Фотакалендар на 2021 год «Гэта МЫ» ўжо адзняты. Там будуць знаёмыя краявіды, беларускія сюжэты і героі ў нацыянальных касцюмах. У падборку ўвайшлі 12 фатаграфій. Частку з іх чытачы Hrodna.life ужо бачылі. Пра тое, што засталося за кадрам, распавяла Наталля Марозава, жонка і калега фатографа. У гэтым праекце яна здымала фота- і відэа бэкстейдж.
Сапраўдная Містыка і апошняя Кропля (цярпення)
Для гэтага кадра, па задумцы Марозава, конь павінен быў стаць на дыбкі. Пару гадзін угавораў - і ён застыў у паветры. Думаеце, гэта містыка? Так і ёсць. Гэты конь — Містыка. Здымка праходзіла ў вёсцы Новікі, каля Ласосна.

Вось як успамінае пра здымкі Наталля:
«Містыка — белы з чорнымі плямамі-яблыкамі конь. У Містыкі на грыве роўныя чорныя касічкі. Выглядае прыгожа. Надзя [наезніца — рэд.] прызнаецца, што ўжо «задубела», але для кадра імкнецца не дрыжаць. Конь прымае з рук пачастунак і радасна б’е капытом. Але не скача. Яшчэ пару дубляў і кадр словлен.
На фотасесію выходзіць сціплы конь Кропля — з Андрэем і трапяткім сцягам на спіне. Кропля вельмі саромеецца. Ёй таксама нясуць пачастунак і стараюцца не палохаць. «Яна па дыяганалі не ходзіць? — цікавіцца Сяргей. Згулялі б у шахматы. Поле ёсць, коні таксама».
Здымак з Містыкай і Кропляй будзе ілюстраваць жнівень.
Самая рамантычная фотасесія календара
«Прыгожая пара Коля і Каця — захапляюцца псіхалогіяй і байкамі. З байкерамі наогул прыемна мець справу, прыязней за іх толькі грузіны. Яшчэ ў нашай камандзе сёння візажыст Марыя. Яна не пабаялася працаваць на паляне ў лесе».

Гэтым разам на макіяж і прыстрэлку сышло паўдня. Усё роўна трэба было дачакацца змяркання. На задуманай фатаграфіі - сюжэт для студзеня, хоць здаецца, што цяпер паплывуць па вадзе купальскія вянкі. Але гэта — магія фота. Насамрэч на вуліцы позняя восень.

Боты-нескараходы і здымкі на Нёмане
«Ідзем уздоўж Нёмана, спускаемся да ракі па лесвіцы, — піша Наталля. — Сяргей апранае рыбацкія боты і рыхтуецца да здымкі. Марыя — акторка. А сёння — мадэль у нацыянальнай вопратцы з вянком на галаве. Тут вельмі маляўніча і халодна. Сяргей на руках нясе Марыю на сярэдзіну ракі і ставіць на камень.

Фотасесія доўжыцца нядоўга, але весела. Потым Сяргей тупае да Марыі, закідвае яе на плячо і нясе да берага".
«Дзякуй нябеснай канцылярыі!»
Сяргей Марозаў распавёў, што адна з «фішак» спантанна арганізаванага праекта — зняць за адзін месяц усе часы года. Але ўсё склалася вельмі ўдала.

«Бывала, што раніцай дождж і моцны вецер. А пасля абеду, калі прызначаныя здымкі, станавілася ціха і выглядала сонца. Ці адразу пасля „летніх“ фотасесій надвор’е псуецца, а нам для наступных запланаваных здымак так і трэба было, — кажа Сяргей Марозаў. — Дзякуй за гэта нябеснай канцылярыі!»
- Што паглядзець у Гродне? Фатограф Сяргей Марозаў прадставіў відэагід для турыстаў з вышыні птушынага палёту
- Сяргей Марозаў прадставіць «вогненныя» фотаздымкі на прэзентацыі праекта In Flamma Ignis
- Гродзенскі фатограф зрабіў атмасферныя здымкі новага кола агляду
- Выглядае шэдэўральна: паглядзіце з вышыні на дарогі Гродна і аўтамабілістаў. Новае відэа ад Сяргея Марозава