Новости

«Нас правяралі сем інстанцый». Мясцовыя ўлады хочуць знесці старадаўнія пабудовы пад Гальшанамі, уладальнік марыць пра скансэн

Ашмянскі райвыканкам прызнаў самабудам і хоча знесці стогадовы свіран і даваенную хату, якая стаіць побач. Аляксандр Варыкіш, дырэктар фонду «Краіна замкаў», шэсць гадоў таму выкупіў свіран у калгаса як дровы, каб яго захаваць. Варыкіш гатовы плаціць штраф і афармляць спрэчныя будынкі. Ён марыць стварыць скансэн у пяці кіламетрах ад Гальшан. Рашэнне аб крайняй меры, зносе, з’явілася пасля праверкі фонду сям’ю інстанцыямі. Аляксандр лічыць, што яно палітычна матываванае.

Фонд «Краіна замкаў» займаецца распрацоўкай і рэалізацыяй экскурсійных праграм па Беларусі і захаваннем помнікаў архітэктуры. З часу заснавання ў 2006 годзе ён выкупіў тры шляхецкія сядзібы: у Валожынскім раёне, у вёсках Бянюны і Родзевічы Ашмянскага раёна. Апошнія дзве ўваходзяць у веламаршрут «Шляхецкі» на афіцыйным сайце Ашмянскага райвыканкама.

На базе выкупленага шляхецкага хутара ў вёсцы Родзевічы арганізавалі аграсядзібу «Гальшанскі фальварак». Там і знаходзяцца будынкі, якія сталі прадметам канфлікту.

У пачатку верасня 2020 года з пазапланавай праверкай дзейнасці ў фонд прыйшоў дзяржкантроль. Варыкіш адзначаў, што пазапланавая праверка магла быць палітычна матываваная: ён дапамагаў прэс-службе Каардынацыйнай рады. Вынікам праверкі стаў штраф у 20 базавых (на той момант 540 рублёў). Дырэктар фонду лічыць, што гэта лухта, з улікам таго, што правяралі пяць гадоў дзейнасці.

«Наша дзейнасць іх задаволіла. Я так разумею, што пасля праверкі запыт накіравалі на Ашмяны, і мясцовы выканкам шырока разгарнуўся. Восенню да нас прыехала сем службаў: пажарныя, санстанцыя. Удалося зачапіцца мясцовай архітэктуры — за тое, што на двары стаяць два самабуды», — распавёў Аляксандр Варыкіш Hrodna.life.

Стогадовы свіран як дровы і мара пра скансэн

Першапачаткова была ідэя захаваць і развіць шляхецкі хутар у Родзевічах. Там ёсць цэлы комплекс: двор, шляхецкі дом 1918 года, гаспадарчыя пабудовы. У суседняй вёсцы гадоў 6−7 таму хацелі разбіраць старадаўні свіран фальварка Гарэцкаўшчына. Варыкіш дамовіўся з калгасам і выкупіў яго як дровы — на балансе будынка ўжо не было. «Тады не было часу займацца праектнай дакументацыяй. Узяў у выканкаме дазвол на будаўніцтва, і перавёз свіран і старую даваенную хатку [з суседняй вёскі, Дзеркаўшчыны — заўв. Hrodna.life]. Калі яны з’явіліся ў нас, узнікла ідэя ператварыць гэта ў міні-скансен: паступова звазіць аб’екты, у якіх няма шанцаў выжыць у нашым краі».

Фальварак Родзевічы. Фота: Аляксандр Сапуноў

Будынкі паставілі на тэрыторыі аграсядзібы. З тых часоў аформіць іх не ўдалося. «Заўсёды ўпіраешся ў фінансы. Усё гэта ведаў сельскі выканкам, яму не асабліва было справа: гэта край раёна, хутар, ніякія інтарэсы трэціх асоб не закрануты, вакол палі».

«Згодна з артыкулам 223 Грамадзянскага кодэкса (ГК), які рэгулюе пытанні самабуда, зносы — крайняя пазіцыя: калі парушаныя інтарэсы трэціх асоб, калі пабудова на чужой тэрыторыі, калі яна аварыйная. Такіх самабудаў па Беларусі - тысячы! Ім выносяць штрафы, людзі узаконьваюць самабуды, сітуацыя закрываецца. Тут жа — пазіцыя старшыні райвыканкама Гершгорына», — упэўнены Аляксандр.

Стогадовы свіран і хата, вызначаныя пад знос. Фота прадаставіў Аляксандр Варыкіш

За апошнія тры гады на рэстаўрацыю Гальшанскага замка было выдаткавана больш чым паўтара мільёны рублёў. «Як яны будуць адбівацца? Мы знаходзімся ў пяці кіламетрах ад Гальшанскага замка, з’яўляемся адным з вядучых тураператараў з экскурсіямі па Беларусі». Варыкіш лічыць, што мясцовыя ўлады маглі б разам з фондам думаць, як развіваць турыстычны рэгіён.

