нерухомасць у Гродне

У Гродне 22 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёну аштрафавалі грамадска-палітычнага актывіста Мікалая Саляніка. Суддзя Руслан Гурын прысудзіў яму па арт. 23.34 40 базавых (1080 рублёў) штрафу за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 23 жніўня, піша harodniaspring.org.

У судзе ў якасці сведкі выступіў прадстаўнік міліцыі. У пачатку судовага паседжання Мікалай Салянік заявіў адвод суддзі і патрабаваў, каб паседжанне вялося на роднай — беларускай мове. Гэтыя хадайніцтвы Гурыным былі адхілены.

На працэсе Мікалай Салянік спасылаўся на тое, што згодна з Канстытуцыяй, грамадзяне маюць правы на мітынгі і дэманстрацыі. Таксама ён сцвярджаў, што галоўным законам у нашай краіне з’яўляецца Канстытуцыя і яна з’яўляецца галоўнай у адносінах да іншых законаў. Таму сам Мікалай Салянік не адмаўляўся, што ў той дзень быў на плошчы Леніна, але ён падкрэсліў, што не ведаў пра незаконнасць мерапрыемства і не было супрацоўнікаў міліцыі, якія б у мікрафон гаварылі, што гэта незаконнае мерапрыемства.

Мікалаю Саляніку 65 гадоў, ён — член Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Інвалід другой групы па хваробе сэрца. Вядомы сваімі перформансамі і неадназначнымі выказваннямі.

Ланцуг у залі суда. Мікалай 21 студзеня 2020 года абскарджваў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна, які прысудзіў яму агулам 45 базавых за акцыю за незалежнасць. Падчас паседжання ў знак пратэсту ён прыкаваў сябе ланцугом да бар’ернай стойкі ў залі суда і адмовіўся пакідаць памяшканне. Супрацоўнікам дэпартамента аховы прыйшлося выклікаць МНС, каб вызваліць актывіста ад ланцуга. Актывісту прысудзілі 15 базавых за непавагу да суда.

Роба зняволенага. 13 верасня 2019 года на Савецкай плошчы ў межах перадвыбарчага пікета выйшаў Мікалай Салянік. У цэнтр Гродна ён выйшаў у робе зняволенага, з калодкай і ланцугом. 22 лістапада 2018 года ён прыйшоў на судовае паседжанне таксама ў робе зняволенага і з драўлянай калодкай.

Выказванні пра Гітлера. Давераная асоба Святланы Ціханоўскай Мікалай Салянік сказаў на пікеце ў Гродне 26 ліпеня 2020 года, што Беларусі патрэбны харызматычны лідар, як Гітлер. Такім лідарам можа стаць Святлана Ціханоўская, заявіў актывіст. Гродзенцы абурыліся такім параўнаннем. Святлана Ціханоўская выдаліла яго з ліку давераных асобаў.

Заматаў рот скотчам. 26 лістапада 2018 года ў судзе Ленінскага раёна Гродна разглядалі справу кіраўніка Гродзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалая Саляніка. За акцыю 7 лістапада суд пастанавіў аштрафаваць актывіста на 35 базавых велічынь — 857 рублёў. Падчас пасяджэння Салянік заматаў сабе рот скотчам і быў выдалены з залы суда за парушэнні.