Новым начальнікам Дзяржаўтаінспекцыі Гродзенскай вобласці стаў падпалкоўнік міліцыі Генадзь Бяляўскі. Да новага прызначэння ён кіраваў міжраённым аддзелам ДАІ, да якога адносіўся Гродна і Гродзенскі раён.

Генадзю Бяляўскаму 44 гады. Ён нарадзіўся ў Шчучыне. Працу ў ДАІ пачаў у 1998 годзе на пасадзе інспектара дарожна-патрульнай службы асобнага батальёна ДПС ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама, расказалі ў прэс-службе Гродзенскай ДАІ. Некалькі гадоў ён працаваў на розных пасадах у аддзяленні «Ахова» і ў ДАІ Шчучынскага РАУС.

Пазней у ДАІ Гродна ён працаваў у аддзеле арганізацыі дарожнага руху на пасадах ад інжынера да начальніка аддзялення. Апошнія гады служыў начальнікам міжраённага аддзела ДАІ УУС. Быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III-й ступені.

Папярэдні начальнік з’ехаў у Мінск

Папярэднік Бяляўскага, палкоўнік міліцыі Аляксандр Вайцешка, прабыў на гэтай пасадзе ўсяго паўтара года. У снежні 2021 года яго перавялі ў Галоўнае ўпраўленне ДАІ МУС Беларусі ў Мінск.

У Дзяржаўтаінспекцыі ён таксама працаваў з 1998 года. Начальнікам ДАІ Гродна ён стаў у чэрвені 2020 года і змяніў на гэтай пасадзе палкоўніка міліцыі Уладзіміра Назарку.