Рэдактарку спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда. Верагодна, ён пройдзе заўтра ці паслязаўтра. Ірыну будуць судзіць як фізічную асобу па арт. 19. 11 КаАП «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Пра гэта Аляксей Шота даведаўся ад прадстаўніка РАУС Андрэя Пігульскага.

Абноўлена 15.00. Паводле інфармацыі мужа Ірыны Анатоля, яна да вечара будзе знаходзіцца ў РАУС.

Аляксея Шоту па тым жа артыкуле будуць судзіць пазней як прадстаўніка арганізацыі. На яго маёмасць — тэлефон, ноўтбук, тры жорсткіх дыска — накладзены арышт да выплаты штрафу.

Апытваў супрацоўнікаў Hrodna.life супрацоўнік Ленінскага РАУС Андрэй Пігульскі. У справе таксама фігуруе начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Аляксей Вайцешка.

У нядзелю 30 траўня галоўнага рэдактара і дырэктара Hrodna.life Аляксея Шоту затрымалі каля дома. Дома ў яго прайшоў агляд. У дачыненні да рэдакцыі пачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 19.11 КаАП. Пазней сілавікоў заўважылі ля дома Ірыны Новік.

Чытайце таксама: