У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 3 лютага вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да юрысткі Алены Ягорычавай і слесара Ігара Пазнякова. Палітвязняў абвінавачвалі у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК) і гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ), паведамляе «Вясна».

Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі. Дзяржабвінаваўца — пракурор Алена Дайліда. Мужа і жонку Алену Ягорычаву і Ігара Пазнякова затрымалі 30 верасня 2021, да суда яны ўтрымліваліся ў СІЗА турмы № 1 Гродна. Прысуд павінен быў быць агучаны 24 студзеня, аднак па прычыне хваробы суддзі пасяджэнне перанеслі і яно працягнулася 3 лютага.

У чым абвінавачвалі гродзенцаў?

Паводле абвінавачвання, Алена Ягорычава і Ігар Пазнякоў 6 верасня 2020 года па папярэдняй змове паміж сабой і іншымі неўстаноўленымі падчас следства асобамі, «адчуваючы нянавісць да існуючага палітычнага рэжыму і канстытуцыйнага ладу», прынялі ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады на тэрыторыі Гродна каля дома 10 па вуліцы Гарнавых, «натхняючы сваімі паводзінамі іншых у мэтах падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», стаўшы ў шэраг і арганізавана узяўшыся за рукі, утварылі «счэпку», дэманструючы свой намер аказваць відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Алену Ягорычаву таксама абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка АМАПу. Паводле версіі дзяржабвінаваўцы, жанчына ўжыла гвалт «нанёсшы не менш за адзін удар правай рукой у вобласць твару і шыі, пасля чаго ажыццявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, прычыніўшы яму фізічны боль і пабоі».

Дзяржабвінаваўца запатрабавала для Алены Ягорычавай два гады абмежавання волі па ч.1 арт. 342 КК і два гады пазбаўлення волі па арт. 364 КК. Па сукупнасці - два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ігару Пазнякову па ч.1 арт. 342 КК — абмежаванне волі тэрмінам на два з паловай гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Ігара вызвалілі ў зале суда пасля вынясення прысуду.

Бацька — прыхільнік камунізму

Алена — дачка выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Уладзіміра Ягорычава. Уладзімір — член камуністычнай партыі, на старонках дзяржпрэсы ён разважаў аб «генацыдзе беларускага народа» і «Дні народнага адзінства».

Начальства прасіла не пазбаўляць волі

У судзе цягам разгляду справы агучылі хадайніцтвы працоўнага калектыву ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст», які просіць у выпадку абвінаваўчага прысуду Ігару Пазнякову не прызначаць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем альбо абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы закрытага тыпу, каб ён змог выконваць свае працоўныя абавязкі. Таксама прыкладалася характарыстыка з месца працы.

Такое ж хадайніцтва і характарыстыка далучаныя за подпісам дырэктара і ад працоўнага калектыву з месца працы Алены Ягорычавай.

Абаронца адзначыла, што дзеянні, за якія вінавацяць Пазнякова, разглядаліся следствам яшчэ ў 2020 годзе, аднак па выніках разгляду 9 сакавіка 2021 года была вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да Ягорычавай і Пазнякова.

Алена Ягорычава прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.1 КаАП «Дробнае хуліганства», а Пазнякоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП і па арт 17.1 КаАП за расклейванне налепак «Я выходжу».

Гэты прысуд — не першы ў Гродне

За акцыю пратэсту 6 верасня 2020 года ў Гродне ўжо асудзілі не менш за 18 чалавек — гэта толькі тыя выпадкі, якія трапілі ў поле зроку журналістаў і праваабаронцаў. Апошнія кажуць, што праз год у горадзе затрымалі дзясяткі чалавек, якіх чакае суд паводле арт. 364 КК і (або) арт. 342 КК. Паводле інфармацыі Hrodna.life, асудзіць за гэтую акцыю могуць да 400 чалавек — столькі чалавек праваахоўныя органы выявілі. Крымінальную справу можна параўнаць з падобнай «карагоднай справай» у Брэсце.

Чытайце таксама: Гродзенскі аналаг «карагоднай справы»: за адну акцыю пратэсту ў верасні 2020 года судзяць дзясяткі чалавек