Патрабаванні аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ён не прызнаў, бо лічыць, што страты мусяць кампенсаваць страхавыя выплаты. У судзе ён папрасіў зменшыць памеры іску праз сваё матэрыяльнае становішча, наяўнасць непаўнагадовых дзяцей і аказаную раней дапамогу.

У выніку з яго вырашылі спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды у 30 тыс. рублёў і частку затратаў на медыцынскія паслугі і юрыдычную дапамогу. Агулам ён мусіць сплаціць 31 130 рублёў.Тралейбусны парк суд вырашыў не прыцягваць да адказнасці, і не прымушаць плаціць кампенсацыі. Прычына ў тым, што здарэнне палічылі не ДТЗ, а няшчасным выпадкам.

Падзяліцца

Апошнія запісы

База КДБ: як на «Радыёхвалі» не ўдалося сабраць подпісы за Лукашэнку

Супрацоўнік "Радыёхвалі" ў Гродне Аляксандр Каяла паскардзіўся ў КДБ на тое, што не змог пакінуць…

30 красавіка 2024

Самыя грашовыя вакансіі ў Гродне. Каму гатовы плаціць больш за 4 тысячы рублёў?

У Гродне знайшліся актуальныя вакансіі, дзе прапануюць заробак больш за чатыры тыс. рублёў у месяц.…

30 красавіка 2024

Адзін з кіраўнікоў польскага парламента хоча адкрыць закрытую мяжу паміж Гроднам і Беластокам

Віцэ-спікер Сената Польшчы Мацей Жыўна ўмяшаецца ў пытанне з закрытай мяжой. Ён звернецца ў Міністэрства…

30 красавіка 2024

Мост на Філарэта ў Гродне небяспечны — рух па ім мусілі абмежаваць яшчэ ў мінулым годзе

Мост праз Юрысдыку на вуліцы Філарэта (былая Горкага) ў Гродне чакае капітальны рамонт. У час…

30 красавіка 2024

Затрыманні ў Лідзе, суд за замежную дапамогу, іск да Бондаравай. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Лідзе сілавікі затрымалі пяць чалавек. Гродзенку Валерыю Латаш судзілі за атрыманне замежнай дапамогі. Бондарава…

29 красавіка 2024

На Дзень Перамогі ў Гродне праспявае «Любэ». З’явілася праграма на 9 траўня ў Гродне

9 траўня ў Гродне адбудзецца маштабнае святкаванне Дня Перамогі. У 2024 годзе ў Беларусі адзначаюць…

29 красавіка 2024