Людзі і справы

Гродзенскі стартап з электракарамі пераехаў у Эстонію. І атрымаў першыя $ 50 000

Гродзенскі праект BANTgo — служба дастаўкі электрамабілямі - рэлацыраваўся у Эстонію і прыцягнуў першыя інвестыцыі. Да гэтага ўдзельнікі стартапа некалькі гадоў спрабавалі прасоўваць свае ідэі ў Беларусі.

Стартап BANTgo прывёз у Гродна першыя міні-электрамабілі. Айцішнікі хацелі развіваць у горадзе сэрвіс экалагічнай дастаўкі для кафэ і рэстаранаў, прапаноўвалі супрацоўніцтва гарадскім камунальным службам.

У канцы жніўня 2021 года гродзенскі праект змяніў «прапіску» — яго зарэгістравалі ў Эстоніі. У верасні хлопцам удалося прыцягнуць першыя інвестыцыі - 50 тысяч даляраў з 450 тысяч, на якія разлічаны pre-seed раўнд [ранні этап інвестыцый. — Hrodna.life]. Цалкам праект ацэньваецца ў 4,5 мільёна даляраў.

«Пасля першага чэка да нас усталі ў чаргу, зараз афармляем наступныя 50 тысяч», — распавёў Hrodna.life заснавальнік стартапа Сяргей Жыльцоў.

Зараз для праекта купляюць 10 польскіх электрамабіляў. У Таліне з BANTgo ужо гатовыя супрацоўнічаць тры вегетарыянскіх рэстарана. У бліжэйшы час гродзенцы плануюць адкрыць свой цэнтр у Эстоніі, а ў наступным годзе — маштабаваць бізнэс.

У Гродне стартап згарнулі з-за таго, што не знайшлося жадаючых інвеставаць у праект з Беларусі, растлумачыў Сяргей Жыльцоў. Вытворца міні-электрамабіляў Sidus (менавіта іх тэставалі ў нашым горадзе) цяпер пераарыентаваўся на расійскі рынак.

У Гродне застанецца бэк-офіс праекта, дзе будуць тэставаць распрацоўкі. Ёсць планы прывезці з Еўропы два электракара, каб абслугоўваць індыйскі рэстаран «Ганга» і піцэрыю GoGoPizza.

Праект гродзенцаў прадставяць у ААН

Еўрапейскіх інвестараў прыцягвае ў BANTgo экалагічная і сацыяльная накіраванасць, адзначае Сяргей Жыльцоў. У параўнанні з падобнымі сусветнымі сэрвісамі гродзенцы прапанавалі адразу некалькі новых ідэй.

Хлопцы прыдумалі бізнес-мадэль, якая дапаможа кліентам прасоўваць уласны брэнд і аддаваць менш грошай на рэкламу. IT-дадатак дазволіць збіраць дадзеныя пра энергію, якой запраўляюцца машыны. У будучыні гэтая інфармацыя дапаможа праектаваць разумныя горада, а спажывец зможа выбіраць запраўкі з зялёнай энергіяй. Дзякуючы гэтай распрацоўцы праект стаў фіналістам Лічбавага акселератара ўстойлівага развіцця ЕАЭС.

Лічбавы акселератар ўстойлівага развіцця ЕАЭС — праграма падтрымкі інавацый, якія адпавядаюць мэтам ўстойлівага развіцця ААН. У конкурсе ўдзельнічала больш за 80 праектаў, стартап з Гродна стаў адным з 11 фіналістаў. Ён увайшоў у каталог «100 лепшых тэхналогій ўстойлівага развіцця ЕАЭС», які будзе прадстаўлены на 26-й канферэнцыі ААН па змяненні клімату (пройдзе ў лістападзе 2021 года ў Глазга).

Гарадскія ўлады не зацікавіліся

Праект BANTgo гродзенцы развівалі ў Беларусі з 2020 года. Ідэяй цікавіліся гродзенскія і мінскія кавярні і рэстараны. У Брэсце старшыня гарвыканкама разглядаў варыянт выкарыстоўваць міні-электракары для патрэб ЖКГ. Гарадзенскія ўлады вялікай цікавасці не праявілі.

Да гэтага стартап як рэзідэнт тэхнапарку ГрДУ распрацоўваў праект па перапрацоўцы старых машын гарадскіх камунальных службаў у электрамабілі. Планавалі зрабіць маршрутныя электратаксі для тралейбуснага ўпраўлення, пераабсталяваць машыны для Гроднаэнерга. Але пасьля жніўня 2020 года ўзніклі цяжкасці з фінансаваннем.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024