Пасля выбараў на працаўнікоў заводу «Горадня Азот» ускладалі вялікія надзеі як на рухавік працоўнага і страйкавага пратэсту. З часам пратэставы ўздым на прадпрыемстве сцішэў, але не знік. Сёння азотаўцы працягваюць «адколвацца» ў страйк, актыўна сыходзяць з афіцыйнага прафсаюзу і далучаюцца да незалежнага, які са жніўня вырас у 20 разоў - да больш як 400 сябраў, піша Белсат.

На днях завод пакінулі апошнія штрэйкбрэхеры, хоць выпісвалі іх сюды першапачаткова да Новага года. Кіраўніцтва «Азоту» гэтак і не змагло замяніць звольненых адмыслоўцаў.

Што перашкаджае забастоўцы адбыцца? Пра гэта «Белсату» распавялі звольненыя працаўнікі.

Пратэстовец каля заводу «Горадня Азот». Фота чытачоў belsat. eu

Сэрца «Азоту»

На «Азоце» ёсць два важных цэхі, ад якіх залежыць праца ўсяго прадпрыемства: «Аміяк-3» і «Аміяк-4». Аміяк называюць крывёю заводу, гэта сыравіна амаль для ўсіх прадуктаў, што ідуць на продаж. Калі спыняцца аміячныя цэхі, то астатнім і страйкаваць не трэба — ім проста не будзе з чым працаваць.

У адным аміячным цэху працуе каля 170 асобаў, для спынення працы важны тэхналагічны персанал, які непасрэдна вядзе працэс — гэта 50 чалавек. Ёсць яшчэ механікі, слесары, электрыкі, але іх замяніць нескладана. Тэхналагічны ж персанал выконвае вельмі спецыфічную працу, такія адмыслоўцы рыхтуюцца сама менш паўгода.Такім чынам, спыненне заводу залежыць ад 100 працаўнікоў двух аміячных цэхаў.

Сяргей Шэлест: Не хачу карміць сілавікоў, якія збіваюць людзей

Сяргею Шэлесту 28 гадоў, на заводзе ён працаваў аператарам у сховішчы аміяку пры цэху «Аміяк-3».

Доўгі час Сяргей быў апалітычным, але сёлета ўсё змянілася.

Сяргей Шэлест. Фота: архіў героя.

«Імпульсам да дзеянняў пасля выбараў сталася жаночая акцыя 12 жніўня. Калі я ўбачыў дзеўчын, якія прастаялі цэлы дзень з кветкамі ў ланцугу салідарнасці, унутры нешта перавярнулася. Ну што мы, не мужыкі? Трэба і нам дзейнічаць! Тады мы ўпершыню падчас працоўнага дня выйшлі да прахадной і выклікалі на размову дырэктара. Пасля — прадстаўнікоў уладаў і сілавікоў. Наступным днём мы арганізавалі вялікі марш, у якім бралі ўдзел некалькі тысяч чалавек», — згадвае Сяргей.

Патрабаванні працаўнікоў былі палітычнымі: адстаўка Лукашэнкі, новыя выбары, вызваленне палітвязняў, спыненне гвалту на вуліцах. Часткова яны былі выкананыя: з-за кратаў выпусцілі большасць палітычных зняволеных Горадні.

Але хутка пачаўся ціск на працаўнікоў. Звольненых пачалі замяняць працаўнікамі з іншых цэхаў, якія былі гатовыя зарабіць на сітуацыі, студэнтамі і штрэйкбрэхерамі. Апошнія зараблялі ў 2,5−3 разы больш, чым азотаўцы, праўда, завадчанаў таксама паспрабавалі падкупіць павелічэннем заробкаў.

«Цяпер на прадпрыемстве працуюць з парушэннямі тэхнікі бяспекі, — сцвярджае Сяргей, — і гэта нашмат небяспечней, чым проста спыніць завод. „Азот“ — хімічнае, выбухованебяспечнае прадпрыемства, адзінае такое ў краіне. Сур’ёзную аварыю на ім паводле наступстваў можна параўнаць з Чарнобылем. Калі на вытворчасць садзяць непадрыхтаванага недасведчанага чалавека, падчас пазаштатнае сітуацыі ён можа разгубіцца і не ведаць, што рабіць».

Паводле Сяргея, цяпер дырэктар «Азоту» нічога не вызначае, кіруе нібыта чалавек, які ўзначальвае аддзел бяспекі заводу.

«Начальнік нашага цэху прыйшоў да галоўнага інжынера з хадайніцтвам, што трэба спыніць цэх, бо не стае тэхнічнага персаналу і працэс можа выйсці з-пад кантролю. Яму адмовілі. Праз некалькі дзён начальнік цэху прынёс заяву на звальненне паводле асабістага жадання. Але яму зноў адмовілі. Сказалі - пакуль такая складаныя абставіны на заводзе, будзеш працаваць да апошняга і мусіш усё кантраляваць, і калі нешта здарыцца або ты захочаш сысці, — «сядзеш», — кажа Сяргей.

