Нявызначанасць развіцця палітычнай сітуацыі ў Беларусі стварае рызыкі для транзіту расійскага газу ў Еўропу па газаправодзе «Ямал — Еўропа». Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах «Газпрома» для інвестараў у еўрааблігацыі, піша TUT.BY.

— Бягучая палітычная нестабільнасць у Беларусі і нявызначанасць адносна будучага развіцця сітуацыі павялічваюць рызыкі для дзейнасці нашай даччынай кампаніі «Газпром трансгаз Беларусь», у прыватнасці, рызыкі збояў транзіту газу па беларускім участку газаправода «Ямал — Еўропа», — сказана ў дакументах.

У цяперашні час «Газпром» мае шэраг складанасцяў у працы ў Беларусі. Мінск вінны расейскай газавай манаполіі не менш за 330 млн даляраў за пастаўленыя вуглевадароды. Улады Беларусі абяцаюць урэгуляваць пытанне за кошт крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 500 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, група «Газпром» страціла кіраванне ў Белгазпрамбанку пасля ўвядзення часовай адміністрацыі Нацбанка Беларусі.