Пад Гродна трагічна загінуў пластычны хірург і ўрач-отарыналарынголаг Генрых Хораў. Аб смерці лекара паведамляецца ў акаўнце кафедры отарыналарынгалогіі ГрДМУ. Трагедыя адбылася 11 лістапада.

Генрых Хораў — урач першай катэгорыі. Працаваў у клініцы «Росмед». Ён з гродзенскай дынастыі Шаўцовых — Хоравых, якая налічвае пяць пакаленняў лекараў, піша TUT.BY. Яго бацька — Алег Хораў — з’яўляецца загадчыкам кафедры отарыналарынгалогіі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Дзед — Генрых Хораў — быў дырэктарам Юрацішскага медыцынскага вучылішча, намеснікам галоўнага ўрача Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, загадчыкам горздраўаддзела, галоўным урачом Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Брат Генрыха — Антон Хораў — урач-анколаг, кандыдат медыцынскіх навук, онкахірург Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, маці Наталля Хорова — урач-тэрапеўт.

Па словах знаёмых Генрыха Хорова, трагедыя адбылася на трасе М6 недалёка ад Скідзеля. У машыне скончыўся бензін — і мужчына пайшоў з каністрай у бок запраўкі.

— Было цёмна, ён выйшаў з каністрай з аўтамабіля і пайшоў уздоўж дарогі. І яго збіла машына, — кажуць знаёмыя Генрыха. — Вельмі шкада, што так атрымалася. Ён быў цудоўным, пазітыўным, светлым чалавекам і выдатным спецыялістам.