Калі Святлана Ціханоўская заклікала да агульнанацыянальнае забастоўкі з 26 кастрычніка, частка азотаўцаў пастанавіла адгукнуцца. Тым днём каля 150 працаўнікоў сабралася на прахадной заводу, каб падтрымаць страйк. Але прыехалі сілавікі: затрымалі 32 чалавекі, частку работнікаў дручкамі загналі на працу.

«Сілавікі тады называлі нас быдлам, якое ўсё роўна будзе на іх працаваць. Пасля такога я больш не мог там заставацца. Напісаў заяву ў стачку. Я не быдла. Замаўчаць і супакоіцца — гэта не маё. Як можна маўчаць пасля таго, што бачыў на вуліцах пасля выбараў? Я, як і шмат маіх калег, сышоў з працы менавіта дзеля таго, каб не карміць улады і сілавікоў, якія бегаюць па вуліцах і збіваюць людзей», — кажа Сяргей.

Адмысловец распавядае, што ў цэху «Аміяк-3» раней працавала згуртаваная каманда, дзе было правілам «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго».

«У нас былі сяброўскія дачыненні. „Аміяк-3“ браў удзел ва ўсіх актыўнасцях. Першыя заявы на выхад з дзяржаўнага прафсаюзу пайшлі з нашага цэху», — распавядае Сяргей.

Але ўсё змянілася, цяпер там кожны сам. Атмасфера на заводзе вельмі напружаная: працоўныя распавядаюць, што зрабілася невыносным працаваць побач з «ябацькамі», тымі, хто нажываецца, закрываючы гадзіны звольненых. Узнікаюць канфлікты ледзь не да боек.

Андрэй Пагярыла: Забойствы і гвалт над людзьмі яны апраўдваюць страхам страціць працу

Андрэю Пагярыле 29 гадоў, ён працаваў у цэху «Аміяк-3» слесарам-рамонтнікам аміячных установак.

Андрэй Пагярыла. Фота: belsat. eu

Да падзеяў жніўня Андрэй таксама быў цалкам апалітычным чалавекам. 9 жніўня ён выпадкова апынуўся ў цэнтры гораду з сябрам.

«Каля 20 гадзін на плошчы пачаўся жах: амапаўцы з дубінкамі пачалі паляваць на мірных людзей. Побач з намі стаяла дзяўчынка гадоў з 18 — атрымала дубінкаю па твары. Я на руках выносіў яе ў бяспечнае месца. Калі гэты хаос скончыўся, дарога ад Дому сувязі да касцёлу была ў лужынах крыві. Гэта настолькі мяне ўзрушыла, што я не мог больш заставацца ў баку», — распавядае Андрэй.

На заводзе кажуць, што ім патрэбны лідар. Напачатку такім лідарам быў ініцыятар стварэння страйкаму «Азоту» Юры Рававы. Але праз ціск ён вымушаны быў з’ехаць за мяжу. Баючыся пераследу, ужо ніхто не хацеў браць на сябе лідарства.

«Таму ўсё пакрыху сцішэла. Людзей, ад якіх залежыць спыненне вытворчасці, запалохалі. На завод прыязджалі людзі з пракуратуры, КДБ, СК. Яны казалі: за сабатаж і дыверсію на прадпрыемстве ўсім пагражаюць вялікія тэрміны. Сховішча вадкага аміяку да пабудовы АЭС было самым небяспечным месцам у Беларусі і найбліжэйшых краінах СНД. Таму тут іншыя артыкулы і тэрміны, гэта не 10 содняў за мітынг, гэта 15−20 гадоў турмы», — распавядае Андрэй Пагярыла.

Паводле Андрэя, шмат хто з завадчанаў сёння сумняецца ў перамозе. Некаторыя людзі працуюць на «Азоце» 20−30 гадоў і баяцца няпэўнасці: раптам мы не пераможам, і што тады?

«Я не магу іх судзіць. Але забойствы і гвалт над людзьмі яны апраўдваюць тым, што баяцца страціць працу — гэтага я зразумець не магу», — дадае Андрэй.

Цяпер Андрэй і Сяргей могуць судзіцца і аспрэчыць свае звальненні, якія адбыліся з парушэннямі. Іх звольнілі нібыта за прагулы з 1 да 7 кастрычніка, але гэтымі днямі працаўнікі былі ў ІЧУ, даведка пра гэта раней была цалкам апраўдальным дакументам. У ІЧУ ж апынуліся за тое, што залезлі на тэлевізійную вышку і вывесілі на ёй бел-чырвона-белы сцяг.

«Ёсць магчымасць узнавіцца на працы, але пры гэтых уладах я не гатовы вяртацца на прадпрыемства. Ні пра што не шкадую. Веру, што адбудуцца перамены, гатовы рабіць для гэтага ўсё, што ад мяне залежыць. Калі жыццё прымусіць, то магчымы і варыянт ад’езду. У мяне жонка, двое дзяцей. Але не хачу з’язджаць. Буду заставацца ў краіне да апошняга», — кажа Андрэй.

