Сяргей Астраўцоў прадставіў 21 кастрычніка ў Гродне кнігу «Спадар Свабода» — пра рэдактара газеты «Свабода» Ігара Герменчука. Гэтая кніга — сучасны біяграфічны раман, піша racyja.com.

Ігар Герменчук — беларускі журналіст і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, былы рэдактар забароненай газеты «Свабода», заснавальнік часопісу «Кур'ер». Памёр у 2002 годзе ад раку.

Ігар Герменчук у 1991 годзе ў 30 гадоў стаў рэдактарам газеты «Свабода». Пракуратура чатыры разы заводзіла на яго крымінальныя справы за публікацыі пра прэзідэнта. У 1997 годзе «Свабоду» забаранілі. У 1998 годзе Ігар Герменчук аднавіў газету пад назвай «Навіны». Таксама Герменчук заснаваў часопіс «Кур'ер».

11 красавіка 1995 года Ігар Герменчук быў сярод дэпутатаў, якія абвясцілі галадоўку пратэсту супраць рэферэндуму пра дзяржаўную мову і сімволіку. У ноч на 12 красавіка 1995 дэпутатаў выкінулі з залі паседжанняў, іх збіў АМАП і спецназ.

Сяргей Астраўцоў упэўнены, што яго сябра і рэдактар Ігар Герменчук быў бы рады назіраць сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі.

— Сёння мы бачым, што Беларусь змянілася. Ніхто не чакаў гэтага. <…>. Сёння аднавілася змаганне за свабодную Беларусь. Мы гэта бачым, — сказаў Сяргей Астраўцоў.

Кнігу можна замовіць бясплатна праз сайт Радыё Свабода ці напісаўшы Сяргею Астраўцову.