«Старшыня выканкама згодны выдаткаваць бюджэтныя грошы на знос, прыцягвае да гэтага ЖКГ. Грошы могуць потым вяртаць гадамі. Я хачу захаваць старадаўні аб’ект пачатку XX стагоддзя з фальварка Гарэцкаўшчына, які яны хочуць знесці. Адначасова ў прыгарадзе Ашмянаў стаіць драўляная сядзіба яўрэя Стругача пачатку XX стагоддзя, яна банальна гніе, і грошай не могуць знайсці, каб штосьці з ёй зрабіць, а на знос выдаткаваць — гатовыя», — абураецца Аляксандр.

Сядзіба Стругачэй, Ашмяны, 2019 г. Фота: «По просторам Беларуси»

Юрыдычныя шляхі

Даведаўшыся аб рашэнні сельсавета разабраць пабудовы, Варыкіш падаў скаргу ў райвыканкам. Згодна з артыкулам 21.12 КаАП, самавольнае будаўніцтва дамоў, будынкаў і збудаванняў цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дваццаці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — да пяцісот базавых велічынь. Аляксандр кажа, што гатовы заплаціць штраф. Раённыя ўлады ж адмовілі ў тым, каб узаконіць пабудовы.

Цяпер фонд падаў скаргу і зварот у аблвыканкам, пасля плануе звяртацца ў суд. «Фармулёўкі трохі дзіўныя. Пішуць, што будынкі пабудаваныя з парушэннем будаўнічых нормаў. Уяўляеце, свіран прастаяў сто гадоў!».

Пасля кансультацыі з юрыстам таксама высветліліся некаторыя нестыкоўкі. Артыкул 130 ГК вызначае, што аб’ект нерухомасці - гэта тое, што нельга перамясціць без «неадпаведнай шкоды» яго прызначэнню, тое, што «трывала звязана з зямлёй». Артыкул жа 223 ГК вызначае самабуд як аб’ект нерухомасці. Атрымліваецца, што зносіць можна толькі нерухомасць, а не так даўно перавезеныя будынкі без глыбокага падмурка ёй не з’яўляюцца.

Аб’ект, варты аховы

Аляксандр Варыкіш расказаў, што паказваў свіран доктару архітэктуры, прафесару Сяргею Сергачову.

«Гэта найлепшы эксперт па драўлянай архітэктуры ў Беларусі, ён праектаваў Строчыцы [музей драўлянай архітэктуры пад Мінскам — заўв. Hrodna.life]. Ён пацвердзіў, што гэта аб’ект, варты трэцяй катэгорыі ахоўнага статусу, якіх не так шмат засталося па Беларусі».

Фота прадаставіў Аляксандр Варыкіш

«Тыдзень таму я быў на прыёме ў міністра культуры Анатоля Маркевіча. Ён больш за 10 гадоў быў старшынёй райвыканкама і ідэальна разумее сітуацыю з такімі будынкамі. Ён нас падтрымаў, падтрымаў ідэю скансэна, ідэю ставіць макеты крэўскага і гальшанскага замкаў у двары. Яму спадабалася ідэя ўзмацнення турыстычнага маршруту „Крэва-Гальшаны“. Сапраўды, дзяржава ўкладвае грошы, рэстаўрацыя ідзе, пандэмія скончыцца, і ў рэшце рэшт давядзецца рабіць маршрут. Да гэтага трэба рыхтавацца загадзя. Ён вельмі здзівіўся, што выканкам не можа законным парадкам вырашыць пытанне і аформіць будынкі. Я разумею, што гэта не яго кампетэнцыя, але гэта аўтарытэтны чалавек».

Аляксандр кажа, што цяпер, на фоне гэтай сітуацыі, яго падтрымліваюць, запісваюцца на экскурсіі. Тым не менш, ён не хоча канфліктаў з мясцовымі ўладамі. Кажа, што наадварот, хацеў бы працаваць канструктыўна і развіваць мясцовы турызм.

Мясцовая ўлада непахісная

«Усё трэба было рабіць згодна з заканадаўствам. Перш, чым пабудаваць які-небудзь будынак, безумоўна, трэба браць дазвол, і пытанняў няма», — пракаментавала сітуацыю для Hrodna.life Наталля Станкевіч, намесьніца старшыні Ашмянскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях.

У выпадку аб’екта самавольнага будаўніцтва аб гістарычнай каштоўнасці казаць няма сэнсу, сказала «Еўрарадыё» начальніца ўпраўлення архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ашмянскага райвыканкама Ірына Рома. Яна адзначыла, што гаворка ідзе аб капітальных будынках, пабудаваных без рашэння райвыканкама ў парушэнне артыкула грамадзянскага кодэкса.

Чытайце таксама: «Кто ж знал, что там кости». Что говорят местные власти о разрушенном могильнике в Гольшанах

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024

Цэны на арэнду кватэр у Гродне пайшлі ўгору перад доўгімі выхаднымі - чакаецца лавіна турыстаў

У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…

1 мая 2024