Горад

«За першы дзень — 300 чалавек». Пункт абагрэву Чырвонага крыжа пачаў працу ў Гродне

Валанцёры Чырвонага крыжа выйшлі на вуліцу 17 студзеня, каб дапамагчы гродзенцам не замерзнуць у маразы. На аўтавакзале ўсталявалі свой чырвоны намёт. Там любы ахвотны можа атрымаць гарачы чай і, пры неабходнасці, медыцынскую дапамогу.

Валанцёры падыходзяць да людзей і прапануюць сагрэцца. Некаторыя мінакі саромеюцца і адмаўляюцца. Іншыя самі падыходзяць, каб запытаць, што тут адбываецца.

— Ці чулі вы пра акцыю ад чырвонага крыжа?

— Не, нічога не ведала. Проста вяртаюся дадому і ўбачыла, што тут можна трошкі сагрэцца. Вельмі карысная акцыя. Дзякуй арганізатарам.

Гарбатай напояць усіх

Чырвоны намёт размясціўся на пляцоўцы паміж аўтавакзалам і Скідзельскім рынкам. Падыходзілі людзі, якія толькі што прыехалі ў Гродна, тыя, хто вяртаўся з рынку, і проста мінакі.

Кропка абагрэву працавала з 10 да 16 гадзін. Па словах рэгіянальнага каардынатара праграм Чырвонага крыжа Валерыя Краеўскага, за гэты час валанцёры абагрэлі больш за 300 чалавек. На прыгатаванне гарбаты спатрэбілася каля 60 літраў вады.

Акцыя скіравана ў тым ліку на людзей без пэўнага месца жыхарства. Акрамя гарбаты, тут прапануюць вермішэль хуткага прыгатавання, каб падхарчавацца.

Некаторыя з тых, хто падыходзіў да намёта, здзіўляліся падтрымцы.

Барыс у Гродна праездам. Ён накіроўваўся ў Мінск і чакаў на вакзале свой аўтобус, калі выпадкова пабачыў намёт.

«Я нават не ведаў, што такое можа быць. Я сам з вёскі. Каб яны [аднавяскоўцы — рэд.] такое пабачылі, не паверылі бы сваім вачам. У мяне ёсць асабістая заява: калі ласка, калі будзе магчымасць, прыязджайце з такой ініцыятывай таксама ў вёскі».

Выпадкаў с неабходнасцю медычнай дапамогі ў першы дзень працы не было. Дзмітрый Лапкоўскі, адзін з супрацоўнікаў, што працаваў 17 студзеня, распавёў, што дапамаглі абагрэцца дзяўчыне, якая шмат часу правяла на марозе — доўга чакала свой аўтобус. Паўгадзіны дзяўчына правяла ў намёце Чырвонага крыжа каля цеплавой пушкі.

Паводле яго словаў, некаторыя яшчэ саромеюцца падыходзіць па гарбату, а іншыя прыходзілі па 2−3 разы. Некалькі разоў гродзенцы прасілі перадаць гарачы чай чалавеку, што жабраваў у падземным пераходзе.

Валанцёры на варце цяпла

Разам з супрацоўнікамі Чырвонага крыжа працуюць валанцёры. У нядзелю працавалі 6 валанцёраў і 4 штатных супрацоўніка. Кожныя 2 гадзіны яны змяняліся.

Усе валанцёры папярэдне прайшлі падрыхтоўку па аказанні першай дапамогі, псіха-сацыяльнай падтрымкі.

Дзяніс Федзюк стаў валанцёрам Чырвонага крыжа ў 2015 годзе. Дзяніс працуе лекарам, а вольны час прысвячае Чырвонаму крыжу. Кажа, спачатку прайшоў уводны валанцёрскі інструктаж, а потым «зацягнула».

У каманду заўсёды прымаюць добраахвотнікаў. Калі вы вырашылі стаць валанцёрам Чырвонага крыжа, звяртайцеся па тэлефоне +375(29)8820477.

Чытайце таксама: «Отмороженные лица» и «дубак челлендж». Чем занимались гродненцы в сильный мороз?

Падзяліцца

Апошнія запісы

Фантаны ў Гродне ўключаць 30 красавіка. Што ў праграме?

Сезон працы гарадскіх фантанаў у Гродне адкрыюць 30 красавіка. З 20:00 у парку Жылібера запланавана…

26 красавіка 2024

Бондарава прайграла суд гродзенскаму сайту — ёй прыйшлося выправіць свой допіс і апраўдацца

Пра тое, за што Вольга Бондарава судзілася з гродзенскім сайтам Grodno.in, яна напісала сама. Прычынай…

26 красавіка 2024

$ 3700 — за тое, што ледзь не памёр. Электразваршчык спагнаў кампенсацыю пасля падзення на кароўніку — не было абароны

Электразваршчык аднаго з прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна будаваў кароўнік без сродкаў абароны - фірма не ўкладвалася…

25 красавіка 2024

Гродзенцы хочуць ведаць, куды знікла шыльда ў гонар Касцюшкі: стварылі петыцыю ў гарвыканкам

Гродзенцы патрабуюць ад чыноўнікаў растлумачыць, куды знік памятны знак, прысвечаны побыту ў Гродне нацыянальнага героя…

25 красавіка 2024

Гродзенскі сайт падаў у суд на Бондараву: абараняе дзелавую рэпутацыю

Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Гроднаін", уладальнік партала Grodno.in, падало іск аб абароне дзелавой рэпутацыі да…

25 красавіка 2024

Беларусы праз суды даказваюць «польскасць» продкаў. Галоўны аргумент — наведванне касцёла

Каб атрымаць карту паляка, некаторыя грамадзяне Беларусі звяртаюцца ў суд. Там яны просяць памяняць нацыянальнасць…

25 красавіка 2024