Увечары 12 сакавіка ў памяшканні Гродзенскага дзіцячага хоспіса ў будынку царквы па вул. Дамейкі, 7 узламалі дзверы — туды ўвайшлі невядомыя ў цывільным. Нікога з супрацоўнікаў у гэты час не было. Відэа ўзлому патрапіла на камеру назірання хоспіса. Запіс выклала ў Facebook дырэктарка хоспіса Вольга Вялічка, якая цяпер знаходзіцца за мяжой.

«Царкоўны паслугач узломваў дзверы, бацюшка стаяў побач», — распавяла Вольга Hrodna.life. Паводле яе слоў, дзверы ўскрылі па просьбе Следчага камітэта. Па версіі Вольгі, яны шукалі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. У выніку невядомыя зрабілі ў хоспісе фота і сышлі.

У хоспісе гэта лічаць незаконным узломам дзвярэй. Яны плануюць звярнуцца ў міліцыю.

Грамадская дабрачынная арганізацыя «Гродзенскі дзіцячы хоспіс» была заснавана 19 верасня 2008 года для дапамогі цяжка і безнадзейна хворым дзецям, якія маюць множныя парушэнні развіцця, і іх сем’ям. Цяпер хоспіс дапамагае больш чым 50 сем’ям.

Чытайце таксама: