Новости

«Інфармацыя, якая парушае палітычныя перакананні». Ідэолагі знайшлі палітычную рэкламу на таварах у краме «Адметнасць»

Гродзенская крама сувеніраў і адзення ў нацыянальным стылі «Адметнасць» атрымала прадпісанне з аддзела ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама. У ім сказана, што на таварах размешчана палітычная рэклама з парушэннем Закона аб рэкламе.

«Так, на прапанаваных да продажу прадметах адзення і сувенірнай прадукцыі змяшчаецца інфармацыя, якая парушае палітычныя і іншыя перакананні грамадзян», — сказана ў дакуменце.

Парушэнне выявілі ў час маніторынгу 21 красавіка на прадмет выканання заканадаўства, удакладняюць у прадпісанні. «Аказваецца, у нас быў маніторынг!», — абураецца супрацоўніца крамы Вольга Верамеенка.

Аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама адзначае парушэнне арт. 26 п. 3 Закона аб рэкламе (Неналежная рэклама). За парушэнне для індывідуальнага прадпрымальніка прадугледжаны штраф ад 10 да 20 базавых велічынь (ад 290 да 580 рублёў). Упраўленне гандлю і паслуг гарвыканкама загадвае ліквідаваць парушэнне ў трохдзённы тэрмін. Таксама цягам сямі дзён трэба пісьмова інфармаваць аддзел ідэалогіі аб прынятых мерах.

У краме распавялі, што пакуль не разумеюць, што рабіць. У дакуменце не тлумачаць, пра якую менавіта інфармацыю і на якіх прадметах ідзе гаворка. Уласнік крамы Сяргей Верамеенка збіраецца раіцца з юрыстамі.

Датэлефанавацца ў аддзел ідэалагічнай працы гарвыканкама і атрымаць там каментар Hrodna.life не ўдалося.

Другая прэтэнзія за тыдзень

21 красавіка «Адметнасць» атрымала запыт ад упраўлення гандлю гарвыканкама на прадастаўленне інфармацыі ў сувязі з атрыманымі скаргамі. Скаргі на продаж бел-чырвона-белай сімволікі гарадскія ўлады атрымалі ад Аляксандра Кавалёва з вёскі Бігосава Верхнедзвінскага раёна (Віцебская вобласць). Ён назваў бела-чырвона-белы сцяг «пранацысцка-пратэстным».

Аляксандр Кавалёў за апошні час напісаў пяць розных скаргаў на бела-чырвона-белую сімволіку, прычым сярод іх ёсць скарга на заўзятара маскоўскага «Спартака». Шмат зваротаў прысвечаны сэнсу і паходжанню лозунгу «Жыве Беларусь!». Таксама ён аўтар петыцыі на change.org з просьбай аб імпічменце Аляксандру Лукашэнку і ўсталяванні ў Беларусі парламенцкай рэспублікі. Кавалёў склаў электронны зварот у Палату прадстаўнікоў аб адмене тэхагляду, піша «Еўрарадыё».

Чытайце таксама: Гродненский магазин «Адметнасць «ответил на жалобу по поводу «пронацистско-протестных «флагов

Крама «Адметнасць» працуе ў цэнтры Гродна з 2018 года. Яна спецыялізуецца на продажы сувеніраў з гістарычнай нацыянальнай беларускай сімволікай, адзення з арнаментам, рэчаў ручной працы. За апошні год многія падобныя крамы ў Беларусі зачынілі ў сувязі з рознымі прычынамі з боку ўладаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024

Цэны на арэнду кватэр у Гродне пайшлі ўгору перад доўгімі выхаднымі - чакаецца лавіна турыстаў

У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…

1 мая 2024