Пляцоўку на вуліцы Левабярэжнай выставілі на аукцыён. Там хочуць размясціць аб’екты гандлю і грамадскага харчавання. Летась яе арандавалі арганізатары фестывалю «Vulitsa Ezha», але адмовіліся ад планаў развіваць стрыт-фуд у Гродне.

Участку на Левабярэжнай зноў шукаюць арандатараў. Папярэднія адмовіліся ад фудкорта з-за складанасцей
Пляцоўка на левым беразе Нёмана. Фота: Сяргей Марозаў.

На аўкцыён выставілі сем пляцовак па 24,5 кв.м кожная. Агульная плошча ўчастка — 171 кв.м. Пачатковая цана аб’екта — 725 рублёў. Пераможца аўкцыёна атрымае права арандаваць участак на тры гады.

Арэнда будзе каштаваць з 14 красавіка па 31 кастрычніка 26 базавых велічынь у месяц (832 рублі). Калі з 1 кастрычніка па 13 красавіка арандатар не будзе весці дзейнасці на пляцоўцы, то заплаціць 6 базавых у месяц (192 рублі).

Аўкцыён адбудзецца 17 траўня.

Што з папярэднімі ўладальнікамі

Права арэнды ўчастка на Левабярэжнай прадалі з аўкцыёна ў жніўні 2021 года. Уладальнікамі сталі мінскія бізнесмены — арганізатары фестывалю стрыт-фуда «Vulitsa Ezha». Яны хацелі адкрыць там сезонны фудкорт. Пляцоўкай яны так і не скарысталіся.

«З-за складанасцей з партнёрамі, а таксама фінансавых складанасцей, мы былі вымушаны адмовіцца ад пляцоўкі і скасавалі дамову з гарвыканкамам», — сказаў Hrodna.life адзін з арганізатараў «Vulitsa Ezha» Ягор Рытвінскі.

Па словах Ягора, ад планаў бізнесмены не адмаўляюцца. «Проста пакуль, у гэтым годзе, не бачым сэнсу. У наступным годзе, магчыма, калі пляцоўка будзе даступна. Бо тут патрэбна грунтоўная падрыхтоўка. А зараз мы б не паспелі якасна падрыхтаваць праект».

Што планавалі там рабіць раней

У Гродне ўжо некалькі гадоў спрабавалі ажывіць Леванабярэжную. У 2019 годзе чыноўнікі абмяркоўвалі ідэю перанесці ўсе фудтракі горада ў гэта месца. Таксама прапаноўвалі праводзіць там канцэрты і мерапрыемствы. Актывісты хацелі адправіць туды пракат электрасамакатаў. Усэ гэтыя ідэі не здзейснілі. Літоўскі бізнесовец Томаш Пецюль, заснавальнік сеткі «Pizza&Coffee», планаваў пабудаваць на гэтым месцы «марскую» рэстарацыю з грузавых кантэйнераў.