Не хоча больш працаваць на дзяржаву і Сяргей Шэлест. Ён думае пра адкрыццё сваёй справы, але да Новага года ўзяў тайм-аўт.

«Мне падаецца, калі ёсць магчымасць дапамагчы нашай краіне, то трэба гэта рабіць. Добрага жыцця з гэтымі ўладамі ўжо не будзе. З’язджаць з краіны не хочацца, тут усе родныя, сябры, усё жыццё. Ад’езд — апошняе, на што я пайду», — кажа Сяргей.

Уладзімір Жураўко: У сітуацыі, калі можна ўсё змяніць, людзі выбіраюць шлях баязліўцаў

Уладзіміру Жураўко 35 гадоў, з іх практычна 15 гадоў ён працаваў на заводзе. У цэху «Аміяк-3» быў аператарам дыстанцыйнага пульту ўпраўлення — кантраляваў тэхналагічны працэс.

Чаму забастоўка правалілася? На ягоную думку, на самым пачатку кепска спрацавалі фонды і сам страйкам. Калі б працаўнікі ведалі, якія ўмовы і дапамогу могуць прапанаваць фонды, у стачку сыходзілі б больш актыўна.

Уладзімір Жураўко. Фота: belsat. eu

«Да нас не данеслі, якія ёсць патэнцыял і падтрыманне. Цяпер сітуацыя выпраўляецца», — распавядае Уладзімір.

У жніўні Горадня праславілася на ўсю Беларусь як адзіны горад, дзе мясцовыя ўлады пайшлі на саступкі пратэстоўцам. Праўда, толькі на чатыры дні. Калі ў Горадню прыехаў новы прызначаны губернатар Уладзімір Каранік, улады адмовіліся ад сваіх абяцанняў, абвесцілі ўсе акцыі несанкцыянаванымі, пачаўся ціск на актывістаў. Кіраўніцтва «Азоту», якое напачатку было салідарным з працоўнымі, адмовілася іх падтрымаць.

«4 дні свабоды ў Горадні згулялі шмат з кім злы жарт. Калі мы выходзілі дзясяткамі тысяч на плошчы і маршы, шмат хто расслабіўся і падумаў, што ўсё, мы перамаглі. Ніхто ўявіць сабе не мог, што Лукашэнка хоць неяк цяпер можа застацца пры ўладзе», — кажа Уладзімір.

Яшчэ адна прычына — страх шмат каго з працаўнікоў «Азоту».

«Пры ўсім падтрыманні, у сітуацыі, калі можна ўсё змяніць, людзі выбіраюць шлях баязліўцаў. Беззаконне, што адбываецца ў краіне, іх нібыта не датычыць. Але менавіта праз іхную маўклівую згоду забіваюць людзей проста ў дварах, лекары сядзяць у СІЗА. Праз гэтую пасіўнасць будзе яшчэ больш ахвяраў, і ахвярамі будуць найлепшыя.

Калі ў жніўні я хадзіў на плошчу і бачыў там тысячы беларусаў, я проста ўлюбіўся ў нашую нацыю. Вырасла пакаленне светлых, разумных, прыгожых, моцных людзей. І гэтыя людзі, якія змагаюцца, больш за ўсё і пакутуюць праз пасіўнасць астатніх. Іх затрымліваюць, саджаюць, звальняюць. Колькі цудоўных беларусаў з’ехала і колькі яшчэ з’едзе. І гэта вельмі прыкра", — кажа Уладзімір.

Разам з тым, ён адзначае, што на заводзе ёсць яшчэ людзі, якія не апусцілі рук і падтрымліваюць тых, хто далучыўся да страйку. Завадчане паціху саспяваюць і сыходзяць у стачку. Але каб ад гэтага быў эфект, трэба страйкаваць масава і разам.

На думку Уладзіміра, у кожны момант у краіне можа ўсё змяніцца. Новы крызіс станецца імпульсам для чарговых масавых выхадаў на вуліцы і спробаў страйкаваць.

«Адзін з напрамкаў, якім мы займаемся цяпер, — развіццё Беларускага незалежнага прафзвязу. Вельмі патрэбна асветніцкая дзейнасць: людзі па 20 гадоў застаюцца ў прафзвязе і не ведаюць, якія „плюшкі“ з гэтага могуць атрымаць. Не бачу сэнсу цяпер ісці кудысьці працаваць і плаціць падаткі, каб карміць сілавікоў і ўлады. Хаджу пад тымі ж рызыкамі, праз якія паз’язджалі мае калегі. У мяне таксама ёсць думкі пра ад’езд, але пакуль я застаюся. Не хачу кідаць краіну, бо веру, што магу тут быць яшчэ карысным», — падсумаваў Уладзімір.