Вадзіму Плаўскаму, якога абвінавацілі ў хуліганстве пасля канфлікту з актывісткай «Антывандал» і «ІнфаСпецНаз» Вольгай Бондаравай, прысудзілі паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Гродзенец выйдзе на свабоду праз год і месяц — у тэрмін пакарання залічаць пяць месяцаў знаходжання пад вартай.
Вадзіма пакінулі пад вартай да ўступлення прысуду ў законную сілу. Рашэнне 2 красавіка вынес суддзя Руслан Хіхол ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.
Вадзім у апошнім слове мала казаў пра сябе, і больш — пра жонку і дзяцей. Жонка Плаўскага Дыяна да гэтага распавядала Hrodna.life, што за 12 гадоў адносін яны ні разу надоўга не расставаліся. Як спраўляцца без Вадзіма, тады яна яшчэ не думала — спадзявалася на лепшае.
30 кастрычніка 2020 года Вадзім Плаўскі забраў малодшую дачку з дзіцячага садка і каля 17.30 пайшоў з ёй гуляць па Альшанцы. У той дзень на дрэвах хтосьці развесіў белыя стужачкі, адну з іх у рукі ўзяла дачка Вадзіма. У гэты час да сям'і падышла Вольга Бондарава з «Антывандалу», пачала здымаць Плаўскага на камеру, размаўляць з ім і пераследаваць. Мужчына адправіў дачку дадому і паваліў Вольгу на зямлю. Плаўскі упэўнены, што яго справакавалі.
На паседжанне прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек — падтрымаць і Плаўскага, і Бондараву. Адна з сябровак Вольгі прыйшла ў майцы «Гарбачова пад суд». Сябры Вольгі, якая стала пацярпелай пасля сваёй відэаздымкі, былі супраць, каб іх фатаграфавалі. Яны нават паклікалі супрацоўніка міліцыі, калі блогер Вадзімаці зрабіў фота агульнага плана. Міліцыянт патлумачыў, што здымка ў будынку суда не забароненая. Пазней блізкія Бондаравай зноў гразіліся заявіць на Вадзімаці ў міліцыю — за курэнне ля будынка суда.
Пасля вынясення прысуду жонка і мама Вадзіма плакалі. Блізкія Плаўскага праводзілі Вольгу саркастычным «Віншуем!», на што яна ніяк не адрэагавала. На пытанне блізкіх: «Як, Вольга, задаволеныя?» яна таксама не адказала. Затое пракаментавала прысуд у Telegram-канале «ИнфоСпецНаз Гродна». Вольга падзякавала блізкім за падтрымку і адзначыла, што без іх не была б такой спакойнай. «Вядома, мне, як пацярпелай, хацелася б больш суровага прысуду», — напісала Вольга.
Пасля пасяджэння паміж блізкімі абвінавачанага і пацярпелага паўстала спрэчка. Кожны даводзіў, што яны — «мірныя людзі», а іх апаненты агрэсіўныя.
Чытайце таксама:
Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…
Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…
У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…
Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…
На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…
У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…