У Навагрудку пачаўся суд над двума мясцовымі жыхарамі — Дзянісам Кірэшчанка і Уладзімірам Гарохам. Іх вінавацяць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. А аднаго з мужчын — яшчэ і ў публічнай абразе прэзідэнта. Абодвух — і Кірэшчанку, і Гароха — беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі, піша TUT.BY.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Падтрымаць мужчын да будынка суда ў Наваградку прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, але не ўсіх пусцілі на судовае пасяджэнне. Маўляў, з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў залу можа прайсці абмежаваная колькасць людзей.

Прысутныя пачалі гучна абурацца, потым папрасілі кнігу скаргаў, каб пакінуць там свае заўвагі. У выніку ў невялікі залу пусцілі сваякоў абвінавачаных і некалькіх журналістаў. Вялікая група падтрымкі засталася ў фае і каля будынка суда.

Чытайце таксама: Гродненцам отказывают в возбуждении уголовных дел против силовиков. Почему все равно важно жаловаться на пытки

Людзі абураюцца тым, што для судовага пасяджэння была абрана маленькая зала, і абмяркоўваюць сітуацыю з Дзянісам і Уладзімірам.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Пра сустрэчы распавядалі «неабыякавыя»

Па версіі абвінавачвання, 47-гадовы Уладзімір Гарох запланаваў і арганізаваў некалькі сустрэч з мясцовымі жыхарамі ў гарадскім пасёлку Карэлічы, Наваградку, Наваельні ў Дзятлаўскім раёне і некаторых населеных пунктах Лідскага раёна.

— Мы не ведаем, ці праводзіліся гэтыя сустрэчы, што на іх было — вядома толькі з паказанняў сведак, — абмяркоўвае група падтрымкі за дзвярыма залы суда. Людзі, вядома, незадаволеныя, што іх пазбавілі магчымасці самім разабрацца ў сітуацыі. — Быццам бы Гарох падбухторваў іншых пачаць узброены супраціў. Нібыта ў міліцыю летам тэлефанавалі неабыякавыя людзі і распавядалі пра гэтыя сустрэчы. Вось быццам бы з-за гэтых званкоў і пачалі крымінальную справу. Але канкрэтыкі ў нас мала, а яшчэ і ў суд не пусцілі!

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY
Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Па дадзеных абвінавачвання, на гэтых сустрэчах мужчына расказваў, што ў Наваградку пасля прэзідэнцкіх выбараў плануецца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Ён таксама нібыта правакаваў прысутных (а па інфармацыі следства, на сустрэчы прыходзіла 2−5 чалавек) арганізоўваць масавыя мерапрыемствы, актыўна супраціўляцца міліцыі, а таксама падпаліць будынак мясцовага РАУС і службовы транспарт. Яшчэ ён нібыта казаў, што на замкавай гары ў Навагрудку трэба будзе паставіць намётавы лагер.

Сустрэчы, на якіх усё гэта абмяркоўвалася, па версіі абвінавачвання, праходзілі ў дамах мясцовых жыхароў, у гарадскім парку ў Навагрудку, на пляцоўцы каля шынамантажу ў Карэлічах, а таксама на лясной дарозе ў Дзятлаўскім раёне.

Дзяніс Кірэшчанка
Уладзімір Гарох

«Падрыхтоўкі да асабліва цяжкага злачынства» і абраза ў Viber

Уладзімір Гарох, кажа прадстаўнік дзяржабвінавачання, распавядаў таксама, што для супраціву міліцыі ёсць магчымасць выкарыстоўваць адрэзкі арматуры. Таксама, маўляў, у рамках супраціву можна перакрыць адну з дарог спілаванымі дрэвамі.

Нічога з гэтага зроблена не было, бо дзеянні мужчыны, па версіі абвінавачвання, спынілі праваахоўныя органы.

Такім чынам, паводле слоў пракурора, Уладзімір Гарох «здзейсніў падрыхтоўку да асабліва цяжкага злачынства — арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады».

Чытайце таксама:

Таксама ён абвінавачваецца ў абразе прэзідэнта. Так, Уладзімір у адным з чатаў Навагрудка ў Viber 14 жніўня напісаў паведамленне са «зневажальнымі выказваннямі» ў адрас Лукашэнкі і «выказаў у непрыстойнай форме негатыўную ацэнку яго асобы».

Мясцовыя жыхары распавядаюць, што Уладзімір быў засмучаны тым, што яго дваіх дзяцей затрымалі ў Мінску ў першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў. Сын Уладзіміра быў моцна збіты пры затрыманні. Тады мужчына і запісаў эмацыйнае відэа, у якім жорстка выказаўся пра Лукашэнку.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Што тычыцца 36-гадовага Дзяніса Кірэшчанкі, то ён таксама, па дадзеных абвінавачвання, на адной з сустрэч, якая праходзіла на пляцоўцы каля шынамантажу ў Карэлічах, распавёў прысутным, што для аказання супраціву міліцыі можна выкарыстоўваць тэлескапічныя дубінкі, якіх можна закупіць каля 150 штук, а таксама можна выкарыстоўваць бензапілы. Яшчэ ён нібыта казаў, што ёсць і іншыя людзі, гатовыя ўдзельнічаць у масавых беспарадках, ёсць, маўляў, і магчымасць аплаты ўдзелу.

Уладзіміра Гароха затрымалі 18 жніўня, а Дзяніса — 8 жніўня.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY
Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Гараджане падтрымліваюць сям’ю абвінавачанага

Па словах блізкіх мужчыны, Уладзімір папрасіў Дзяніса, каб той падвёз яго з Навагрудка ў Карэлічы, а потым назад. Той пагадзіўся. А ноччу да Дзяніса прыйшлі з ператрусам. Затрымалі мужчыну ў гадзіну ночы. Па словах знаёмых сям'і, ператрус доўжыўся да трох гадзін ночы.

— Вынеслі тэхніку, а Дзяніса забралі. Ведаеце, я з ім за некалькі дзён да яго арышту быў у Мінскім раёне — ён мне там падмурак дапамагаў заліваць. Ніякіх такіх думак у яго не было, ён нічога не казаў, нікуды мяне, напрыклад, не клікаў і ні на што не правакаваў, — распавядае адзін з мужчын, які не трапіў у залу суда. Ён кажа, што жонка Дзяніса засталася адна з двума дзецьмі.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

— Ён быў адзіным здабытчыкам ў сям'і, яна не магла працаваць па стане здароўя. Гараджане, вядома, сям’ю не пакінулі: нехта дапамагае грашыма, нехта дапамог ёй уладкавацца на падпрацоўку, каб хоць неяк утрымліваць дзяцей, — кажуць жыхары Навагрудка.

Абвінавачаныя віну не прызнаюць.