Крыптавалютная біржа Kuna. io і фонд салідарнасці BYSOL запусцілі краўдфандынг, разлічаны на дапамогу тым, «хто быў рэпрэсаваны або страціў працу праз удзел у забастоўках або мірных акцыях пратэсту ў Беларусі». «Мы падтрымліваем дзяржаўных служачых і супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія пакінулі свае пасады ў знак пратэсту супраць гвалту над дэманстрантамі і фальсіфікацыі выбараў», — адзначаюць арганізатары. Фонд BYSOL фінансава дапамагае тым, хто страціў працу праз палітычныя рэпрэсіі, а крыптабіржа ў сваю чаргу аказвае дапамогу з пераводам сродкаў, піша TUT.BY.

Украінскі крыптавалютчык Міхаіл Чабанян таксама заявіў, што крыптобіржа сумесна з BYSOL стварыла спецыяльную краўдфандынгавую старонку.

«З сённяшняга дня я адкрыта заяўляю аб падтрымцы брацкага народа — беларусаў. Я звязаўся з арганізатарамі фонду BYSOL, і мы стварылі для іх краўдфандынгавую старонку. Зараз дапамагчы беларусам стала лягчэй. Не — гвалту, так — дыялогу», — адзначыў Міхаіл Чабанян.

На краўдфандынгавай старонцы гаворыцца, што на дапамогу могуць разлічваць тыя, «хто быў рэпрэсаваны або страціў працу з-за ўдзелу ў забастоўках або мірных акцыях пратэсту ў Беларусі». «Мы падтрымліваем дзяржаўных служачых і супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія пакінулі свае пасады ў знак пратэсту супраць гвалту над дэманстрантамі і фальсіфікацыі выбараў», — напісана на краўдфандынгавай старонцы.

Чытайце таксама: В Гродно разработали приложение «GrodnoSOS»: оно поможет, если вас задержали или вы попали в беду

Праз гэтую пляцоўку можна пераводзіць на дапамогу звольненым у тым ліку біткоіны.

Колькі грошай сабраў фонд BYSOL і колькі чалавек атрымала дапамогу

Для тых, хто пацярпеў і пазбавіўся працы праз палітычныя рэпрэсіі, фонд BYSOL сабраў амаль 2 мільёны 150 тысяч даляраў. Ахвяраванні зрабілі больш за 34 тысяч чалавек.

На пачатак кастрычніка па дапамогу ў фонд звярнулася больш за 1320 чалавек, паведамляе BYSOL. З іх 325 ўжо атрымалі дапамогу. Агульная сума выплат склала больш за 480 тысяч еўра. Паглядзець гісторыі тых, хто страціў працу і атрымаў матдапамогу, можна па спасылцы. Сярод гэтых людзей — былы следчы Андрэй Астаповіч, які звольніўся і з’ехаў з краіны пасля выказвання сваёй пазіцыі з нагоды таго, што адбывалася пасля прэзідэнцкіх выбараў, былы падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Ахрэмчык, які звольніўся па маральных меркаваннях, былы намеснік начальніка ізалятара часовага ўтрымання УУС аблвыканкама, маёр міліцыі Сяргей Каўрыга, працаўнікі заводаў, дзяржаўных СМІ, работнікі культуры і многія іншыя.

Стандартная выплата складае 1500 еўра — прыкладна тры сярэднія зарплаты па краіне.

Хто і як можа звярнуцца за выплатай у Фонд салідарнасці

Каб звярнуцца па выплату, трэба запоўніць кароткую форму. У ёй некаторыя асабістыя і кантактныя дадзеныя, а таксама тое, якая менавіта дапамога патрэбна (фінансавая, у пошуку працы, у пераездзе). Таксама звольнены чалавек павінен запісаць відэазварот і расказаць аб тым, чаму яго звольнілі. Адзін з каардынатараў праекта Фонду салідарнасці BYSOL праваабаронца і валанцёр Андрэй Стрыжак тлумачыў, што, паколькі людзей звальняюць за перакананні, выказаныя публічна, яны могуць паўторна публічна іх прагаварыць.

Ці трэба плаціць падатак з матэрыяльнай дапамогі і ці спаганяецца камісія з ахвяраванняў

Па законе кожны беларус мае права атрымаць пэўную суму ў падарунак і не плаціць з яе падаходны падатак. Як раней расказвала падатковая кансультантка Марына Грыгарчук, у гэтым годзе сума дарэння, не абкладзеная падаткам, складае 7003 рубля. Гаворка ідзе пра ўсю суму, атрыманую з розных крыніц на працягу года. Кампенсацыя з Фонду салідарнасці, якую на гэтым тыдні атрымаў працаўнік МАЗа, склала 4600 беларускіх рублёў. Гэта менш за ўстаноўленую законам суму, так што дэклараваць яе і плаціць з яе падатак не трэба.

Аднак трэба ўлічваць усю суму, падораную на працягу года. Калі з улікам іншых падарункаў (напрыклад, на святы) яна перавысіць 7003 рублі, то з сумы перавышэння трэба будзе заплаціць падатак па стаўцы 13%, а таксама падаць падатковую дэкларацыю па выніках 2020 года.

У BYSOL удакладняюць, што Facebook не спаганяе з ахвяраванняў на асабістыя мэты камісію за выкарыстанне платформы, аднак з кожнага ахвяравання будзе спаганяцца 1,51% + 0,30 EUR на пакрыццё камісій іншых асоб за апрацоўку плацяжоў.