Генерал-маёр Юры Назаранка прызначаны на пасаду першага намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Пул Первого», піша TUT.BY.
Раней Юры Назаранка займаў пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі.

Да яго пасаду першага намесніка кіраўніка МУС займаў Генадзь Казакевіч. Ён атрымаў гэты пост у лютым 2020 года. Ён захоўвае пасаду намесніка міністра (але без прыстаўкі «першы» і застаецца начальнікам крымінальнай міліцыі).
«Раней першым намеснікам быў той, хто курыруе крымінальную міліцыю. Цяпер — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі. Таго патрабуе сітуацыя і час», — гаворыцца ў паведамленні Telegram-канала.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прызначыў кіраўніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова намеснікам міністра ўнутраных спраў-камандуючым унутранымі войскамі.
Хто такі Юры Назаранка
Юрыю Назаранка 44 гады. Ён родам са Слоніма Гродзенскай вобласці.
Нарадзіўся 17 красавіка 1976 года ў Слоніме Гродзенскай вобласці. Бацька — афіцэр, служыў у ваенна-паветраных сілах. Сям’я пераязджала разам з бацькам па розных кропках былога Савецкага Саюза, а пасля распаду СССР вярнулася ў Беларусь.
Скончыў факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Пасля быў размеркаваны ў частку 3214. Прайшоў кваліфікацыйныя выпрабаванні на права нашэння крапавага берэта.
Праходзіў навучанне на камандна-штабным факультэце Ваеннай акадэміі Беларусі. У чэрвені 2009 года стаў першым намеснікам камандзіра часткі - начальнікам штаба вайсковай часці 5526 у Берасці. З сакавіка 2010 года па кастрычнік 2014 года служыў у розных падраздзяленнях Службы бяспекі прэзідэнта.
У кастрычніку 2014 года прызначаны камандзірам Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) вайсковай часткі 3214. З сакавіка 2018 года кіраваў штабам Службы бяспекі прэзідэнта.
15 кастрычніка 2019 года прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — камандуючым унутранымі войскамі.
Уключаны ў санкцыйны спіс краін Балтыі ў сувязі з тым, што сваімі дзеяннямі ён арганізаваў гвалтоўнае падаўленне мірных пратэстаў.
Хто такі Мікалай Карпянкоў
Мікалаю Карпянкову 52 гады, мінчанін, скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Пасля — Ульянаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча.

Чатыры гады адслужыў у 120-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, а потым два гады працаваў на аператыўных пасадах у органах унутраных спраў Беларусі.
Пасля ўзначаліў баявую групу падраздзялення «Беркут», на базе якога было створана антытэрарыстычнае спецпадраздзяленне МУС «Алмаз».
Восем гадоў працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта, адначасна скончыў Акадэмію МУС.
З 2003 па 2010 год служыў камандзірам спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». У 2011 годзе прызначаны начальнікам 6-га ўпраўлення (па супрацьдзеянні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам) Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Праз год перайшоў на пасаду кіраўніка ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС.
У 2014 годзе стаў начальнікам Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі. Шырокая грамадскасць даведалася пра Мікалая Карпянкова 6 верасня гэтага года. Падчас мірнага пратэсту у Мінску Мікалай Карпянкоў разбіў дубінкай шкляныя дзверы ў кафэ O’Petit — там хаваліся ўдзельнікі акцыі.
Былыя сілавікі сталі дыпламатамі
Былыя кіраўнікі сілавых ведамстваў ўзначалілі амбасады Беларусі ў Арменіі, Азербайджане і Кітаі, піша TUT.BY.
Экс-генпракурор Аляксандр Канюк узначаліў Беларускую дыпмісію ў Арменіі.
Былы дзяржсакратар Савета Бяспекі і міністр абароны Андрэй Раўкоў стаў паслом у Азербайджане.
Раўкоў і Канюк пакінулі свае пасады 3 і 9 верасня адпаведна.
А вось кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько заставаўся на сваёй пасадзе да апошняга часу. Але цяпер ён камандзіраваны паслом у Кітай. Мінск падбіраў кандыдата для дыпмісіі ў КНР 5 месяцаў.
Министром культуры назначен человек, который ни дня не работал в этой сфере